Шэраг беларускіх суполак, сяброў газеты даслалі ў рэдакцыю свае пісьмы

Сардэчныя віншаванні

Шэраг беларускіх суполак, сяброў газеты даслалі ў рэдакцыю свае пісьмы

“Сябры згуртавання “Зорка Венера” рады павіншаваць усіх, хто працуе над штотыднёвікам “Голас Радзімы”, з Новым, 2015 годам і Калядамі. Жадаем шчасця, поспехаў у справах, новых творчых здабыткаў, моцнага здароўя. Спадзяёмся, мы і надалей будзем атрымліваць вашу газету, без якой ужо цяжка ўявіць жыццё ўдалечыні ад Бацькаўшчыны. “Голас Радзімы” для нас, жыхароў Украіны — нібы глыток свежага паветра, яскравае сведчанне таго. што мы тут не пакінутыя Радзімаю ў цяжкую гадзіну нашага жыцця... Спадзяёмся, што на нашай гістарычнай Бацькаўшчыне ўкраінскія падзеі ніколі не паўто­рацца.” Такое віншаванне даслаў даў­ні наш няштатны аўтар Пятрусь Капчык, кіраўнік згуртавання беларускай культуры “Зорка Венера” з заходнеўкраінскага горада Ізяслаў.

Кіраўніца Цэнтра беларускай культуры з Даўгаўпілса Жанна Раманоўская павіншавала ўсіх нас ад імя свайго калектыву радкамі вядомага купалаўскага верша: “З Новым годам, з Новым годам!/ З новай песняй, з новай казкай!/ Зачаруем мімаходам/ Долі ходы думкай-краскай!/ З Новым годам, што крыніцай/ Новай пойдзе ў пераходзе,/ Беларуская зямліца!/ Беларускі наш народзе!”. Зямлячка пажадала ўсім суродзічам міру ў сэрцы і ў думках, здароўя і любові, багатага на поспехі ды і падзеі 2015 года.

Шчырыя віншаванні са святамі даслалі ў рэдакцыю кіраўніца Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага Алена Сіпакова, старшыня Саюза беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова. Віншаванне з Масквы атрымалі ад расійскага гісторыка-генеалога, старшыні Геральдычнага савета пры Прэзідэнце Расіі Станіслава Думіна — у яго, пісалі мы, беларускія родавыя карані. Яшчэ ў паштовай скрынцы  ёсць  віншаванні ад кіраўніцтва аб’яднання “Дыялог Еўразія”, кіраўніцы гуртоў “Сузор’е” і “Таночак” з Вісагінаса (Літва) Ірыны Урбавічэне, кіраўніцы суполкі “Голас Радзімы” з украінскага Мікалаева Таццяны Дзяменнікавай... Усім нашым сябрам — вялікі дзякуй!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter