Практычна 30 000 гледачоў паглядзелі спектаклі Купалаўскага тэатра анлайн. Нагадаем, на мінулым тыдні Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы распачаў праект “Тыдзень Купалаўскага online”, мэта якога — запісаць спецыяльна для сваіх гледачоў па ўсім свеце самыя цікавыя пастаноўкі з рэпертуару тэатра.
Сцэны са спектакля "Паўлінка"
Першай усіх беларусаў свету аб'яднала славутая “Паўлінка”, якую ў выкананні артыстаў Купалаўскага тэатра паглядзелі каля 20 000 гледачоў. Прэс-сакратар тэатра Паліна Крышчановіч пералічвае:
— Анлайн-паказ глядзелі ў ААЭ, Азербайджане, Арменіі, Бельгіі, Грузіі, Германіі, ЗША, Ізраілі, Іспаніі, Казахстане, Канадзе, Кыргызстане, Латвіі, Літве, Пакістане, Партугаліі, Польшчы, Расіі, Славакіі, Турцыі, Украіне, Францыі, Японіі ды ў іншых краінах. А беларуская дыяспара ў Мадрыдзе нават арганізавала прагляд трансляцыі ў нацыянальных касцюмах! Да таго ж падпісчыкі Купалаўскага тэатра ў Instagram i Facebook, а таксама артысты тэатра зладзілі флэшмоб па запрашэнні да анлайн-прагляду спектакля.
Сцэны са спектакля "Вельтмайстар-акардэон"
Другую пастаноўку — спектакль-канцэрт “Вельтмайстар-акардэон” рэжысёра Мікалая Пінігіна — у межах праекта “Тыдзень Купалаўскага online” паглядзелі каля 7000 гледачоў на трох кантынентах. Паказ запісу спектакля прайшоў на YouTube-канале Купалаўскага тэатра абсалютна бясплатна без тэрытарыяльных абмежаванняў.
А ўжо сёння, 2 красавіка, ва ўсіх аматараў беларускай культуры будзе магчымасць пазнаёміцца з пастаноўкай з рэпертуару камернай сцэны. Спектакль “Ураджай” Дзмітрыя Цішко па п’есе сучаснага беларускага драматурга Паўла Пражко ў мінулым годзе наведаў Бабруйск і Парыж, а ў пачатку 2020-га — Маскву. Паглядзець запіс спектакля можна будзе па-ранейшаму на афіцыйным YouTube-канале тэатра. Спасылка на прагляд будзе даступная толькі на сайце kupalauski.by і ў сацыяльных сетках тэатра з 18.00 другога красавіка да 9.00 трэцяга красавіка.
Сцэны са спектакля "Ураджай"
Фотаздымкі з сайта Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы