Сексуальны, але ненадзейны

З брутальным мужчынам рызыкоўна браць шлюбЧым прывабны вобраз “самца” і чаму ён культывуецца ў грамадстве? Чаму жанчына, якая хоча цяпла, а не толькі гарачых гульняў у ложку, мусіць многа разоў падумаць, перш чым ісці на збліжэнне з прадстаўніком супрацьлеглага полу “брутальнага” тыпу? Кансультуе Міхаіл ДЗЕРНАКОЎСКІ, урач-псіхатэрапеўт, псіхолаг, дырэктар кансалтынгавай кампаніі “Коучынг цэнтр” (коучынг — раскрыццё патэнцыялу чалавека).

— Міхаіл, давайце расставім кропкі над “і”: ці мусіць увогуле мужчына быць брутальным і чаму гэтая якасць “закладваецца” ў хлопцаў з дзяцінства амаль ва ўсіх сем’ях?
— У брутальнасці заключаны нейкі важны момант палавой прывабнасці. Справа ў тым, што сексуальная прывабнасць залежыць у асноўным ад біялагічных фактараў, а не ад сацыяльных. За сексуальную прывабнасць адказвае група гармонаў-нейрапептыдаў пад умоўнай назвай ферамоны. Калі вам нехта спадабаўся, ферамоны выклікаюць рад фізіялагічных змен: паружавенне твару, пачашчэнне дыхання, пашырэнне зрэнак і рад моцных эмоцый, якія і ёсць той самай “цягай” да чалавека. Ферамоны выдзяляюцца ў жанчын на мужчын у залежнасці ад іх паспяховасці, лідэрскіх пазіцый, сілы ў розных яе праявах. Імкнучыся спадабацца, жанчына будзе многа часу праводзіць ля люстэрка, а мужчына дэманстраваць усім сваю фізічную і псіхалагічную моц. Гэты аспект асабліва турбуе людзей з нізкай самаацэнкай, яны імкнуцца кампенсаваць яе яркім макіяжам і колерам валасоў (жанчыны) або акцэнтаванай дэманстрацыяй “брутальнасці” (мужчыны). Гэта разумеюць спрактыкаваныя рэжысёры, якія прапагандуюць “брутальнасць” у галівудскіх і ваколгалівудскіх фільмах. Аднак людзі не толькі біялагічныя, але і сацыяльныя істоты. Таму “брутальнасць” на экране назіраць цікава, а ў рэальным жыцці яна можа ўсіх адпудзіць і выклікаць адваротны эфект.
— Чаму ўсё роўна добры, пяшчотны, клапатлівы мужчына для многіх нібыта ўжо і не “сапраўдны”?
— Акурат ён і ёсць сапраўдны. “Брутальны” мужчына — секс-сімвал, але не сімвал сябра, мужа, добрага і надзейнага чалавека. Гэта толькі кінагерой. У рэальным жыцці такі “самец” ні да чаго не здатны.
— Як тады жанчыне адрозніць сапраўднага мужчыну ад “падробкі”?
— Па-першае, многае залежыць ад выхавання жанчыны і ўзроўню яе інтэлекту. Па-другое, вельмі часта жанчына рызыкуе трапіць у паталагічнае замкнёнае кола. Пасля няўдалых дачыненняў з “брутальным” тыпам яна пачынае падсвядома шукаць гэткага ж “мача”, нібы “даводзячы” сабе, што з такім чалавекам шчасце можа быць. Але вынік будзе адзін і той жа. Таму жанчыне трэба спыніцца і сфарміраваць у сваёй падсвядомасці больш адэкватны і нармальны вобраз мужчыны.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter