Сапер памыляецца аднойчы...

Чэрвень 1944 года. Віцебск у руінах і спусташэнні. Такое ўражанне, што горад мёртвы. Падчас вызвалення ў дзённіку аднаго з забітых нямецкіх афіцэраў знайшлі запіс. Калі яго перавялі на нашу мову, то прачыталі: “Віцебск – мёртвы горад. Ён сцёрты намі з твару зямлі і ніколі больш не адродзіцца...”
Але фашыст памыліўся. У разбураным дашчэнту горадзе жыццё не прыпынілася. Некалькі соцень жыхароў схаваліся ў падвалах. Жыла і спявала гімн жыццю магутная Заходняя Дзвіна. А над ёю як сімвал непераможнасці ўзвышаўся пабудаваны ў даваенныя часы мост працягласцю больш за 300 метраў. У бяссільнай злосці гітлераўцы хацелі знішчыць і гэты аб’ект. Замініравалі яго загадзя, але не ўзрывалі, бо на Заходняй Дзвіне быў створаны моцны абаронны рубеж. Між тым адлiк ішоў не на дні, а на гадзіны. Часці 39-й і 43-й армій уварваліся ў Віцебск. Ворагі аказвалі адчайнае супраціўленне. Уцякалі на захад праз мост, які ў апошні момант вырашылі знішчыць. Савецкае камандаванне прадугледзела гэту вар’яцкую задуму. Для выратавання моста ў ноч 26 чэрвеня да яго была накіравана група байцоў 158-й стралковай дывізіі на чале са старшым сяржантам, камандзірам сапёрнага ўзвода Фёдарам Блахіным. Як ні дзіўна, але руіны спрыялі, каб падабрацца да моста неўпрыкмет. Сапёры, нібыта прывіды, з’явіліся перад узмоцненай аховай каля замініраванага аб’екта. Адбылася кароткая, але жорсткая сутычка. І які з іншаземцаў устаіць перад рускімі ў рукапашнай схватцы?! Варожая ахова перабіта. Старшы сяржант Фёдар Блахін з таварышамі кінуўся пад мост, дзе была закладзена ўзрыўчатка. Вось дзе спатрэбілася сапёрная вывучка: знайсці і не пераблытаць смертаносныя ніткі ўзрыўнога механізма, не зачапіць яго раней часу. Але вось бікфордаў шнур, які цягнуўся да фугасаў, перарэзаны. Цяпер засталося абясшкодзіць сам узрыўны механізм... Аднак і на гэтым смяротная небяспека не скончылася. Гітлераўцы выявілі, што мост захоплены, і пачалі шалёныя атакі на савецкіх воінаў. Усю кароткую летнюю ноч група Блахіна ўтрымлівала мост ад ворага, пакуль на світанку не падаспела падмацаванне. Удзельнікі той начной аперацыі па выратаваннi важнага наступальнага аб’екта былі ўзнагароджаны ордэнамі, а іх камандзір старшы сяржант Фёдар Блахін атрымаў званне Героя Савецкага Саюза. Пасля вайны мужны вызваліцель Віцебска і ўсёй Беларусі вярнуўся ў Горкаўскую вобласць Расіі. Але наш народ прызнаў Фёдара Блахіна сваім сынам і ў 1964 годзе прысвоіў яму ў дадатак да звання Героя яшчэ і званне ганаровага грамадзяніна горада Віцебска... Мост і сёння з’яўляецца важнай стратэгічнай артэрыяй. Аб далёкім, але незабыўным подзвігу сведчыць мемарыяльная дошка з надпісам: “Этот мост 26 июня 1944 года в жестокой схватке с фашистскими оккупантами был спасен от взрыва группой бойцов Героя Советского Союза Ф.Т.Блохина”.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter