Путешествия с Владимиром Субботом. Семежево: нематериальное культурное наследие ЮНЕСКО

Семежава: старыя звычаі аграгарадка будучыні

З глыбокай мінуўшчыны дайшлі традыцыі і звычаі святкавання Каляд. У віцебскіх вёсках моладзь “жаніла Цярэшку”, нарачанскія калядоўшчыкі “водзяць казу”. У палескім Давыд-Гарадку ладзіцца зімовы карнавал, які  атрымаў назву “Конікі”. У капыльскім Семежаве адноўлены абрад “Калядныя цары”, які знаходзіцца ў Спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. 



Упершыню Семежава пісьмова ўзгадваецца ў другой палове ХV стагоддзя, як уладанне слуцкіх князёў Алелькавічаў. У 1578 годзе атрымала статус мястэчка. Разбуральны след пакінула тут Паўночная вайна, што доўжылася амаль два дзесяцігоддзі. 

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай паселішча апынулася ў Слуцкім павеце Мінскай губерні Расійскай імперыі. Крыжы двух драўляных праваслаўных храмаў узвышаліся над сялянскімі падворкамі. Адчынілася школа. Дзейнічалі кравецкая, гарбарная, ткацкая майстэрні. 

У дваццатыя гады мінулага стагоддзя тут фарміраваўся Грозаўскі полк вядомага Слуцкага ўзброенага чыну. 

З 1924 года Семежава — цэнтр сельсавета, пасля калектывізацыі — калгаса Чырвонаслабодскага, а потым Капыльскага раёна. У 1938 годзе статус мястэчка паніжаны да вёскі.



У ліпені 1941 года нямецка-фашысцкія захопнікі загубілі 52, у красавіку 1943-га — 13 мірных жыхароў. За сувязь вяскоўцаў з партызанамі карнікі спалілі амаль палову Семежава. Мемарыялам увекавечаны ахвяры Вялікай Айчыннай вайны. 

З першых мірных дзён аднавіў дзейнасць калгас, рэфармаваны ў ААТ. Цэнтральная сядзіба яго — вёска Семежава — атрымала статус аграгарадка. Тут нарадзіўся і вырас вядомы вучоны-аўтаканструктар Герой Беларусі Міхаіл Высоцкі.

Капыльскі аграгарадок Семежава, куды завітаў у чарговую вандроўку, збірае ў калядныя дні аматараў народных традыцый. Яны едуць, каб пагля­дзець і паўдзельнічаць у цікавым абрадзе, які штогод ладзіцца 13 студзеня. Карані яго вядуць у пачатак мінулага стагоддзя, калі ў мястэчку стаяла царскае вой­ска. Зімовым часам вайскоўцы дзеля забавы пераапраналіся ў цароў, сялян, казачных герояў і цешылі народ гумарыстычнымі выступленнямі. Гаспадары адор­валі іх пачастункамі. 

Кіраўнік спраў сельвыканкама Вікторыя КУНАШ-ЛІТВІНА

Калі ваенныя пакінулі вёску, тутэйшыя падхапілі і дапоўнілі дзеянне святкавання. Назвалі абрад “Калядныя цары”. З часам ён заціх, а затым і знік. Чвэрць стагоддзя таму завядзёнку ад­на­вілі.

Дырэктар Цэнтра культуры і адпачынку Таццяна Шаура і мастацкі кіраўнік Юлія Стрэлкіна, з якімі сустрэўся, рас­ка­залі, як распытвалі ў ста­ра­жы­лаў пра абрад. Каб зай­мець пастаянныя касцюмы для ўдзельнікаў, зладзілі фестываль, на які запрасілі кіраўнікоў грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы”. Сталічныя госці дапамаглі сродкамі на пашыў касцюмаў. “Каляднымі царамі” ў святочны вечар становяцца тутэйшыя мужчыны. Яны пераапранаюцца ў белыя строі, на грудзях крыж-накрыж мацуюць чырвоныя семежаўскія паясы з традыцыйным арнаментам. На галовах — высокія шапкі, упрыгожаныя рознакаляровымі стужкамі. Акрамя галоўных ге­рояў дзеяння Максіміляна і Мамая, гурт дапаўняюць Дзед і Баба, Лекар, Музыка, Барабаншчык, Механоша і іншыя персанажы. Як толькі звечарэе, яны адпраўляюцца ад Дома культуры па аграгарадку. Крочаць ад падворка да падворка і разыгрываюць гісторыка-рэлігійную драму «Цар Максімілян» з «батальнымі» сцэнамі, сакрэтамі народнага лячэння. Калі зусім сцямнее, успыхваюць паходні і шэсце працягваецца. 

Загадчыца музея Героя Беларусі Міхаіла Высоцкага Святлана ШЧЭРБА з наведвальнікамі

Права стаць “калядным царом” сёлета атрымаў сталічны студэнт Ігар Рамашка, які на свята прыехаў дамоў. Разам з ім у царскіх строях будуць віншаваць землякоў аграном гаспадаркі Яўген Ігнатчык, будаўнікі Ула­дзі­мір Літвін і Аляксандр Пар­чанаў, жывёлавод Аляксей Шаш­ноў, слесар Яўген Кухарэнка, механізатар Сяргей Кіеня. Акрамя дарослых у абрадзе ўдзельнічае і дзіцячы гурт, дзе роля “каляднага цара” выпала дзесяцікласніку Мі­ха­ілу Брагіну. У святочны дзень аграгарадок чакае замежных гасцей, мінчан, жыхароў райцэнтра, навакольных вёсак. 

У Семежаве гасцей народнага абраду “Калядныя цары”, які ўключаны ў спіс нематэрыяльных культур­ных каштоўнасцей ЮНЕСКА, частуюць прыгатаванымі па спецыяльных рэцэптах юхай, мачанкай, блінамі, саладухай, варэнікамі і бульбяным пюрэ, зап­раў­ле­нымі макам, аўсяным кісялём, бураковым квасам, клінковым сырам, запечанымі яблыкамі. Аддзел культуры Капыльскага райвыканкама выдаў для турыстаў буклет з апісаннем прыгатавання такіх страў.

Маладыя спецыялісты ААТ “Семежава” Наталля ЧОПІК і Святлана ЛАВАЧНІКАВА

Гасцей чакаюць і ў раённым Цэнтры ткацтва, куды прывяла мяне вандроўка. У светлых пакоях былога калгаснага музея ўстаноўлена шэсць драўляных станкоў, на якіх вырабляюцца посцілкі, ручнікі, сурвэткі, абрусы. Кожны жадаючы пад наглядам вопытных майстроў можа праверыць і свае здольнасці. 

Кіраўнік цэнтра Таццяна Волкава ўзгадала, як шукалі па вёсках кросны. Два станкі атрымалі ад жыхароў Семежава. Яшчэ два купілі ў суседняй вёсцы Праснакі і два заказалі ў старадарожскіх майстроў. За чатырнаццаць гадоў дзейнасці званне народных атрымалі сем майстрых. На нашых вачах адна з іх — Вера Нікалаевіч — стварала за кроснамі чарговы шэдэўр. За суседнім станком мудрагеліла над узорам пояса Наталля Сафронава, якая працуе тут майстрам-метадыстам. Ткацтвам захапіла свайго сына Данілу. Юнак сёлета заканчвае сярэднюю школу. Хочацца спадзявацца, што не расстанецца з унікальным заняццем. Пяцёра хлопчыкаў і дзевяць дзяўчынак у гуртку ткачоў.

Дырэктар Цэнтра культуры і адпачынку Таццяна ШАУРА і мастацкі кіраўнік Юлія СТРЭЛКІНА

Лоўка вырабляе паясы дзе­ся­ці­гадовы сын дырэктара цэнтра Раман Волкаў. Летась ён стаў ла­ўрэатам рэспубліканскага фестывалю рамёстваў “Вясновы букет”. 

Летась семежаўцы адзначалі 150 гадоў заснавання школы. У новым тыпавым будынку размешчана ўстанова адукацыі “Семежаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад — сярэдняя школа імя М. С. Высоцкага”. Паўгода таму ўзначаліла пед­ка­лек­тыў Алена Сянюк, з якою сустрэліся. Алена Віктараўна задаволена, што колькасць вучняў паступова павялічваецца. У першым класе ў тры разы больш выхаванцаў, чым летась выпусцілі. Старшакласнікі атрымліваюць будаўнічыя спе­цы­яль­насці ў Капыльскім дзяржаўным агракаледжы, а ў раённым цэнтры ткацтва засвойваюць асновы гэтага рамяства.

Трактарыст Аляксандр МАКСІМЧЫК

Выпускнікі школы працуюць у гаспадарцы. Міхаіл Галец з адзнакай закончыў Беларус­кую дзяржсельгасакадэмію і вяр­нуўся інжынерам-механікам. Ва­сіль Есмантовіч атрымаў у ста­ліцы вы­шэй­шую адукацыю і стаў ін­жы­не­рам-энергетыкам. Не прывабіла ста­ліца Аляксандра Максімчыка. Пас­ля заканчэння індустрыяльна-педагагічнага каледжа ў Семежаве сеў за руль “Амкадора-342”. Жонка Анастасія Сяргееўна — бухгалтар сельвыканкама. Дачка ў іх падрастае. Маладыя купілі дом, пераабсталёўваюць яго і сёлета спадзяюцца туды перабрацца. 

Прафесію трактарыста-ма­шы­ніс­та атрымалі ў Капыльскім дзяр­жаўным аграліцэі і працуюць ме­ханізатарамі тры Сяргеі: Астапеня, Кіеня і Харковіч. Гэты каледж скончыў і Глеб Ахрыменка. Ра­зам з маці Наталляй Анатольеўнай і братам Уладзіславам прыехаў на Капыльшчыну з сонечнага Крыма. Глеб працуе электрыкам і настроены далей вучыцца. Маці даглядае цялят на ферме. Уладзіслаў — школьнік.  

Сям’я святара Паўла і матушкі Анжэлы БРАГІНЫХ

Гонар Семежава — Герой Бе­ла­русі Міхаіл Высоцкі, імя яко­га прысвоена вучэбна-пе­да­га­гічнаму комплексу дзіцячы сад — сярэдняя школа. У родным доме слыннага земляка дзесяць гадоў таму адчыніўся музей. На ўрачыстасць прыязджаў Міхаіл Сцяпанавіч. Цікава было пазнаёміцца ў музеі з жыццёвым шляхам сялянскага сына, які ўзняўся да сусветных вяршынь славы.

Паўстагоддзя ён працаваў на Мінскім аўтазаводзе. Пад яго кіраўніцтвам створана сямей­ства аўтамабіляў МАЗ. Практыч­ную дзейнасць Міхаіл Сцяпанавіч спалучаў з навуковай. Абараніў кандыдацкую і доктарскую ды­сер­тацыі. З 1992 па 1997 год працаваў віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук. Кіраваў навуковымі ўстановамі машынабудавання. Яго імя ўнесена ў спіс 5000 выбітных навукоўцаў ХХ стагоддзя. 

Электрык сельгаспрадпрыемства Глеб АХРЫМЕНКА.

Моцную сувязь трымаў вучоны з землякамі. На шматлікіх фотаздымках, размешчаных на стэндах музея, адлюстраваны моманты сустрэч яго з семежаўцамі. Загадчыца музея, настаўніца роднай мовы і літаратуры Святлана Шчэрба расказала, што дзякуючы шчодраму падарунку Міхаіла Высоцкага ў школе адным з першых у раёне быў створаны камп’ютарны клас. 

Пра сяброўства геніяльнага аўтаканструктара са старшынёй калгаса Іванам Малюжыцам узгадала інспектар па кадрах ААТ “Семежава” Галіна Анашка, якая многія гады працуе на гэтай пасадзе. На семежаўскіх прасёлках выпрабоўваліся новыя мадэлі МАЗаў. Машынна-трактарны парк і зараз абнаўляецца.

Сацыяльны работнік Галіна ІВАНОВА.

Галоўны эканаміст Наталля Лянько бачыць перспектыву гаспадаркі ў далейшым развіцці жывёлагадоўлі і раслінаводства. Летась буракаводы атрымалі самую высокую ў раёне ўраджайнасць. Кожны з 600 гектараў даў звыш 500 цэнтнераў буракоў. Радуюць Наталлю Міхайлаўну і вынікі работы жывёлаводаў: ад кожнай з 1123 дойных кароў атрымана амаль па 5700 кілаграмаў малака, а рэнтабельнасць вытворчасці яго перавысіла 30 працэнтаў. Сярэднямесячны заробак па гаспадарцы за мінулы год склаў звыш 600 рублёў. 

Моладзь папаўняе атрады механізатараў і жывёлаводаў. Пераможцай рэспубліканскага конкурсу “Уладар вёскі” пазалетась стала маладая сям’я Вікторыі і Уладзіміра Кунаш-Літвіных. На іх падворку ў вёсцы Лешні карова, пяць бычкоў, конь, куры. Былі і авечкі. Гаспадыня Вікторыя Мікалаеўна вырасла ў Капылі, скончыла Ба­ра­на­віцкі дзяржуніверсітэт і працуе кіраўніком спраў у сельвыканкаме, які ўзначальвае былы педагог Марыя Стружко.

Інспектар па кадрах сельгаспрадпрыемства Галіна АНАШКА

У начальніка аддзела ідэ­ала­гічнай работы, культуры і па справах моладзі Капыль­скага райвыканкама Ларысы Юхо пацікавіўся пра перспектывы Се­ме­жава. Ларыса Міхайлаўна ўпэў­нена, што ўключэнне аграгарадка ў Дзяржаўную праграму развіцця малых населеных пунктаў дасць плён. 

Плануецца будаўніцтва жылля. Узводзіцца мураваная царква. Прыходам кіруе айцец Павел Брагін. Прыехаў ён з Літвы і застаўся тут. З матушкай Анжэлай выхоўваюць пяцярых дзяцей. Дзяржава фінансава дапамагла шматдзетнай сям’і пабудаваць дом. Моладзь купляе старыя дамы і ўзводзіць на іх месцы катэ­джы. За мінулы год абноўлена восем пабудоў. Пашыраецца, прыгажэе аграгарадок будучага, дзе ўмеюць шанаваць старыя звычаі.

Дырэктар раённага Цэнтра ткацтва Таццяна ВОЛКАВА, народны майстар Беларусі Вера НІКАЛАЕВІЧ і майстар-метадыст Наталля САФРОНАВА

Капыльскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter