Алег Навіцкі прывёз у Беларусь падарункі з космасу

Сапраўды касмічныя падарункі!

Касманаўт Алег Навіцкі праводзіць свой адпачынак у Чэрвені. Вядома ж, ён прыехаў на радзіму з падарункамі. Касмічнымі. Свае асабістыя рэчы, якія пабывалі з ім на арбіце Зямлі, ён перадаў у філіял Нацыянальнага гістарычнага музея Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці ў Мінску. На мерапрыемстве прысутнічала і карэспандэнт «Р».


На Карла Маркса, 38, дзе размясціўся музей, у гэты дзень было мнагалюдна: сюды завіталі тыя, хто хацеў пабачыць сапраўднага касманаўта, паціснуць яму руку і зрабіць памятнае фота. Алег Навіцкі прывёз музею сцяг нашай краіны, які быў з ім у космасе, пальчатку ад скафандра, свае майкі і нават мяшок, у якім захоўваліся ўсе асабістыя рэчы:

— Я таксама перадаю эмблему экіпажа, якая вісела на Байкануры да старту карабля з экіпажам. Некаторыя рэчы я папрасіў у генеральнага канструктара па пілатуемых праграмах. Падышоў і спытаў: ці можна я перадам музею ў Беларусі? Так што цяпер тут палётны касцюм, у які экіпаж пераапранаецца пасля таго, як здымае скафандр, цеплаахоўны касцюм — для таго, каб касманаўт не змерз у выпадку незапланаванай пасадкі зімой, і касцюм для выратавання экіпажа ў выпадках прываднення.

Новая касмічная экспазіцыя нашага музея папоўнілася яшчэ і фотаздымкамі «Раскосмасу» і NASA, Алега Навіцкага і нават яго жонкі Юліі. На іх зафіксаваныя падрыхтоўка да палёту, старт, прызямленне, сустрэчы, склад экіпажа і іншае. Вядома ж, вельмі асабістыя рэчы — лісты, фатаграфіі, маленькія сувеніры ад сяброў і блізкіх касманаўта, якія таксама былі ў космасе, — ён пакінуў сабе.

Касманаўт падарыў нашай краіне свае асабістыя рэчы, якія прабылі на Міжнароднай касмічнай станцыі.

— Усё што хочаш узяць з сабой у космас, вядома, нельга. Ёсць пэўны пералік рэчаў, якія касманаўт можа захапіць з сабой на МКС. Яны павінны быць вагой не больш за 1 кілаграм і аб'ёмам не больш за 0,5 літра. У цэлым у мяне нават застаўся запас у 70 грамаў для асабістых рэчаў, — з усмешкай падзяліўся падрабязнасцямі збору ў касмічную  экспедыцыю Алег Навіцкі.

Намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Аляксандр Храмы назваў дзень перадачы з рук касманаўта рэчаў, якія пабывалі на арбіце, гістарычным:

–У нас нарадзілася новая экспазіцыя. Мы зможам паказаць усім нашым гасцям, што Беларусь — гэта касмічная дзяржава. Мы спадзяёмся, што вы будзеце не толькі нашым ганаровым госцем, але і творцам нашай сумеснай гісторыі.


Аляксандр Храмы ўручыў касманаўту падарунак ад музея — кнігу, у якой паказаны яго ўнікальныя калекцыі:

— Калі мы зробім новае выданне, яно папоўніцца і тымі прадметамі, якія вы нам перадалі.

Вядома, што падчас палёту Алег Навіцкі разам з калегамі правёў больш за пяцьдзясят эксперыментаў. Але вось што цікава: часам яны нават не ведалі, над чым працавалі!


— Асноўная частка эксперымента можа праводзіцца на Зямлі, і толькі маленькую частку мы выконваем у космасе. Калі эксперымент завяршаецца, ён ідзе далей, можа паўтарацца з года ў год. Ёсць вельмі доўгатэрміновыя эксперыменты. Мы імкнуліся адпрацоўваць навуковую праграму па максімуме.

А яшчэ касманаўт фатаграфаваў Зямлю. Ён прызнаўся, што зрабіць фота не так было і проста:

— Калі ў мяне атрымліваўся кадр, то гэта было сапраўды шчасцем. Трэба было злавіць момант, калі няма воблачнасці, калі МКС праходзіць там, дзе трэба. З Зямлі можа здавацца, што надвор'е яснае, а зверху ўсё не так.
Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці папоўніўся ўнікальнымі экспанатамі.

Згадваючы свае юнацкія гады, Алег Навіцкі прызнаўся, што марыў тады стаць ваенным лётчыкам, каб наблізіцца да неба, да зорак.

— Так атрымалася, што калі я заканчваў навучанне ў ваенна-паветранай акадэміі, праводзіўся адбор у атрад касманаўтаў, — так што тут мае месца выпадак, удача. Такую магчымасць прапусціць было нельга, і я прайшоў выпрабаванні... Што я магу пажадаць маладым? Усё роўна, дзе ты нарадзіўся: у маленькай вёсцы ці ў буйным горадзе. Трэба не ленавацца, працаваць на максімум, ставіць мэты, упарта да іх ісці. Натуральна, трэба кінуць курыць, калі хтосьці паспрабаваў, неабходна займацца спортам. Я яшчэ перад паступленнем у авіяцыйнае вучылішча ў Чэрвені бегаў па 12 кіламетраў. І ўсе гэтыя заняткі былі толькі на карысць. Між іншым, нават тыя касманаўты, хто ўжо даўно пакінуў атрад і пайшоў на пенсію, ходзяць і цяпер у спартзал, і жывуць яны па 90 і больш гадоў.

Алег Навіцкі расказаў, што і цяпер у Чэрвені, дзе ён са сваёй сям'ёй гасцюе ў маці, кожны дзень займаецца бегам:

– А то ж мама корміць як на забой. Трэба трымаць сябе ў форме.

А я на развітанне спытала ў касманаўта, якімі былі яго першыя крокі на Зямлі і ці хоча ён зноў паляцець на арбіту.

— Самыя прыемныя крокі, — узгадвае ён. — Праўда. Я мог ісці, толькі вертыкаль было цяжка трымаць. Але я хутка аднавіўся. Ці адпраўлюся ў космас зноў? Камісія ў студзені пакажа: гатовы я да палёту ці не. Калі так, то я адразу прыступлю да падрыхтоўкі.

alinakasel@gmail.com
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter