Сем урокаў беларусазнаўства.

“Віктарына захапіла і аб’яднала адной ідэяй розных чытачоў: вучняў, студэнтаў, настаўнікаў, пенсіянераў, усіх нераўнадушных людзей, якія любяць сваю Радзіму і хочуць даведацца пра яе больш... Кожнае пытанне яе было, як маршрут вялікага падарожжа”... Чытаць гэтыя радкі, напісаныя адной з самых актыўных удзельніц нашых краязнаўчых конкурсаў Юліяй Ермаковай з Лёзна, надзвычай прыемна. Ды і іншыя вашы лісты і цікавыя адказы на пытанні нашай віктарыны сведчаць: падарожжа па роднай краіне (а менавіта так задумваліся “Сем урокаў беларусазнаўства”) спраўдзілася. Усе чытачы “НГ”, нават тыя, хто не прымаў удзелу ў конкурсе, а проста чытаў пытанні-адказы, даведаліся пра сваю Радзіму нешта новае, атрымалі яшчэ адну нагоду ганарыцца ёй, вандраваць па яе цікавых мясцінах, адкрываючы яе зноў і зноў у сваіх сэрцах. І гэта яшчэ раз сведчыць: падарожжа па роднай зямлі павінна працягвацца. І працяг абавязкова будзе — гэта мы вам абяцаем. А пакуль што друкуем адказы на пытанні чацвёртага тура. Адказы на пяты і шосты тур будуць змешчаны ў наступную суботу, а пазней, разам з адказамі на сёмы тур (дарэчы, яны прымаюцца яшчэ на працягу тыдня), будуць падве-дзены вынікі, і мы даведаемся імёны пераможцаў, якія атрымаюць заслужаныя ўзнагароды.

Адказы на пытанні чацвёртага тура

Гісторыя
Татары, нашчадкі якіх жывуць у нашай краіне і сёння, з’явіліся ў Беларусі ў далёкім XV стагоддзі — іх як умелых воінаў запрасіў на службу князь Вітаўт. Войска пад кіраўніцтвам хана Тахтамыша выконвала ролю ахоўнікаў пры князю, а падчас Грунвальдскай бітвы змагалася з крыжакамі нароўні з іншымі харугвамі з беларускіх зямель.

Прырода
У тройку самых глыбокіх у краіне азёр не ўваходзіць возера Асвейскае. Затое яно другое па плошчы воднага люстэрка пасля Нарачы — 52 квадратныя кіламетры. Уважлівыя чытачы “НГ” з гэтым пытаннем справіліся без праблем: літаральна ў снежні мы пра гэта пісалі.

Геаграфія
Пасля перапісу 2009 года Дзісна афіцыйна лічыцца самым малым горадам нашай краіны — яго насельніцтва складае каля дзвюх тысяч чалавек. Знаходзіцца гэты старажытны гарадок на поўначы Беларусі — у Мёрскім раёне.

Сучаснасць
Сёлета званне культурнай сталіцы Беларусі ў Гомеля пераняў Нясвіж. У год адкрыцця для наведвальнікаў пасля рэстаўрацыі палаца Радзівілаў гэта якраз дарэчы.

Літаратура
Янка Купала прысвяціў паэму “Курган”, а Максім Багдановіч  —зборнік “Вянок” Сяргею Палуяну. Адзін з най-перспектыўнейшых дзеячаў першай хвалі беларускага адраджэння скончыў жыццё самагубствам у дзевятнаццаць гадоў. Калі б не такая ранняя смерць, беларуская культура мела б выдатнага тэатральнага і літаратурнага крытыка.

Традыцыі
Пры засяленні на новую сядзібу народная традыцыя раіць на падворак першым запусціць пеўня. А вось непасрэдна ў хату першай павінна была зайсці кошка.

Людзі
Імёны выхадцаў з Беларусі Пётры Заборскага і Сцяпана Палубеса і сёння ведаюць у Маскве, бо там дагэтуль стаяць будынкі, аздобленыя гэтымі таленавітымі кафлярамі, — Уваскрасенскі сабор Нова-Іерусалімскага манастыра на Істры, Круціцкі церам, церамны палац Крамля...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter