Вучні з шаркаўшчынскага Вялікага Сяла задаюць тон у краіне ў прэзентацыі мастацтва

Самы лепшы дзень

Цi не сенсацыя: на рэспубліканскім конкурсе на лепшы інавацыйны праект па арганізацыі шостага школьнага дня трэцяе месца заняла дзіцячы сад-сярэдняя школа з вёскі Вялікае Сяло Шаркаўшчынскага раёна. Яна абышла прадстаўнікоў вучэбных устаноў большасці абласных цэнтраў і сталіцы.

Дыпламанты праекта (першы рад) Вадзім МАЦЯС, завуч школы Ірына РЫМДЗЁНАК,
(другі рад) Аляксандр ШЫШКО, Уладзіслаў МАЦКЕВІЧ, Валерый ЛАСТАЎКА,
Віталь БОХАН, (трэці рад) дырэктар Юрый МАТУЛЬ, Кацярына КРАСНАДУБСКАЯ,
Максім УСЦІНАЎ, Вераніка РАБІЗА.

Чым змаглі ўразіць дзеці з глыбінкі кампетэнтнае журы? 

— Сёння прыдумаць што-небудзь новае цяжка, — пагаджаецца завуч школы Ірына Рымдзёнак. — Мы ставілі ў першую чаргу мэту, каб у шосты, вольны ад заняткаў дзень вучням было цікава і каб ён адначасова прыносіў карысць. За аснову праекта ўзялі выставы мастацкіх карцін. 

Пачыналі, як прыгадвае дырэктар школы Юрый Матуль, з супрацоўніцтва з мастакамі свайго раёна, вобласці: Віктарам Круком, Арсеніем Пяткевічам, фатографам Валянцінам Гарадзецкім і іншымі. Асабліва плённым аказаўся дыялог з ізраільскім выяўленчым клубам “Цафон”, кіраўніком якога з’яўляецца выхадзец з Віцебска Барыс Беленькі. Пры яго непасрэдным садзейнічанні ў Велікасельскай школе прайшоў шэраг міжнародных выстаў.

Фенаменальна тое, што некаторыя форумы мастакоў пачыналіся ў Віцебскай вобласці і рэспубліцы менавіта з Велікасельскай школы. Тут кожны месяц — новая выстава, якую наведваюць таксама вучні іншых школ, жыхары вёскі і райцэнтра. Іх гідамі становяцца навучэнцы школы, якія добра ведаюць не толькі мінулае, але і маюць магчымасць пазнаёміцца з тымі, хто стварае гісторыю раёна сёння. Рэгулярнымі сталі тут сустрэчы з пераможцамі конкурсаў “Чалавек года Віцебшчыны” і “Чалавек года Шаркаўшчыны”. Яркімі і памятнымі былі дыялогі з мясцовым хлебаробам, механізатарам Расціславам Рабізам, трэнерам па таэквандо Ігарам Івановым, кіраўніком цыркавога калектыву “Мара” Віталем Дарашчонкам. Прынамсі, у апошнім выпадку вучні змаглі не толькі паглядзець выступленні самадзейных артыстаў, сваіх аднагодкаў, але і паўдзельнічаць у майстар-класе, паспрабаваць паўтарыць некаторыя нумары.

У школе ёсць свой творчы калектыў — тэатр лялек “Батлейка”, які пабываў ужо ці не ва ўсіх садзіках раёна. Падтрымку ў гэтым аказвае праваслаўная царква, з якой  наладжана супрацоўніцтва і якую дзеці з ахвотай наведваюць.

Мала якая субота абыходзіцца і без Спартландый, на якія запрашаюць вучняў з суседніх школ. Сумаваць сапраўды няма калі.

saulich@bk.ru

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter