Савет з артыстаў і мастакоў. Вырашаць праблемы культуры будзе творчая інтэлігенцыя Беларусі.

Пры Міністэрстве культуры створаны Рэспубліканскі савет па справах культуры і мастацтва Беларусі.

У склад савета ўвайшлі аўтарытэтныя дзеячы культуры і мастацтва, такія як народныя артысты СССР і Беларусі Расціслаў Янкоўскі, Валянцін Елізар’еў, народныя артысты Беларусі Генадзь Аўсяннікаў, Міхаіл Фінберг, Анатоль Ярмоленка, старшыні творчых саюзаў, навуковыя супрацоўнікі і грамадскія дзеячы Адам Мальдзіс, Алег Трусаў, прадстаўнікі рэгіёнаў. Абмяркоўваць і ўносіць на разгляд урада прапановы па ключавых праблемах культуры будуць не толькі масцітыя беларускія дзеячы, але і творчая моладзь краіны.
— Для нас важна пачуць меркаванні людзей, якія працуюць у сферы культуры, кансультавацца з імі пры прыняцці важных рашэнняў, — прызнаўся міністр культуры Павел Латушка. — Перш за ўсё мы хочам прыцягнуць увагу савета да распрацоўкі стратэгічных напрамкаў далейшага развіцця культуры.
Члены савета будуць удзельнічаць у рэалізацыі дзяржаўнай культурнай палітыкі, уносіць на разгляд урада прапановы па ключавых праблемах развіцця культуры і мастацтва, падтрымліваць канкрэтныя культурныя праекты. Упершыню творчая інтэлігенцыя збярэцца на пасяджэнне ў студзені 2011 года. Плануецца, на разгляд будуць вынесены пытанні аховы гісторыка-культурнай спадчыны, а таксама развіцця тэатральнага мастацтва.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter