Сем урокаў беларусазнаўства. Сёмы тур.

Публікуючы сёння заданні апошняга, сёмага ўрока, мы не развітваемся з вамі, шаноўныя. Па-першае, наперадзе яшчэ адказы на некалькі тураў і самы прыемны момант — падвядзенне вынікаў, уручэнне прызоў пераможцам. Па-другое, скончыцца віктарына — будуць іншыя конкурсы, у якіх вы таксама зможаце праявіць свае здольнасці і кемлівасць. Заставайцеся з “НГ” — будзе цікава!

СЁМЫ ТУР

Гісторыя
У якім беларускім горадзе было праведзена першае ва ўсходніх славян анатаміраванне чалавека, прычым гэтым нябожчыкам быў сам кароль?
1. Полацк. 2. Гродна. 3. Віцебск. 4. Навагрудак.

Геаграфія
Ля якой вёскі знаходзіцца самая высокая над узроўнем мора кропка Беларусі?
1. Горы Горацкага раёна. 2. Шчорсы Навагрудскага раёна. 3. Скірмантава Дзяржынскага раёна. 4. Гаравец Лагойскага раёна.

Літаратура
Якія кветкі натхнілі Пімена Панчанку ў першыя дні вайны напісаць лірычны верш?
1. Лілеі. 2. Касачы. 3. Васількі. 4. Рамонкі.

Прырода
Якая птушка аб’яўлена сёлета ў Беларусі Птушкай года?
1. Белая чапля. 2. Чорны стрыж. 3. Вялікі кулён. 4. Шэры журавель.

Сучаснасць
Хто з названых Герояў Беларусі ніколі не насіў сваю Зорку на грудзях?
1. Павел Марыеў. 2. Пётр Пракаповіч. 3. Міхаіл Высоцкі. 4. Аляксандр Дубко.

Традыцыі
Якія патрабаванні былі да жанчын, што мясілі вясельны каравай?
1. Яны павінны быць басанож. 2. У іх на пальцах абавязкова павінны быць заручальныя пярсцёнкі. 3. Яны абавязкова павінны быць у сваяцтве з адным з маладых. 4. Яны павінны нарадзіцца ў тым месяцы, у якім спраўляецца вяселле.

Людзі
Хто з беларусаў стварыў так званы грамадзянскі кірылічны шрыфт, якім тыя, хто піша на кірыліцы, карыстаюцца і сёння?
1. Сімяон Полацкі. 2. Пётр Мсціславец. 3. Ілля Капіевіч. 4. Сымон Будны.

Адказы на пытанні можаце высылаць на працягу двух тыдняў пасля публікацыі на адрас рэдакцыі або на наш e-mail: info@ng.by з пазнакай: “Урокі беларусазнаўства”.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter