Семь чудес агрогородка Язно

Сем цудаў аграгарадка Язна

У МІЁРСКІМ аграгарадку Язна, які ўпершыню ўпамінаецца ў 1475 годзе, жыве 749 чалавек. Ёсць сярэдняя школа, дзіцячы сад, Дом культуры, царква, участковая бальніца, комплексна-прыёмны пункт камбіната бытавога абслугоўвання, 3 крамы, прадпрыемства меліярацыі, лясніцтва, пажарны аварыйна-выратавальны пост. Аграгарадок — цэнтр сельгаспрадпрыемства “Язна”.



Тое, што тут шмат незвычайнага і нават таемнага, чаго не могуць вытлумачыць у некаторых выпадках і навукоўцы, давялося чуць і раней. Напрыклад, крыніца Святога Яна, якая знаходзіцца на мяжы з Глыбоцкім раёнам: тэмпература вады, якая б’е магутным фантанам з-пад высокай гары, зімой і ўлетку аднолькавая — плюс 4 градусы, доўга захоўваецца і вылечвае ад многіх хвароб.

Узяць камень, які ляжыць у аграгарадку (на здымку). Даўжыня прыроднага экспаната звыш 6 метраў, шырыня — 5,1, а вага — 150 тон. Даказана, што яму каля 20 тысяч год і прыпоўз ён са Скандынавіі з апошнім ледніком. Камень абвеяны шматлікімі легендамі. Кажуць, ля яго прыпыняліся, каб падсілкавацца, полацкі князь Усяслаў Чарадзей, кароль Стэфан Баторый, расійская імператрыца Кацярына II і французскі імператар Напалеон. Мо і праўда, бо нездарма ж на валуне захаваліся выбітыя кімсьці даволі даўнія выявы лыжкі і відэльца.

А ёсць жа яшчэ рэспубліканскі заказнік-балота “Жада” ў 7118 гектараў, у якім ажно 348 відаў раслін і 130 наземных пазваночных жывёл, многія з якіх занесены ў Чырвоную кнігу.

СТАРШЫНЯ Язненскага сельскага Савета Валянціна ФЯДЗЬКОВІЧ
(на здымку), пералічваючы названыя вышэй адметнасці, не прамінула дадаць, што цуды ў Язна на гэтым не заканчваюцца. Іх ствараюць самі жыхары аграгарадка:

— Язненская сельская ўчастковая бальніца стала лепшай у краіне, а яе галоўны ўрач Уладзімір Пашковіч узнагароджаны медалём “За працоўную доблесць”. Фальклорны калектыў “Язынка” ведаюць далёка за межамі краіны, а дзіцячы фестываль “Благавест” штогод збірае творчыя калектывы нядзельных школ з усёй Полацкай епархіі. На абанеменце ў мясцовай бібліятэцы 305 чалавек, а гэта значыць, кожны другі жыхар яе чытач, у чым немалая заслуга гаспадыні ўстановы Ларысы Карпавай. 

Ва ўсялякай грамадскай справе старшыня сельвыканкама і яе актыў імкнуцца зацікавіць жыхароў, здзейсніць добрую справу агульнымі намаганнямі. Для прыкладу, яна паведаміла, як актыўна ўсе аднаўлялі бярозавы парк у аграгарадку. Гэтае месца адпачынку не толькі вычысцілі, але і зрабілі валейбольную і дзіцячую пляцоўкі, а на ўскрайку — футбольнае поле. Паставілі ліхтары. Узводзіцца летні амфітэатр. Акцыю матэрыяльна падтрымалі не толькі кіраўнікі прадпрыемстваў КУП “Язна” Сяргей Ельяшэвіч, ПМС — Пётр Радзюк і іншыя, але і прадпрымальнікі, проста жыхары. Так, фермер Аляксандр Каваленка зладзіў дзве прыгожыя альтанкі, а дачнік з Полацка — макет машыны для дзяцей.

Некалькі слоў пра Валянціну Фядзьковіч. Яна родам з гэтых мясцін. Па прафесіі педагог. Працавала амаль за дзясятак кіламетраў адсюль у Празароцкай школе Глыбоцкага раёна, у клубе Язна, дзіцячым садзе, сацыяльным педагогам у мясцовай школе. І вось 12 год ужо нязменны кіраўнік тутэйшай вертыкалі.

Яна і цяпер такая ж няўрымслівая, адгукаецца на любыя просьбы: камусьці трэба дапамагчы печ адрамантаваць, электраправодку замяніць. У сельвыканкаме стварыла моцную каманду аднадумцаў. Жыве клопатамі сяла. Рада, што ў апошні час КУП “Язна” папаўняецца моладдзю, у чым заслуга маладога кіраўніка Сяргея Ельяшэвіча. Кажа, справы, калі ён узначаліў гаспадарку, пайшлі ўгору. І кармоў сёлета для жывёлы назапашана багата, і зарплата ў людзей вырасла.

Запомніліся словы Валянціны Фядзьковіч:

— Адна жанчына пахвалілася мне сваёй вялікай радасцю, што яна прыпісалася ў Мінску. А я шчаслівая тым, што жыву тут, у Язна, на сваёй малой радзіме, сустракаю світанкі, узыход сонца, слухаю птушак, дыхаю свежым паветрам. 

СЯРОД тых, хто знайшоў сябе ў Язна, фермер Аляксандр Каваленка:

— Сам я з Полацка, але чвэрць стагоддзя таму пераехаў сюды, адрамантаваў сядзібу бабулі і дзядулі і заняўся фермерствам. У маёй гаспадарцы 17 гектараў зямлі. На 14 з іх вырошчваў сёлета яравы рапс, бо гэта культура найбольш прыбытковая. З тэхнікі ёсць 2 трактары МТЗ і гусенічны ДТ-55А. Набыў яго, каб траляваць лес, бо паралельна адчыніў дрэваапрацоўчую вытворчасць. Зладзіў пілараму, вырабляю дошкі, брус, штыкет. Пад заказ магу зрабіць зрубы з ацыліндраваных бярвенняў на дамы і лазні. Добры на іх попыт у людзей. Работнікаў у мяне 5 чалавек, усе мясцовыя. Яны знайшлі сябе тут. Напрыклад, Аляксандр Куляшоў раней ездзіў на заробкі ў Расію, а цяпер трэці год у мяне. Купіў дом. Самы малады, Уладзіслаў Пішчулёнак, меў спецыяльнасці муляра, электрыка, а цяпер асвоіў і цяслярскую.

Шматдзетная сям’я: Насця ОКУНЬ і Дзмітрый БУРЭЦ з дзецьмі Мікалаем, Андрэем, Міхаілам і Аляксандрай.

Шматдзетная маладая маці Насця Окунь таксама не асабліва шукала месца пад чужым сонцам:

— Пасля школы засталася ў вёсцы. Глядзела за маці, была ў дэкрэтным. У мяне чацвёра дзяцей: большаму Мікалаю 11 год, а меншай Аляксандры — 4. Мы з мужам Дзмітрыем працуем у КУП “Язна”: ён вадзіцелем на МАЗе, а я кладаўшчыком у майстэрні. Жывём пакуль што ў трохпакаёвай кватэры, але нам як шматдзетнай сям’і выдзелілі асобны дом. Праўда, там патрэбна зрабіць рамонт. Вось шукаем добрага майстра па печках. Калі пераедзем, хутчэй за ўсё вясною, мяркуем у асабістую гаспадарку прыдбаць карову. 

У маладога ўчастковага Віктара Гардукевіча свая гісторыя ўзаемаадносін з Язна:

— Мы з жонкай Святланай з Міёршчыны. Яна вывучылася ў Горацкай сельгасакадэміі на агранома і пакуль што ў дэкрэтным з сынам Уладзіславам, якому годзік. Я закончыў педінстытут імя Машэрава, выкладаў гісторыю ў гімназіі ў Віцебску. А паколькі пасля ваеннай кафедры мне прысвоілі званне лейтэнанта, гэта дазволіла ўладкавацца ў міліцыю, і вось ужо 7 гадоў я ўчастковы. У мяне, акрамя аграгарадка Язна, яшчэ 60 вёсак. Усюды неабходна пабываць, пагаварыць з людзьмі. Да кожнага чалавека імкнуся знайсці падыход. Дапамагае педагагічная прафесія, асабліва ў рабоце з моладдзю. 

Для галоўнага ўрача Язненскай участковай бальніцы Уладзіміра Пашковіча Язна таксама стала другой радзімай. Сам ён з Глыбоччыны, але вось ужо 21 год на Міёршчыне.

Дарэчы, ён адзін з першых урачоў агульнай практыкі на Віцебшчыне. Уладзімір Пятровіч расказвае:

— Урач у вёсцы фактычна заўсёды быў доктарам для ўсіх: і для дарослых, і для дзяцей. Проста мы так яго не называлі. Мне пашчаслівілася ў складзе пяці ўрачоў вобласці адпрацоўваць гэту мадэль, каб потым перанесці на ўсю Беларусь. Эксперымент закончыўся ўдала. У свой час прымаў удзел у семінарах урачоў агульнай практыкі Рэспублікі Беларусь, выязджаў на міжнародныя семінары, удзельнічаў у беларуска-галандскім праекце “Матра-2”.




Галоўны ўрач Язненскай участковай бальніцы Уладзімір ПАШКОВІЧ размаўляе з аператарам машыннага даення Ганнай СВІРКО.

— Што гэта за праект?

— Гэта сумяшчэнне нашага вопыту ўрачоў агульнай практыкі з галандскім. У прыватнасці, галандцы дапамаглі абсталяваннем: гэта і табліцы, і апаратура для агляду вачэй. Словам, тое, чаго на той момант у нас не хапала.

— Язненская ўчастковая бальніца заняла па выніках работы 2016 года першае месца ў краіне.

— Я ніколі не задумваўся, як заняць высокае месца. Мы працуем так, як павінны працаваць. Сумленна. А вынікі падсумоўваюць і па нараджальнасці, і па захворваннях, і па смяротнасці жыхароў. 

— Уладзімір Пятровіч, акрамя галоўнага занятку, бальніцы, вы яшчэ спяваеце ў царкоўным хоры і выступаеце ў “Язынцы”.

— У кожнага свая дарога да храма. Мая бабуля вадзіла мяне ў царкву з трох год. У доме была павага да Бога, захоўвалі пост, адзначалі царкоўныя святы. У нядзелю ніколі не рабілі. Таму праваслаўная аснова была закладзена ў мяне з маленства. Калі прыехаў у Язна, мне было 30 год. Пасябраваў з бацюшкам Аляксандрам Карандзеем, прадстаўніком вялікай дынастыі святароў. У адну са службаў ён падыходзіць да мяне і кажа: “Ідзі спявай!” Было складана пераступіць цераз сябе, што гаварыць будуць: маўляў, доктар, а ў царкве спявае. Але гэта было толькі напачатку. А з клубам атрымалася так. Калі прыехаў у Язна, наша дзіцё пайшло ў садзік. І як звычайна, на Новы год сярод бацькоў шукаюць Дзеда Мароза. Выбралі мяне, і гэтую ролю даводзіцца цяпер выконваць кожны год. Што тычыцца ансамбля “Язынка”, то я разумею, што магу гэта рабіць. А яшчэ асабістым прыкладам паказаць, што можна адпачываць не са шклянкай за сталом, а зусім па-іншаму.

ЯК святкавалі абрады, адзначалі розныя каляндарныя святы нашы продкі? Тыя ж хрэсьбіны, вяселле, Каляды, Масленіцу і многія іншыя тагачасныя традыцыі адрадзіла “Язынка”. Як гэта ўдалося, павінна ж быць нейкая першакрыніца?

— У самых сталых жыхароў і дапыталіся, — прызнаецца мастацкі кіраўнік СДК Вольга Александроўская. — Маёй маці Фаіне Васільеўне 90 год, яна ведае шмат вясельных, хрэсьбенных, дажынкавых песень. Можна сказаць, носьбіт фальклору. Мама мне спявала, а я запісвала.

Сама Вольга самы актыўны ўдзельнік ансамбля. У тым жа абрадзе хрэсьбін выконвае ролю галоўнай гераіні — бабкі. Абрад нагадвае захапляльную тэатралізаваную пастаноўку, сцэнарый для якой піша дырэктар СДК Ларыса Бервячонак.



Песенна-абрадавы народны калектыў “Язынка”.

У калектыве 15 чалавек самага рознага ўзросту і прафесій: пенсіянеры Лілія Спірковіч і Ганна Казлоўская, народны майстар Тамара Касатая, галоўны ўрач участковай бальніцы Уладзімір Пашковіч, зубны ўрач Валянціна Мароз, работнік пошты Ірына Коласава, малады загадчык жывёлагадоўчай фермы КУП “Язна” Анатоль Дубоўскі, выхавацельніцы дзіцячага сада Ірына Балай і Аксана Самусёнак і нават старшыня сельскага Савета Валянціна Фядзьковіч.

Язненскі СДК стаў сапраўдным цэнтрам жыцця аграгарадка і сельскага Савета. Тут, удумайцеся ў гэту лічбу, 10 калектываў мастацкай самадзейнасці. У тым ліку вакальная жаночая група, змешаная вакальная група, аматарскае аб’яднанне “Вера, Надзея, Любоў”, якое ўзначальвае Саламея Сіняўская.

Зараз рыхтуецца да друку буклет з мноствам каляровых фотаздымкаў. І назва яго, “Язна — мілая малая радзіма”, згадзіцеся, цалкам сугучна думкам і настрою руплівых і шчырых людзей, што тут жывуць.

saulich@bk.ru

Фота аўтара і з архіва.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter