Чацвёртая частка экспарту беларускай свініны прыпадае на камянецкае ААТ «Белавежскі»

«Селянiнам трэба нарадзiцца»

За што ў адказе сучасны кіраўнік? І ў чым яны, вытокі, жыццёвага выбару гендырэктара ААТ «Белавежскі» Юрыя Мароза
ЧАЦВЁРТАЯ частка экспарту беларускай свініны прыпадае на камянецкае ААТ «Белавежскі», якое па волі лёсу двойчы пашчасціла ўзначаліць Юрыю Дзмітрыевічу МАРОЗУ. Працоўную дзейнасць пасля заканчэння з адзнакай Беларускага дзяржаўнага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі пачынаў у родным Барысаўскім раёне. Узводзіў жывёлагадоўчы комплекс на Аршаншчыне, а на пачатку дзевяностых гадоў кіраваў ударнай камсамольскай будоўляй у Камянецкім раёне, пасля завяршэння якой узначаліў саўгас «Белавежскі». Працаваў старшынёю Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама, першым намеснікам міністра, а потым і міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі, віцэ-прэзідэнтам ААТ «Прыарбанк», выкладаў на факультэце павышэння кваліфікацыі БДАТУ. Юрый Дзмітрыевіч - член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член прэзідыўма Камянецкага раённага Савета дэпутатаў. Узнагароджаны ордэнамі Айчыны III ступені, Працоўнага Чырвогана Сцяга, шматлікімі  медалямі і ганаровымі граматамі. 

06-2.jpg

ВЁРТКІ шпак пасля вяртання з выраю азіраўся навокал са сваёй шпакоўні, прымацаванай да шаста ў невялікім дворыку кіраўніка ААТ «Белавежскі» Юрыя Дзмітрыевіча Мароза. Птушыныя галасы заглушаў гул тэхнікі на шырокім палетку, што прымыкае да пасёлка. З раннім прылётам пярнатых супаў пачатак веснавой сяўбы яравых збожжавых. Пазалочанымі купаламі ўглядаецца на палеткі новая царквушка, узведзеная ў гонар Надзеі, Веры і Любові. Акуратныя газоны, вычышчаныя з восені кветнікі і палісаднікі. У жылым пасёлку няма дворнікаў. Кожная сям’я падтрымлівае чысціню падворка і прылеглай часткі вуліцы. 

З самага пачатку існавання Белавежскага ўвёў гэта правіла Юрый Дзмітрыевіч, які з малых гадоў прызвычаіўся да парадку. Выхоўвала яго рана аўдавелая маці Еўдакія Якаўлеўна, дзядзька якой — Апанас Фёдаравіч Кавалёў — у даваенныя гады ўзначальваў урад Беларусі. Семярых дзяцей падымала на ногі ўдава франтавіка Дзмітрыя Марцінавіча Мароза, рана памерлага з-за цяжкіх раненняў, атрыманых у гады вайны на Волхаўскім фронце. 

Усёй сям’ёй нарыхтоўвалі летам сена, а зімою — дровы. Ад цяжкай сялянскай працы адзінаццацігадовага Юрыя часта турбаваў павышаны крывяны ціск. Старэйшыя браты Валодзя і Васіль пасля заканчэння сярэдняй школы падаліся вучыцца, і ўсе гаспадарчыя клопаты ляглі на плечы малодшага брата. Са старэйшымі сёстрамі дапамагаў маці па гаспадарцы і вучыўся добра. Быў старастам класа. Вопытны настаўнік матэматыкі Лошніцкай сярэдняй школы Барысаўскага раёна Васіль Васільевіч Сямашка заўважыў здольнасці вучня і развіваў іх. Закрадвалася ў юнака мара стаць настаўнікам. Але вабіла і тэхніка. Вырашыў паступаць на мехфак Беларускага дзяржаўнага інстытута механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, дзе конкурс сярод абітурыентаў быў амаль пяць чалавек на месца. Дамоў вяртаўся з радаснай весткай аб залічэнні ў інстытут. 

Вучоба давалася лёгка. На першым экзамене па гісторыі КПСС выцягнуў білет з пытаннем пра партыйную канферэнцыю, аб якой  і не чуў. Атрымаць «выдатна» «дапамог» таўшчэзны падручнік. Гэта быў добры ўрок на будучае. Больш ніколі шпаргалкамі не карыстаўся і з першага да апошняга курса атрымліваў павышаную стыпендыю.

– У МЯНЕ моцная зрокавая памяць, — адзначае Юрый Дзмітрыевіч. — Аднойчы зірну на тэкст і запамінаю. У студэнцтве акуратна вёў канспекты. На экзамене ўзгадваў запісанае. Заплюшчваў вочы і ўсплываў тэкст слова ў слова. І сёння ў статыстычных зводках запамінаю ўсе лічбы. Позіркам фатаграфую тэкст і доўга трымаю ў памяці. На нядаўнім справаздачным сходзе гаспадаркі амаль гадзіну сыпаў лічбамі без папер. 

Пасля Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання дацэнтам давялося тры гады выкладаць на факультэце павышэння кваліфікацыі ў БДАТУ. Па чатыры гадзіны чытаў лекцыі без канспектаў. Спецыялісты і кіраўнікі гаспадарак падоўгу не адпускалі з аўдыторыі, засыпалі пытаннямі. 

Цікаўлюся навінкамі, шмат чытаю і ведаю погляды вучоных на вырашэнне многіх аграрных праблем. Поспех на зямлі залежыць ад стаўлення да яе. Ёсць розныя варыянты пярвічнай апрацоўкі глебы — ад ворыва да выкарыстання дыскатараў. Неабходна дыферэнцыяцыя. У нашай гаспадарцы 20 тысяч гектараў угоддзяў і ні адно поле ніхто не мае права апрацоўваць без майго дазволу. Прымаю рашэнне па кожным участку. Калі палетак ідэальна апрацаваны пасля спрыяльнага папярэдніка і на ім няма пустазелля, там дастаткова прадыскаваць і сцернявымі сеялкамі правесці сяўбу. Захоўваецца вільгаць, не  парушаецца структура глебы і скарачаюцца расходы. А калі зямля камяністая, то трэба выбраць каменне, выраўняць плошчу і толькі потым араць. На ўсе выпадкі жыцця не можа быць аднолькавай тэхналогіі. 

— Зямля, як цеста, дзе гаспадыня ведае, што рабіць з ім…

— Варта ўлічваць кожны фактар пры апрацоўцы зямлі, і яна адгукнецца. Наша гаспадарка ўвабрала ў сябе чатыры суседнія, дзе не маглі ўжо забяспечваць пагалоўе жывёлы кармамі. Надоі падалі. У першых двух гаспадарках, якія мы прынялі, яны ледзьве перавышалі дзве тысячы кілаграмаў малака ад каровы. Праз год прадукцыйнасць гэтага статка вырасла ў некалькі разоў. Сярэдні ўдой ад каровы па гаспадарцы — 7540 кілаграмаў малака, і яшчэ забяспечваем кармамі магутны  свінакомплекс.

— Вам дыктуюць у працы?

— За гады кіравання «Белавежскім» змяніўся восьмы кіраўнік вобласці, і з кожным знаходзім агульную мову. Мы адной краіне служым. Толькі ён у адказе за ўсю Брэстчыну, а я — за тры тысячы белавежцаў.

— Юрый Дзмітрыевіч, вы — член Пастаяннай камісіі міжпарламентскай асамблеі Еўразійскай эканамічнай супольнасці па аграпрамысловай палітыцы, харчаванні і экалогіі і кіруеце гаспадаркай з такой высокай канцэнтрацыяй жывёлы побач з сусветнавядомай Белавежскай Пушчай. Як вам ўдаецца вырашаць пытанні экалогіі?

— Тое,  што  на  нашым свінагадоўчым комплексе ўтрымліваецца 105 тысяч свіней — не трагедыя для наваколля. У час будаўніцтва перасцерагалі, што навокал знішчыцца прырода. Паступова запоўнілі памяшканні жывёлай, а Белавежская Пушча як шумела, так і шуміць.

— Але паветра іншым стала.

— Крыху пах аміяку ў наваколлі адчуваецца. У Галандыі, дзе праз паўкіламетра размешчаны свінагадоўчыя комплексы на 10—12 тысяч галоў, ніякіх экалагічных праблем няма. У іх колькі насельніцтва ў краіне, такое ж пагалоўе свіней.

— Такой высокай канцэнтрацыі няма?

— Будаваўся комплекс трыццаць гадоў таму. Цяпер такія гмахі і не плануюцца. Аптымальны памер — 24 тысячы свіней на тэрыторыі 7 тысяч гектараў сельгасугоддзяў. Гэта дае магчымасць забяспечваць патрэбы ў кармах, і няма праблем з арганікай.

— Аналагі такіх комплексаў за мяжой ёсць?

— Мне даводзілася бываць у ГДР і наведваць за ваколіцай гарадка комплекс на 99 тысяч свіней з біягазавай устаноўкай. У тым гарадку мы спыталі, як патрапіць на комплекс. Жыхар адказаў, што дакладна ён не ведае, але адкуль даносіцца пах, туды і трэба ехаць.

Калі Германія аб’ядналася, такія комплексы закрылі, і цяпер там больш як на 12 тысяч свіней фермы не праектуюцца.

— Свінакомплекс вычарпаў рэсурс за тры дзесяцігоддзі дзейнасці?

— Мы пастаянна падтрымліваем яго ў належным стане. Тройчы рэканструявалі: убралі ўсе бетонныя перагародкі, падлогу. Унутры панэляў усталявалі сценкі, каб абсалютна ізаляваць ад мікрафлоры, што пранікла ў бетон.

— Высокая канцэнтрацыя пагалоўя напружвае з забеспячэннем кармамі, якія даводзіцца закупляць, што павялічвае затраты. Як удаецца дабівацца канкурэнтаздольнага сабекошту прадукцыі?

— Дзякуючы эфектыўнай працы ўсіх служб. Кожнае структурнае падраздзяленне працуе на канчатковы вынік. За паўгода да новага ўраджаю ў нашых сховішчах захоўваецца 38 тысяч тон збажыны. А ўсяго мы сабралі летась 54 тысячы тон. Сярэдняя ўраджайнасць за апошнія гады перавышае 50 цэнтнераў зерня на круг. Летась у 18 раёнах Беларусі валавы збор збожжа быў меншы, чым ў нас. Каласавых сабралі па 62 цэнтнеры, а кукурузы — 97 цэнтнераў, і ў цэлым атрымалася 67 цэнтнераў з гектара на нашых чыстых пясках. Больш урадлівыя палеткі ў былым калгасе «Савецкая Беларусь», якім кіраваў двойчы Герой Сацыялістычнай Працы Уладзімір Лявонцьевіч Бядуля, але з-за недагляду многія палі там здзічэлі. Праз два гады пасля далучэння сабралі спецыялістаў той гаспадаркі і правезлі па адноўленых палях і фермах, каб паказаць перамены. У Палацы культуры за сталом разгаварыліся, і столькі прагучала здзіўлення ўбачаным.

— Чым вы так здзівілі іх?

— Самым звычайным. Прывялі ў парадак кожны куточак зямлі, якую меліяравалі паўвека таму і яна некалі давала рэкордныя ўраджаі. Але меліярацыйныя збудаванні не падтрымліваліся, масівы забалоціліся. Там мы навялі парадак, і поле адгукнулася. Пры спецыялізацыі вырошчвання бульбы ў іх калгасе не было механізаванага сарціравальнага пункта. Клубні перабіралі ўручную. Людзі паказвалі свае пакручаныя ад паліартрыту пальцы. Мы закупілі перасоўны сартыравальны пункт, адкуль клубні адразу загружаюцца на зімовае захоўванне. Усяго шэсць чалавек абслугоўваюць гэты механізм.

— Разам з калгасам вам дастаўся і вядомы музей хлеба.

— Мышы яго з’елі. Апошнія дванаццаць гадоў ён быў на замку. Будынак заняпаў, пацёк дах. Экспанаты выгарэлі. Аднавілі музей на трэцім паверсе Высокаўскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійна-тэхнічнага каледжа. Адрамантавалі і пафарбавалі былы музей хлеба ў вёсцы Расна.

— Ваш галоўны сённяшні клопат?

— Рэалізацыя прадукцыі. 50 тон мяса і 20 тон каўбас штодня павінны прадаць. Унутраны і знешнія рынкі перанасычаны. Дзякуючы  мадэрнізацыі можна павышаць якасць прадукцыі і спадзявацца на поспех. Пастаўляем мясныя вырабы за Урал і тэрміны рэалізацыі вытрымліваем. Якасць прадукцыі залежыць у першую чаргу ад кармоў. Кожную раніцу начныя аператары дакладваюць пра ветэрынарны стан на комплексе, дакладна вытрымліваецца тэхналогія вытворчасці.

— У вас праблема рэалізацыі мясных вырабаў, а жыхары памежных раёнаў едуць за свінінай у Польшчу і Украіну. 

— У краінах Еўропы вытворчасць свініны напалову даціруецца дзяржавай. Адтуль завозілі мясныя вырабы ў свабодную эканамічную зону. Сітуацыя памянялася. Наша гаспадарка забяспечвае патрэбы Брэста і нават беларускую сталіцу. Цэны невысокія. Кілаграм рубленай свініны на прылаўках магазінаў не перавышае 56 тысяч рублёў. Украінскія цэны часова ніжэйшыя з-за абвалу грыўні.

— Якой вам уяўляецца перспектыва беларускай свінагадоўлі?

— У наш даволі эканамічна складаны час будаўніцтва новых комплексаў лепш адкласці. Наяўныя магутнасці забяспечваюць краіну патрэбамі свініны. На знешнія рынкі асабліва не варта разлічваць. Міністр сельскай гаспадаркі Расіі Мікалай Фёдараў дакладваў прэм’ер-міністру Дзмітрыю Мядзведзеву, што для поўнага забеспячэння патрэб краіны неабходна закупіць за мяжой 760 тысяч тон свініны. У сувязі з апошнімі складанымі палітычнымі падзеямі расіяне за мінулы год павялічылі вытворчасць свініны на 360 тысяч тон, і сёлета плануецца поўнасцю забяспечыць унутраны рынак сваёй прадукцыяй. Гэта нам трэба ўлічваць. Па цэнавому фактару ўступаем расійскім вытворцам. Там электраэнергія і кармы больш танныя. Такія ж праблемы з птушкагадоўляй і забеспячэннем малочнымі прадуктамі. «Савушкін прадукт» і «Белавежскія сыры» ўжо адчулі значныя праблемы з рэалізацыяй. Гандаль з аддаленымі рэгіёнамі нясе дадатковыя затраты. 

Беларусь поўнасцю сябе забяспечвае прадукцыяй ферм, а валюту лепш зарабляць прамысловасцю. Нашы трактары, на жаль, па многіх пазіцыях уступаюць замежным. Акрамя «МТЗ-82», іншыя мадэлі патрабуюць дапрацоўкі. Шмат нараканняў у нас да вытворцаў трактара «МТЗ-3522».  Звычайна за час веснавых работ два-тры разы выходзіць са строю.

Больш як дзесяць гадоў таму набылі шэсць «Джон Дзіраў».  Толькі ў адным памянялі за гэты час рухавік. Астатнія працуюць бездакорна. І гомельская тэхніка лепшай стала. 

— Якія крыніцы экспартнага патэнцыялу не рэалізаваны ў аграпрамысловым сектары Беларусі?

— Вытворчасць садавіны. Павучыцца можна не толькі ў палякаў, але і ў прыватных палескіх фермераў. Раней значна папаўняла валютныя запасы рэалізацыя бульбы. Нашы асноўныя спажыўцы — расіяне ўжо самі набудавалі сховішчаў і забяспечваюць краіну гэтым прадуктам. 

— А тэхнічныя культуры?

— Даволі праблемнай стала вытворчасць ільну. Хімічная прамысловасць забяспечвае патрэбы, якія раней ускладаліся на льнозаводы. Як ні стараюцца навукоўцы Інстытута лёну, але ў раёнах адбіваюцца ад яго. Пашырэнне плошчаў пад цукровыя буракі і рапс сябе апраўдваюць. Цукровыя камбінаты пры ўмовах мадэрнізацыі могуць за некалькі асенніх месяцаў спраўляцца з перапрацоўкай сыравіны. Сёлета да вясны расцягнулі гэту справу, і атрымаліся страты буракоў. Важна і эфектыўна дапрацоўваць жом. Не развозіць ваду, а высушваць і дадаваць сухі жом у камбікармы.

Штогод мы пашыраем пасевы рапса. Сёлета ім будзе занята тысяча гектараў. Рэнтабельнасць гэтай тэхнічнай культуры даволі высокая.

— Ён надта выхалашчвае зямлю?

— Надалей плошчы пад рапс плануем пашыраць. Летась атрымалі звыш 30 цэнтнераў з гектара. Сёлета плануем сабраць па 40. Рапсавы жмых дастаткова забяспячвае рацыён буйной рагатай жывёлы бялком, які мы раней набывалі за валюту. Пад пасевы ўносім у павышанай колькасці ўгнаенні са свінагадоўчага комплексу. Саломку здрабняем, паліваем жыжай, дадаем азоту і заворваем. Атрымліваецца эфектыўная запраўка глебы.

— Ці ёсць перспектыва на вашых палях для сланечніку?

— Ён паспявае звычайна ў канцы верасня, калі льюць дажджы. Толькі ў некалькіх самых паўднёвых раёнах кліматычныя ўмовы дазваляюць яго вырошчваць. Магутныя сцяблы пасля ўборкі трэба змяльчаць і глебу дадаткова перапрацоўваць, што павышае затраты. Аддача ад яго нязначная, як і ад соі. Спрабавалі яе вырошчваць, але з-за дажджоў панікла, і ўбіраць не было чаго.

— Юрый Дзмітрыевіч, вашы развагі канструктыўныя, і ў вас ёсць магчымасць іх прапаноўваць на кансультацыйным савеце пры міністру сельскай гаспадаркі і харчавання.

— На жаль, ёсць сярод нашых галіновых кіраўнікоў такія, што трымаюцца аджыўшых стэрэатыпаў. У рэспубліцы пастаўлена задача будаваць малочна-таварныя фермы з арыентацыяй на эканомію затрат. І пачалі будаваць халодныя фермы. Пліты перакрыццяў даху паклалі праз адну і зверху шыферам накрылі. Замест сцен сеткі нацягнулі, каб мухі і птушкі не ляцелі. Карова спрадвеку гаспадаром утрымлівалася ў цёплым і сухім хляве. У такіх новых памяшканнях на дах лёг снег. Карова выдыхае за суткі да шасці вёдзер вады ў выглядзе пары, якая ўздымаецца і збіраецца на халоднай столі. Сцюдзёныя каплі сцякаюць на жывёлу. Летам пад нагрэтым сонцам дахам таксама канцэнтруецца вільгаць і льецца на кароў. Таму і хварэе жывёла.

Мы закупілі непасрэдна ў вытворцаў шведскае абсталяванне для кароўнікаў. Прэзідэнт вытворчай фірмы здзіўлена адзначаў, што з усіх краін, куды яны пастаўляюць абсталяванне, толькі ў нас будуюць жывёлагадоўчыя фермы з экстрымальнымі ўмовамі ўтрымання жывёлы. На эксперыменальнай базе «Жодзіна» нядаўна ўвялі ў эксплуатацыю ферму з уцепленым дахам і вокнамі на 1000 галоў. І такую ж будуем мы. Чаму навукоўцы не маглі дадумацца да гэтага раней?  Ва ўцепленых памяшканнях суха і ўтульна. Мы пільна кантралюем, каб у жывёлагадоўчых памяшканнях дзейнічала вентыляцыя.

— Робаты на вашы фермы прыйшлі ўжо?

— Аўтаматы, што дояць 70 кароў, эфектыўны для невялікай фермерскай гаспадаркі. На нашых малочна-таварных фермах усталяваны ўжо робаты на «каруселі». Гэта самы сучасны варыянт тэхнічнага аснашчэння.

— Юрый Дзмітрыевіч, вы, як і вядомы гродзенскі хлебароб Герой Беларусі Васіль Апанасавіч Рэвяка, двойчы ўвайшлі ў адну раку. Вам пашчасціла на гаспадарку ці калектыву — на вас?

— Сачу за поспехамі Васіля Апанасавіча, які няўстанна ўзначальвае моцную гаспадарку. Для кіраўніка важна мець надзейны тыл. Удзячны лёсу і таму вераснёўскаму дню, калі ўбіралі бульбу на аршанскім полі і там прыкмеціў дзяўчыну, якая запала ў душу. Закончылі працу і за вячэрай пазнаёміліся. Адвёз яе дамоў у Віцебск, дзе яна настаўнічала. Праз тыдзень прыехаў на спатканне і так амаль чатыры месяцы ездзіў. Вяселле ладзілі ў доме яе сястры ў аршанскай вёсцы Бабінічы. Маёй маці ўжо не было. Нявесту Галіну Захараўну прывёў у аднапакаёвую кватэру, якую атрымаў, будучы халасцяком. Нідзе ў Оршы нельга было ўладкавацца настаўніцай. Даведаліся пра вакансію ў судзейскай канцылярыі, і там яна працавала да нараджэння дачкі Марыны. Пераехалі на Камянеччыну, дзе я ўзначаліў будаўніцтва свінагадоўчага комплексу. Сын папоўніў сям’ю. Пасля завяршэння будаўніцтва мне даручылі кіраваць саўгасам «Белавежскі». Аддзел кадраў гаспадаркі ўзначаліла Галіна Захараўна. Ведае дзень нараджэння кожнага з нашага калектыву. Траіх унукаў маем: дзве Сафійкі і наследніка Мікітку. Як падрасталі дзеці, з-за працы не заўважаў. Унукамі цешуся. Мікітка ў шэсць гадоў умее машыну вадзіць, вывучае англійскую мову. 

— Можа, Мікітка працягне справу дзядулі?

— Для гэтага трэба селянінам нарадзіцца. Ёсць каму замяніць мяне, але пакуль не афішырую. На пачатку мая мой чарговы юбілей. Куляй гады праляцелі! Кіраваць такім вялікім з сучаснымі тэхналогіямі калектывам павінен чалавек ініцыятыўны. Такіх спецыялістаў вітаю, і нават калі ў іх што не атрымліваецца, не абсякаю. Кадры склаліся трывалыя. 

Сучасны кіраўнік не толькі ў адказе за вытворчасць, але і за рэалізацыю прадукцыі, за выплату заробку людзям, за кармы, набыццё ўсяго неабходнага для вытворчага працэсу. Белавежскія клопаты і дзесяцігоддзі працы гартавалі мяне. Кожнае з трох вытворчых аддзяленняў узначальвае мой намеснік. Калі адлучаюся, аднаму з іх даручаю гаспадарку. Клапоцімся і пра папаўненне кадраў. Трымаем сувязь з рэктарамі БАТУ, Гродзенскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага ўніверсітэта, Віцебскай дзяржаўнай ветэрынарнай акадэміі і заключаем дамовы са студэнтамі на аплату іх вучобы і выплату стыпендыі ў памеры мільёна рублёў. Моладзь папаўняе калектыў, мы іх забяспечваем жыллём. 

— Юрый Дзмітрыевіч, вам, як любому чалавеку, уласцівы агульныя якасці, у тым ліку і пачуццё страху. Чаго баіцеся? 

— Старасці. Так не хочацца быць падуладным хуткацечнаму часу. Штораніцы паўгадзіны займаюся на спартыўнай пляцоўцы ў двары пры любым надвор’і. Паветра свежае. Зараду на ўвесь дзень стае.

Уладзімір СУБАТ, «СГ»

Камянецкі раён

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter