Сем урокаў беларусазнаўства. Чацвёрты тур.

Адказы на нашу віктарыну ідуць штодня, і вельмі прыемна ўсведамляць, што нашы чытачы цікавяцца сваёй Радзімай, стараюцца даведацца пра яе як мага больш. Вельмі радасна думаць, чытаючы вашы лісты, што наша газета вам у гэтым хоць кропельку дапамагла. У кожным вашым пісьме — прысланым у канверце або па электроннай пошце, з падрабязна распісанымі адказамі або проста з лаканічна адзначанымі нумарамі варыянтаў — угадваецца любоў да роднай зямлі і жаданне падзяліцца сваімі ведамі аб ёй. У віктарыне ўдзельнічаюць цэлымі сем’ямі, як, напрыклад, краязнаўцы-аматары Сергіевічы з вёскі Градзянка Асіповіцкага раёна: мама — школьны бібліятэкар і дзеці — студэнтка і двое школьнікаў... “Разам з мужам Уладзімірам Васільевічам мы ўдзельнічалі ў многіх конкурсах і віктарынах вашай газеты, займалі прызавыя месцы, атрымлівалі дыпломы і падарункі...
11 лістапада гэтага года мужа не стала. Яму было 64 гады. У памяць аб ім я стала адна ўдзельнічаць у віктарыне “Сем урокаў беларусазнаўства”, — піша Марыя Іванаўна Мінюк з вёскі Моталь Іванаўскага раёна... Вашы словы, шаноўная Марыя Іванаўна, многага варты. Трымайцеся ў сваім горы, спадзяёмся, што  наша газета, як верны стары сябар, падтрымлівае вас у ім і дапамагае яго перажыць... 
Сёння мы друкуем адказы на пытанні першага тура і заданні чарговага, чацвёртага. Калі, прачытаўшы адказы, вы заўважыце, што дзесьці памыліліся, хай вас гэта не засмучае: канчатковыя вынікі будуць падводзіцца па рэзультатах усіх сямі тураў. Нагадаем, што пераможцы атрымаюць ад “НГ” кнігі беларускіх аўтараў з іх аўтографамі.
Шанцы на перамогу пакуль што  ёсць ва ўсіх! Дарэчы, яшчэ да панядзелка мы прымаем адказы на пытанні другога тура, а на працягу ўсяго тыдня — на пытанні трэцяга. Далучайцеся!

Адказы на пытанні першага тура

Гісторыя. Згодна з паданнем, каменныя крыжы ў Тураве з’явіліся дзівосным чынам: яны прыплылі супраць цячэння па Дняпры, а пасля па Прыпяці з Кіева. Гэтыя каменныя волаты  сёння стаяць у тураўскім храме. Ёсць меркаванне, што крыж, які расце на тураўскіх могілках, — таксама з таго дзівоснага “сплаву”.

Геаграфія. Рэкі-цёзкі — гэта дзве Бярэзіны. Адна — магутная і паўнаводная — коціць свае воды ў Дняпро, на ёй стаяць Беразіно і Бабруйск, аб ёй спяваюць песню ў Швейцарыі (гэта з таго часу, калі швейцарскія палкі Напалеона былі разбіты на берагах нашай ракі). Другая — сапраўды сціплая, дзесьці паміж Валожынам і Смаргонню —  збірае да сябе невялікія рачулкі і ўпадае ў Нёман, а з ім імчыць на поўнач  — у Балтыку.

Літаратура. Яўген Іванавіч Скурко — гэта сапраўднае імя Максіма Танка. У школе мы вывучалі яго як барацьбіта за вызваленне Заходняй Беларусі, і нямногія ведаюць яго як паэта-філосафа. “Добры з ваўка музыка, ды не скакаць пад выццё, добры чарпак з рэшата,  толькі з яго не піццё...” Гэта — таксама Танк. Перачытайце яго вершы — не пашкадуеце.

Прырода. З пералічаных прыродных дзівосаў у Беларусі няма толькі гейзераў. Коркавы гай расце ў Шчучынскім раёне, цюльпанавае дрэва — у парку “Парэчча” на Палессі, а верхавое балота Ельня на Віцебшчыне — адно з самых вялікіх у Еўропе. Дарэчы, усе гэтыя звесткі, як і адказы на іншыя пытанні гэтага раздзела, вы зможаце знайсці ў сваёй “Народнай газеце” і ў часопісе “Родная прырода”.

Сучаснасць. У нашай краіне 118 раёнаў. І пра адметныя мясціны кожнага з іх вы мелі магчымасць прачытаць у праекце “НГ” “Сем цудаў Беларусі”.

Традыцыі. Палескі траецкі абрад, які захаваўся на Піншчыне і сёння, мае назву “Куст”. “Куст” — гэта самая прыгожая дзяўчына, якую нежанатая моладзь убірае ў зеляніну і на чале з ёй абыходзіць вёску... Зрэшты, словамі не раскажаш, гэта трэба бачыць. Піншчына — не Аўстралія, сабраўся дый паехаў...

Людзі. Беларус Казімір Семяновіч, выдатны ваенны інжынер, яшчэ ў XVII стагоддзі намаляваў чарцёж шматступеньчатай ракеты, які ў сваіх даследаваннях узяў за аснову “бацька” пакарэння космасу Канстанцін Цыялкоўскі.

Гісторыя
Адкуль на Беларусі з’явіліся татары, нашчадкі якіх жывуць у нашай краіне і сёння?
1. Іх захапіў у палон Міндоўг, калі разбіў войска Койдана пад Крутагор’ем.
2. Іх як умелых воінаў запрасіў на службу князь Вітаўт.
3. Яны, захапіўшы Слуцк і Клецк, аселі ў гэтых гарадах.
4. Падчас вялікага перасялення яны прыйшлі да нас з паволжскіх стэпаў.

Геаграфія
Які з гэтых гарадоў пасля перапісу 2009 года афіцыйна лічыцца самым малым горадам краіны?
1. Фаніпаль. 2. Скідаль. 3. Дзісна. 4. Сураж.

Літаратура
Каму з названых дзеячаў Янка Купала прысвяціў паэму “Курган”, а Максім Багдановіч — зборнік “Вянок”?
1. Івану Луцэвічу. 2. Уладзіславу Галубку.
3. Сяргею Палуяну. 4. Вацлаву Ластоўскаму.

Прырода
Якое з гэтых азёр не ўваходзіць у тройку самых глыбокіх у краіне?
1. Асвейскае. 2. Рычы. 3. Гінькава. 4. Доўгае.

Сучаснасць
Які з гарадоў у наступным годзе пераймае ў Гомеля званне культурнай сталіцы Беларусі?
1. Полацк. 2. Нясвіж. 3. Камянец. 4. Гродна.

Традыцыі
Якую жывёлу пры засяленні на новую сядзібу першай запускалі на падворак?
1. Сабаку. 2. Кошку. 3. Індыка. 4. Пеўня.

Людзі
У XVII стагоддзі на ўсю Масковію былі вядомы імёны выхадцаў з Беларусі Пётры Заборскага і Сцяпана Палубеса. Якім майстэрствам яны праславіліся?
1. Яны былі музыкамі-віртуозамі, гралі пры двары Аляксея Міхайлавіча.
2. Яны былі аднымі з першых у тым краі друкарамі.
3. Яны былі кафлярамі, што аздаблялі цэрквы і церамы.
4. Яны былі настаўнікамі царскіх дзяцей.

Адказы на пытанні можаце высылаць на працягу двух тыдняў пасля публікацыі на адрас рэдакцыі або на наш e-mail: info@ng.by з пазнакай: “Урокі беларусазнаўства”. Далучайцеся!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter