Саюз талентаў. Пісьменнікі Беларусі і Расіі аб'ядналіся ў адну творчую грамаду.

Учора ў Нацыянальнай бібліятэцы майстры пяра дзвюх краін сабраліся на веча: абмеркаваць актуальныя праблемы сучаснай літаратуры і заявіць пра сваё творчае адзінства. Дэлегаты ад Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Расіі абвясцілі пра стварэнне Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы.

Ідэю правядзення форуму падтрымалі прэзідэнты дзвюх краін, Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы.
Беларуская і руская мовы, чаргуючыся, гучалі і з прэзідыума, і з залы з’езда, сімвалізуючы ва ўзаемасувязі адзінства літаратурнай традыцыі на прасторах Саюзнай дзяржавы. Адчувалася сапраўдная еднасць культур, літаратур.
Каб прывітаць літаратараў, на з’езд прыйшлі дзяржаўныя, царкоўныя дзеячы, даслалі свае звароты прэзідэнты Беларусі і Расіі.
Вітанне ад імя кіраўніка нашай дзяржавы творцам перадаў Усевалад Янчэўскі, памочнік Прэзідэнта, начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэ-зідэнта. Аляксандр Лукашэнка адзначыў у сваім звароце да пісьменнікаў: “Сёння вы ствараеце першую ў гісторыі беларуска-расійскую творчую арганізацыю, якая паклікана адрадзіць добрыя традыцыі сумеснай работы літаратараў братэрскіх краін”. Спадар Янчэўскі пацвердзіў, што “з боку беларускай дзяржавы будзе аказвацца ўсялякая падтрымка гэтай добрай і светлай справе”.
Ад імя Прэзідэнта Расіі ўдзельнікаў з’езда вітаў пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў. Паводле Дзмітрыя Мядзведзева, “стварэнне саюза пісьменнікаў — гэта новая старонка ў нашым гуманітарным дыялогу”. Прэзідэнт Расіі адзначыў асаблівую місію майстроў пяра: “Неабходна захаваць агульныя культурныя каштоўнасці, клапаціцца пра развіццё нацыянальных моў”.
“Перад пісьменнікамі стаіць задача — захаваць літаратурныя традыцыі, нашу мову”, — звярнуўся ў пасланні да мастакоў слова Саюзнай дзяржавы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл. На думку кіраўніка Рускай праваслаўнай царквы, асабліва актуальнай цяпер з’яўляецца адказнасць аўтара за напісанае. “Калі мастацкім словам карыстацца неасцярожна — яно можа стаць небяспечным, — перасцерагае Патрыярх. — Аднак самае галоўнае, што ў адрозненне ад нядаўняга часу цяпер ліквідавана сцяна, якая аддзяляла пісьменнікаў і царкву. Мы можам пераадольваць цяжкасці ў духоўным жыцці разам”.
Ад імя кіраўніка Беларускай праваслаўнай царквы на з’ездзе выступіў свяшчэннік Аляксандр Шымбалёў. Ён агучыў ключавую думку Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі: “Уласным прыкладам пісьменнікі дэманструюць, што маральныя каштоўнасці вечныя”. Мітрапаліт перадаў сваё благаславенне літаратарам Саюзнай дзяржавы, якія ажыццяўляюць “добрыя намеры ў імя братэрства адзінаверных народаў”.
Устаноўчым з’ездам Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі сустаршынямі арганізацыі абраны Мікалай Чаргінец і Валерый Ганічаў. Абвешчана, што саюз ставіць мэтай папулярызацыю твораў класікі нацыянальных літаратур, стварэнне ўмоў для развіцця новых талентаў.

Гавораць дэлегаты і ўдзельнікі з’езда

Мікалай ЧАРГІНЕЦ:
“Па нашых сэрцах не прайшла мяжа”
Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, вітаючы сваіх калег, прызнаўся: яму прыемна, што “па нашых сэрцах не прайшла мяжа”, што “нашы творы могуць стаць падмогай у будаўніцтве саюза дзвюх краін”. Мікалай Чаргінец, аднак, не змаўчаў і аб праблемах. Ён лічыць, што пісьменнікі дагэтуль не часта сустракаліся ў такім прадстаўнічым складзе, як учора, рэдка перакладалі творы адзін аднаго: “У апошнія гады на ніве духоўнасці найбольш старалася царква, пісьменнікі страцілі ўплыў у грамадстве. А цяпер прыйшоў час вярнуць нашым народам адчуванне магіі друкаванага слова, якое прынёс ва ўсходнеславянскі свет беларус Францыск Скарына”.

Валерый ГАНІЧАЎ:
“Руская і беларуская мова — наша апора ў гэтым свеце”
Старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў Расіі выказаў упэўненасць, што стварэнне агульнай арганізацыі пісьменнікаў Беларусі і Расіі дазволіць напоўніць яшчэ большым зместам Саюзную дзяржаву. Валерый Ганічаў акцэнтаваў увагу на галоўнай каштоўнасці, пра якую мусяць дбаць творцы: “Руская і беларуская мова — наша апора ў гэтым свеце. І як кожны беларус добрае ведае рускую мову, так і кожны культурны рускі чалавек павінен авалодаць беларускай — праз літаратуру”.

Аляксандр РАДЗЬКОЎ:
“Без жывога мастацкага слова не можа сфарміравацца асоба”
На думку міністра адукацыі нашай краіны, пільнай задачай для пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы павінна стаць стварэнне новых твораў для малодшых школьнікаў. Аляксандр Радзькоў падкрэсліў: “Без жывога мастацкага слова не можа сфарміравацца асоба. І таму, дбаючы пра самых маладых нашых грамадзян, пісьменнікі павінны ісці далей у сваёй рабоце, не толькі пісаць новыя раманы, аповесці, вершы, але і ўлічваць патрэбы часу: каб па сюжэтах твораў айчынных аўтараў ствараліся мультфільмы, нават камп’ютэрныя гульні”.

Павел ЛАТУШКА:
“Прадэманстравана гістарычная сувязь нашых народаў”
У сувязі з правядзеннем сёлета Года Расіі ў Беларусі і аб’яўленнем 2010-га Годам Беларусі ў Расіі міністр культуры нашай дзяржавы лічыць сімвалічным і стварэнне ў цяперашні час саюзнага Саюза пісьменнікаў. “У чарговы раз прадэманстравана гістарычная сувязь нашых народаў, якая спрыяе дыялогу культур”.

Лілія АНАНІЧ:
“На кожнага беларуса ў год выдаецца па шэсць кніг”
Першы намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч мяркуе, што невыпадкова ідэю заснавання Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы падалі менавіта беларускія літаратары. Беларусы — адна з тых нацый, дзе кніга шануецца на высокім узроўні. “Дзяржава аказвае спецыяльную падтрымку кнігавыдавецкай справе, — падкрэсліла спадарыня Ананіч. — Летась выйшла 13 тысяч назваў кніг тыражом 55 мільёнаў эк-
земпляраў, або па шэсць кніг на кожнага жыхара краіны. Школы атрымалі 480 тысяч экземпляраў 30 кніг з серыі “Школьная бібліятэка”, у якой выдаюцца лепшыя творы расійскіх і беларускіх пісьменнікаў. Працягваюцца выданні збораў твораў Максіма Танка (у 13 тамах), Якуба Коласа (у 20-ці), у 2010 годзе пачнецца выданне збору твораў Івана Шамякіна”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter