Сем урокаў беларусазнаўства. Пяты тур.

Наша займальнае падарожжа па роднай краіне працягваецца. Вельмі цешыць тое, што ваша ўвага і зацікаўленасць, шаноўныя чытачы, не знікае. Некаторых удзельнікаў, як, напрыклад, сям’ю Томкавічаў з Вілейкі, мы ўжо дзякуючы дасланаму фота нават у твар ведаем, а хтосьці з аўтараў такі сціплы, што нават імя свайго не піша, толькі ініцыялы... Галоўнае, канешне, у вашых допісах правільныя адказы, але, паколькі мы ўжо вандруем не першы тыдзень разам, хацелася б пазнаёміцца з вамі крыху бліжэй. Не палянуйцеся, напішыце, хто вы, чым займаецеся, якія маеце захапленні.
Сёння мы друкуем адказы на пытанні другога тура і заданні чарговага, пятага. Дарэчы, яшчэ да панядзелка мы прымаем адказы на пытанні трэцяга тура, а на працягу ўсяго тыдня — на пытанні чацвёртага.

Адказы на пытанні другога тура

Гісторыя. У ліпені 1941 года ўсе асноўныя органы беларускай улады на шляху ў эвакуацыю некалькі дзён затрымаліся пад Лёзнам. Дарэчы, з гэтым невялікім гарадком звязана яшчэ некалькі эпізодаў з часоў Вялікай Айчыннай: менавіта тут быў узяты ў палон сын Сталіна Якаў; ад самога Лёзна пасля вызвалення не засталося ніводнага дома — цалкам драўлянае мястэчка падчас баёў згарэла дазвання.

Геаграфія. З пералічаных паселішчаў райцэнтрам не з’яўляецца Бярозаўка — гэта гарадок у складзе Лідскага раёна. Адсутнасць статусу адміністрацыйнага цэнтра не перашкаджае яму быць вядомым не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Хрустальныя і шкляныя вазы, кубкі, сувеніры, келіхі, вырабленыя на шклозаводзе “Нёман” у Бярозаўцы, — выдатны падарунак і аздоба дома.

Літаратура. “Жанчына-творца — завязь лета з гарчынкай шчасця на губах” — пісала Яўгенія Янішчыц у паэме “Акно ў дождж”.

Прырода. Прыметніка “Бярэзінскі” няма ў назве аднаго з нацыянальных паркаў, бо Бярэзінскі — гэта біясферны запаведнік. А нацпаркаў у нас чатыры: Белавежская пушча, Браслаўскія азёры, Прыпяцкі і Нарачанскі.

Сучаснасць. Першыя рэспубліканскія “Дажынкі” адбыліся ў 1996 годзе ў Століне. Сёлетняе свята ўраджаю, што прайшло ў Маладзечне, было 15-е, юбілейнае. Дарэчы, пра ўсе сталіцы “Дажынак” чытачы  “НГ” мелі магчымасць даведацца нядаўна, з вераснёўскіх нумароў.

Традыцыі. На Юр’я, 6 мая, беларусы звычайна выганялі на пашу кароў. Рабілі гэта абавязкова галінкай вярбы, асвечанай за тыдзень да Вялікадня. А яшчэ раса ў гэты дзень лічылася надзвычай гаючай. Ёй умывалі не толькі твар — мачылі ў ёй ручнік і абціралі ўсё цела.

Людзі. У полацкай князёўны Рагнеды было яшчэ два імені — Гарыслава (так яе назваў муж) і Анастасія (гэта імя яна ўзяла ў манастве, калі, высланая з сынам на нашы землі, рашыла прысвяціць сябе Богу ў заснаваным Ізяславам манастыры). Дзе быў гэты манастыр — сёння застаецца загадкай. Краязнаўцы мяркуюць, што недалёка ад Заслаўя, дзе цячэ рака Чарніца, названая так, магчыма, у гонар княгіні-манашкі.

ПЯТЫ ТУР

Гісторыя
Ля вёскі Студзёнка пад Барысавам адбылася калісьці значная падзея, пра якую ведаюць ва ўсёй Еўропе. Што гэта была за падзея?
1. Тут у 1944-м фашысты трапілі ў самы вялікі “кацёл”, і гэта паўплывала на далейшы ход аперацыі “Баграціён”. 2. Тут у 1812 годзе армія Напалеона пацярпела сакрушальнае паражэнне і ёй засталося толькі адступаць, ратуючыся. 3. Тут у 1863-м адбылася бітва інсургентаў з імперскімі войскамі і Кастусь Каліноўскі быў узяты ў палон. 4. Тут у 1794 годзе адбыўся канчатковы падзел Рэчы Паспалітай.

Геаграфія
Які з гэтых гарадоў не стаіць на зліцці дзюх рэк?
1. Рагачоў. 2. Слаўгарад. 3. Мінск. 4. Давыд-Гарадок.

Літаратура
Які з гэтых твораў не належыць пяру Івана Шамякіна?
1. “Сэрца на далоні”. 2. “Атланты і карыятыды”. 3. “Сатанінскі тур”. 4. “Калі зліваюцца рэкі”.

Прырода
Як метэаролагі могуць ахарактарызаваць горад Навагрудак?
1. У ім выпадае больш за ўсё ападкаў. 2. У ім бываюць самыя працяглыя туманы. 3. У ім вышыня снежнага покрыва — самая большая ў краіне. 4. У ім дуюць самыя моцныя вятры.

Сучаснасць
Якое міністэрства з’явілася толькі ў незалежнай Беларусі, у СССР яго не было?
1. Міністэрства ўнутраных спраў. 2. Міністэрства абароны. 3. Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. 4. Міністэрства юстыцыі.

Традыцыі
Пасля Пакроваў, згодна з народнымі традыцыямі, нельга...
1. Капаць зямлю. 2. Гуляць вяселле. 3. Гарадзіць плот. 4. Запрагаць каня ў калёсы.

Людзі
Нацыянальным героем якой краіны з’яўляецца ўраджэнец Навагрудчыны Ігнат Дамейка?
1. Аргенціны. 2. Калумбіі. 3. Чылі. 4. Мексікі.

Адказы на пытанні можаце высылаць на працягу двух тыдняў пасля публікацыі на адрас рэдакцыі або на наш e-mail: info@ng.by з пазнакай: “Урокі беларусазнаўства”. Далучайцеся!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter