Адзіны з пяці ўдзельнікаў эксперымента — Дзмітрый Палоннікаў не здрадзіў лагойскай зямлі і вёсцы наогул...

Самы галоўны інжынер

З восені механізатары лагойскага СК «Астрошыцы» ААТ «Мінскі камбінат хлебапрадуктаў» падрыхтавалі палі пад яравую сяўбу. У тысячагектарнае поле ўнеслі неабходную арганіку і мінеральныя ўгнаенні. Астрошыцкія хлебаробы, як заўсёды, аднымі з першых у раёне завяршаюць палявую кампанію. Магутныя трактары рыхтуюць глебу пад сяўбу кукурузы. Механізаваныя звенні падкормліваюць азімую пшаніцу і рапс. Адначасова вядзецца і хімічная праполка азімых. Інжынернай службай, якую чатырнаццаты год узначальвае Дзмітрый Палоннікаў (на здымку), дакладна распрацаваны маршруты на веснавым полі кожнага з двух дзясяткаў трактароў.


У маім журналісцкім блакноце прозвішча Дзмітрыя Палоннікава занатавана даўно. У 2003 годзе яму і яшчэ чатыром выпускнікам аграмеханічнага факультэта Белдзяржагратэхуніверсітэта адразу пасля атрымання дыпломаў інжынераў па сельгасмашынах у парадку эксперымента даверылі ўзначаліць гаспадаркі ў Лагойскім раёне. Яны сталі героямі тэлевізійнай перадачы, якую мне тады давялося рыхтаваць. З пяці юнакоў на запіс праграмы не змог прыехаць толькі малады старшыня калгаса «Лагаза» Дзмітрый Палоннікаў — быў за межамі гаспадаркі. На працягу некалькіх гадоў мы сачылі за лёсам удзельнікаў эксперымента. Мінула больш як паўтара дзясятка гадоў. З цікавасцю даведаўся, што з пяці тых выпускнікоў толькі Дзмітрый Палоннікаў не здрадзіў вёсцы. 

З ім мы сустрэліся на акуратна прыбраным заасфальтаваным машынным двары. На прахадной дыспетчар Алёна Паляднік прапанавала памераць тэмпературу і прадэзінфіцыраваць рукі. Механізатары і спецыялісты з гэтай працэдуры пачынаюць кожны працоўны дзень. З вечара яны ведаюць рабочыя маршруты на наступны дзень, Дзмітрый Уладзіміравіч дэталёва іх распрацоўвае. 

З вакна яго кабінета відаць выстраеную пад лінейку тэхніку. З усмешкай на твары ён узгадаў пра той эксперымент. Ні адзін з чатырох аднакурснікаў не вытрымаў старшынёўскага выпрабавання. Яны пакінулі вёску. Дзмітрый Уладзіміравіч іх не асуджае, з ахвотаю расказвае пра сваё жыццё. 

— Мы па-ранейшаму сябруем, сустракаемся. Яны цікавяцца маімі справамі. Мы пачыналі ў параўнальна аднолькавых умовах. Ва ўніверсітэце нас рыхтавалі да старшынёўства. З кожным асабіста гутарылі, цікавіліся настроем. Родам я з клецкага аграгарадка Заастравечча. Бацька працаваў у міліцыі. Маці і зараз выкладае родную мову і літаратуру ў сярэдняй школе. Сястра Наталля пайшла па слядах маці. Пасля заканчэння з адзнакай сталічнага педуніверсітэта імя Максіма Танка настаўнічае ў Пухавіцкім раёне. 

Мяне з дзяцінства вабіла тэхніка. Да дэталяў разбіраў і збіраў свой матацыкл. У нашай школе старшакласнікі вывучалі трактар. Здавалі экзамен у ДАІ. З атэстатам сталасці атрымаў і пасведчанне трактарыста-машыніста. Вучыўся добра. Майму выбару навучальнай установы бацькі не пярэчылі. Паступаў на аграмеханічны факультэт па накіраванні рай­сельгасупраўлення. У сту­дэнцкія гады практыкаваліся ў вучэбнай гаспадарцы ўніверсітэта. Вытворчую практыку праходзіў у сваім раёне. А калі заканчваў вучобу, рашэннем аблвыканкама ў парадку эксперымента нас пяцярых накіравалі ўзначальваць гаспадаркі ў Лагойскі раён.

Механiзатар Мiкалай Мiхедка на вясеннім полі.

— Адчувалі, якая адказнасць кладзецца на плечы?

— Толькі потым, праз нейкі час, адчуў гэта. Памятаю, як з чамаданамі прыехалі ў райвыканкам. На стале ляжала карта раёна. Мне прапанавалі прыгарадны калгас «Лагаза». З прадстаўніком райвыканкама адразу туды адправіліся. Абавязкі старшыні часова выконваў галоўны заатэхнік. Пакуль хтосьці з канторскіх работнікаў шукаў мне кватэру, з раённым чыноўнікам пайшлі аглядаць машынны двор. Паўразабраныя трактары, хаатычна параскіданыя сельгас­агрэгаты — усё гэта разанула мяне. Адна з вясковых бабулек пагадзілася ўзяць на кватэру. Як за сынам за мною глядзела. Бывала, што і будзіла, калі прасыпаў. Смажыла яечню на сняданак. Так пачаліся мае працоўныя будні. Прыязджалі бацькі, цікавіліся маімі справамі. 

— А з чаго вы, учарашні студэнт, пачалі ў даверанай гаспадарцы?

— З вяртання механізатараў. У разгары было жніво, а працаваць на тэхніцы не было каму. Суседнім калгасам «Гайна» кіраваў вопытны Іван Кальвінкоўскі. Ён падставіў сваё плячо. Пакуль я збіраў трактарыстаў, што разбегліся з калгаса, Іван Аляксеевіч адпраўляў на нашы нівы сваіх камбайнераў. Штодня да нас наведваліся спецыялісты ўпраў­лення сельскай гаспадаркі, давалі парады. 

Збажыну мы ўбралі хутка і пачалі рыхтаваць глебу пад азімыя. Гэты мой першы старшынёўскі бой на полі не забуду. Поспех надаў настрою. У той час калгас «Лагаза» разам з пяццю іншымі гаспадаркамі раёна ўваходзіў у зону абслугоўвання МТС. Паступова сталі вяртацца механізатары Мікалай Галушка, Сяргей Картуль, Іван Калоша. 

Механiзатар Аляксандр Навiцкi на хiмiчнай праполцы азiмых.

— А жывёлаводаў хапала?

— Яшчэ горш было на фермах. Першае, што зрабілі ў жывёлагадоўлі, — наладзілі ўлік пагалоўя. Завяршалася лета, а траншэі для закладкі кармоў у большасці пуставалі. Тэрмінова пачалі дзе толькі можна было касіць травы і трамбаваць зялёную масу ў траншэі. Да асенніх замаразкаў паспелі папоўніць запас. Радавала, што хоць і нязначна, але сталі павышацца надоі. 

Такі практычны экзамен давялося вытрымаць. Сталі адчувальныя зрухі ў эканамічнай дзейнасці. Людзі паверылі, што можна нешта перайначыць. Але да поспеху было яшчэ далёка. Пры магчымасці раіўся з вопытнымі калегамі. Бывала, ахоплівала і роспач. А вось думак атрэсці рукі ад старшынёўства не было. Пэўна, гэтая ўпартасць дасталася ад дзядулі па мацярынскай лініі. Ён прайшоў вайну, вярнуўся дамоў і быў адмысловым гаспадаром. У нашай сярэдняй школе створаны музей баявой славы, дзе спецыяльны стэнд прысвечаны дзядулю ветэрану Івану Трафімавічу Гвазду. Дарэчы, кіруе юнымі краязнаўцамі мая маці Марыя Іванаўна. Ды і па бацькоўскай лініі ўсе працавітыя. Нешта ад іх дасталася і мне. 

Чым больш паглыбляўся ў калгасныя справы, адчуваў, што без дапамогі гаспадарку не падняць. У мяне ж не было аніякіх сувязяў. У тыя гады над Лагойскім раёнам шэфстваваў МТЗ. Прадстаўнікі завода часта наведваліся на Лагойшчыну, бачылі, у якіх умовах калгаснікі працуюць. Асабліва крытычная сітуацыя склалася з трактарамі: большасць з іх трэба было спісваць — яны часта выходзілі са строю, а грошай на набыццё новых не было.

Каб неяк выйсці з тупіковага становішча, звярнуўся з просьбай да кіраўніцтва МТЗ дапамагчы капітальна адрамантаваць трактары. І завадчане адклікнуліся. Неўзабаве ў калгас прыслалі магутныя аўтамашыны і на іх пагрузілі ўсе 14 нашых трактароў. Даволі хутка вярнулі выдатна адрамантаваную тэхніку. Дапамагалі завадскія шэфы і працоўнай сілай у час асноўных сельскагаспадарчых кампаній. Пастаўлялі паліва для запраўкі сельгасмашын. 

— Пэўна, такая падтрымка надавала вам настрою?

— Уважліва ставіліся да мяне і кіраўнікі раёна. Адчуваў усебаковую падтрымку. Цікавіўся справамі ў сваіх сяброў-аднакурснікаў, якія старшынствавалі ў суседніх гаспадарках. На жаль, не ва ўсіх справы ладзіліся. Адзін за другім сыходзілі сябры са старшынёўскага старту. 

— А вы колькі пратрымаліся?

— Тры гады кіраваў калгасам. І надалей працаваў бы на гэтай паса­дзе. У раёне пачалася рэарганізацыя сельгаспрадпрыемстваў. Калгасы «Лагаза» і «Гайна» аб’ядналі ў адзін, які стаў цэхам Мінскага трактарнага завода. Мне прапанавалі ўзначаліць службу тэхнічнага сэрвісу і рамонту Мінскага райаграсэрвісу. Пакідаў Лагазу халасцяком, але там заставалася мая будучая жонка. Вольга таксама закончыла БДАТУ. У студэнцкія гады мы жылі ў адным інтэрнаце, але адзін аднаго не ведалі. Яе размеркавалі на працу галоўным эканамістам у Лагазу, дзе і пазнаёміліся. Крыху болей года вытрымаў без Лагойшчыны, якая стала роднай. 

У 2006 годзе вярнуўся і ўзначаліў інжынерную службу ў СК «Астрошыцы» ААТ «Мінскі камбінат хлебапрадуктаў». Згулялі з Вольгай вяселле. Ад гаспадаркі атрымалі катэдж у аграгарадку Астрошыцы. Падрастаюць сыны Антон і Макар. Дарэчы, хросным бацькам іх стаў студэнцкі сябра, адзін з той нашай пяцёркі.

Перад пачаткам працоўнага дня праводзяць прафiлактыку механiзатар Генадзь Панюшкiн i дыспетчар Алена Паляднiк.

— Паспрабавалі старшынёўскага хлеба. Кіраваць інжынернай службай — таксама не мёдам ласавацца.

— Клопатаў хапае. Але калі побач трывалыя паплечнікі, то праца ў радасць. За 16 гадоў адчуваю характар кожнага механізатара. У калектыве склаўся касцяк з двух дзясяткаў механізатараў. Ведаю, каму якую справу даручыць. Мы заўжды аператыўна праводзім усе сельгаскампаніі. Сёлета засеялі больш як тысячу гектараў яравых культур. 

— Дзмітрый Уладзіміравіч, чым людзей заахвочваеце?

— Высокімі заробкамі пахваліцца не можам. Хаця сярэднямесячны за мінулы год у механізатараў перавысіў 1000 рублёў. За гады працы ў сельскай гаспадарцы пераканаўся, што прыветлівыя адносіны да чалавека важней за ўсё. Калі ты да працаўніка шчыры, то і да цябе так будуць адносіцца.

Старшынёўства ў Лагазе падаравала мне надзейных сяброў. Дзякуючы трактарабудаўнікам, з якімі не парываю сувязі, на нашых палях працуе магутная сучасная тэхніка. Спецыялісты завода на палях нашай і іншых гаспадарак Лагойскага раёна выпрабоўваюць апошнія мадэлі трактароў. На чатырох суперсучасных МТЗ-4522 працуюць на палях гаспадаркі нашы механізатары Аляксандр Паляднік, Валерый Бацяноўскі, Яўген Навіцкі і Валянцін Апяцёнак. Калі раптам здараюцца паломкі, аператыўна ў поле выязджае рамонтная брыгада, якой кіруе інжынер бюро рэсурсных выпрабаванняў МТЗ Яўген Кузьмічонак. 

— Дзмітрый Уладзіміравіч, у вас падрастаюць два сыны. А іх вабіць тэхніка?

— Ды яшчэ як! Ведаюць кожны трактар па марках. Калі ў мяне ёсць магчымасць, бяру хлапчукоў у поле. Лагойскія палеткі крутабокія. Падымешся на ўзгорак, і навокал такая прыгажосць — вачэй не адарваць. Старэйшы Антон заканчвае шосты клас, а Макар восенню ўпершыню пераступіць школьны парог. Ім самім выбіраць будучае. Галоўнае, каб знайшлі сябе ў жыцці і, як пяецца ў вядомай беларускай песні, «каб не страціць святое штосьці». Так мяне бацькі выхоўвалі. Імкнуся, каб і мае дзеці так раслі.

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter