Самыя надзейныя інвестыцыі
07.04.2009 01:00:00
...У свой час студэнта Гродзенскага сельгасінстытута Барыса Куца прама з лекцыі выклікаў рэктар: “Вось, хлопча, знаёмся. Гэты чалавек хоча запрасіць цябе на работу. Ацані — у адзін з лепшых калгасаў вобласці...”
“Купцом”, што завітаў тады ў сельгасінстытут, быў не хто іншы, як тагачасны старшыня калгаса “1 Мая” М.В.Вашчыла. Такім чынам Мечыслаў Вікенцьевіч з ліку таленавітай студэнцкай моладзі падбіраў сабе, як цяпер бы сказалі, каманду. Так Барыс Міхайлавіч Куц стаў у 1978 годзе галоўным заатэхнікам гаспадаркі, сённяшняя назва якой — сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Шчучынаграпрадукт”.
— Да гэтага часу сваім настаўнікам па жыцці лічу Мечыслава Вікенцьевіча Вашчылу. Ён усяго сябе аддаваў роднаму калгасу. Засталіся ягоныя справы, традыцыі, закладзеныя ім, галоўная з якіх — шанаваць і ўшаноўваць тых, чыя праца робіць вытворчыя паказчыкі высокімі, а гаспадарку высокаэфектыўнай.
Нядаўна мы адзначалі 60-гадовы юбілей сваёй гаспадаркі. Наогул з нагоды свята “інвесціравалі” ў людзей 50 мільёнаў рублёў.
Мінулы год быў для “Шчучынаграпрадукта” надзвычай паспяховым. Такіх вынікаў па валавому збору зерня, цукровых буракоў, ураджайнасці, надоях, увогуле рэнтабельнасці вытворчасці ў гісторыі гаспадаркі яшчэ не было. Да прыкладу, намалот збожжа пры ўраджайнасці 75,5 цэнтнера з гектара склаў 13 835 тон. Па выніках года атрымалі чыстага прыбытку ні многа ні мала шэсць мільярдаў рублёў. Па ўсіх паказчыках мы ўпэўнена набліжаемся да еўрапейскага ўзроўню.
— І ў чым жа сакрэт поспеху?
— Самадысцыпліна! Творчы падыход да кожнай справы... праз прызму эканамічнай мэтазгоднасці! Жаданне ставіць перад сабой усё новыя і новыя задачы і абавязкова іх вырашаць. Мы заўжды, нават у самыя неспрыяльныя часы, трымаліся на плаве, бо ў нас да аўтаматызму адладжаны і ўзаемадапаўняюць адна другую ўсе структуры вытворчасці. У нас шматгаліновая вытворчасць, добра развіта перапрацоўка. Да прыкладу, тое, што вырабляем са свайго зерня камбікармы, робіць іх таннейшымі на 10—15 працэнтаў. А рэнтабельнасць вытворчасці свініны? Пасля перапрацоўкі мяса яна, рэнтабельнасць, павялічваецца на пяць працэнтаў, пасля продажу — яшчэ на столькі ж! У выніку мы маем 35 працэнтаў! І такіх прыкладаў можна прывесці багата. У свой час я шмат вывучаў вопыт іншых, у тым ліку і замежны. У разгар гіперінфляцыі мы рызыкнулі пабудаваць уласны каўбасны цэх, хлебапякарню. Жыццё паказала, што разлік і інтуіцыя не падвялі. Сёння ў нас чатыры фірменныя магазіны, месячны тавараабарот якіх складае амаль 700 мільёнаў рублёў.
— Барыс Міхайлавіч, скажыце шчыра, ці ёсць новыя крэатыўныя ідэі?
— Не без таго. Ёсць на ўскрайку Шчучына цікавы і ў прыродным, і ў гістарычным аспекце куточак ля возера. Там вёска нібыта зрастаецца з горадам. Захаваліся і панскія пабудовы. Ёсць задумка стварыць там аграсядзібу. Такое месца было б цікавым і для турыстаў, і для мясцовых жыхароў. Думаю, што ў будучым мы абавязкова рэалізуем гэты праект. А пакуль што ў пасёлку Першамайскім будуем для нашых працаўнікоў два двухпавярховыя дамы.
Дарэчы, усяго за мінулы год мы пабудавалі восем кватэр для нашых спецыялістаў, абсталявалі аграгарадок Тур’я. Словам, жыццё працягваецца.