Самы прыгожы горад Беларусі – Глыбокае!

У мінулы аўторак міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Андрэй ШОРЭЦ уручыў старшыні Глыбоцкага райвыканкама Алегу МОРХАТУ Пераходны вымпел за перамогу ў рэспубліканскім конкурсе – аглядзе санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў і прэмію ў 200 мільёнаў рублёў

Канкурэнтамі на ганаровае званне Глыбокаму сёлета сталі такія гарады, як Шклоў і Ваўкавыск. Патрабаванні да «канкурсантаў» былі вельмі высокія. Браліся пад ўвагу не толькі знешні выгляд дамоў і вуліц, але іх асветленасць, аб’ём асфальтавага пакрыцця, стан жыллёвага фонду з улікам капітальнага і цякучага рамонту. Свае патрабаванні прад’явілі таксама міністэрствы аховы працы, будаўніцтва і архітэктуры, транспарту, унутраных спраў.

Старшыня райвыканкама Алег Морхат падзякаваў усім, хто дапамагаў Глыбоччыне перамагчы ў конкурсе і заўважыў:

— Пабудаваць — паўбяды. Утрымліваць і прымнажаць — вось  наша галоўная задача!

А гэта значыць, што глыбачане сур’ёзна настроены ўтрымаць у сябе Пераходны вымпел. Тым больш што горад  рыхтуецца адзначыць у 2014-м годзе  сваё 600-годдзе.

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

НА ЗДЫМКАХ: міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Андрэй ШОРЭЦ (справа) уручае Пераходны вымпел старшыні Глыбоцкага райвыканкама Алегу МОРХАТУ; адна з вуліц Глыбокага.

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter