Самая дарагая спадчына

Беларусы ў Ерэване не толькі памятаюць пра свае этнічныя карані, але і старанна зберагаюць родную мовуДнямі нядзельная школа Беларускай абшчыны ў Ерэване правяла адкрыты ўрок “Францiшак Скарына — вялiкi асветнiк Беларусi”. Урок праходзіў у памяшканні Культурнага цэнтра нацыянальных меншасцяў Рэспублікі Арменія. “Падобныя сустрэчы — выдатная магчымасць пабачыцца з землякамі, падзяліцца планамі на будучыню, абмеркаваць навіны з Бацькаўшчыны, і што самае галоўнае — размаўляць на роднай мове, — піша ў рэдакцыю наша зямлячка Жанна Нікітчук. — Таму што мы лічым: мова — самая дарагая спадчына, якая дасталася нам ад Радзімы. Захаваць яе, узбагаціць і перадаць нашчадкам — святая справа кожнага беларуса”.
Беларускі след на армянскай зямліБеларусы ў Ерэване не толькі памятаюць пра свае этнічныя карані, але і старанна зберагаюць родную мову
Днямі нядзельная школа Беларускай абшчыны ў Ерэване правяла адкрыты ўрок “Францiшак Скарына — вялiкi асветнiк Беларусi”. Урок праходзіў у памяшканні Культурнага цэнтра нацыянальных меншасцяў Рэспублікі Арменія. “Падобныя сустрэчы — выдатная магчымасць пабачыцца з землякамі, падзяліцца планамі на будучыню, абмеркаваць навіны з Бацькаўшчыны, і што самае галоўнае — размаўляць на роднай мове, — піша ў рэдакцыю наша зямлячка Жанна Нікітчук. — Таму што мы лічым: мова — самая дарагая спадчына, якая дасталася нам ад Радзімы. Захаваць яе, узбагаціць і перадаць нашчадкам — святая справа кожнага беларуса”.
Цяпер, як вядома, за межамі Бацькаўшчыны жывуць прыкладна тры мільёны этнічных беларусаў. Многія хоць і лічаць сябе сваімі ў тых краінах, куды закінуў іх лёс, але ў душы застаюцца беларусамі. І суполкі ўзнікаюць тады, калі ёсць патрэба гаварыць на роднай мове, калі ёсць жаданне далучыць нашчадкаў да беларускай культуры.
Ерэванская абшчына “Беларусь” дзейнічае з 1998 года, аб’ядноўвае каля 150 чалавек. У асноўным гэта жонкі мужоў-армян, іх дзеці і ўнукі. Ёсць, як паведамляе Жанна Нікітчук, і чыста беларускія сем’і. У абшчыне — служачыя, інжынеры, рабочыя, настаўнікі. Сярод іх і паэтка Лілія Бекчан (Сямёнава), вершы якой выходзяць у армянскім друку. Актыўная ў справах абшчыны ўдзельніца Вялікай Айчыннай вайны Лідзія Міхайлаўна Марцірасян (Лявонава). Ураджэнка Полацка, у 15 гадоў яна стала разведчыцай партызанскага атрада “Арол” брыгады імя Кірава, якая дзейнічала ў раёне Белавежскай пушчы. У 1946-м выйшла замуж за афіцэра і пераехала ў сталіцу Арменіі. Працавала начальнікам фінаддзела на адным з заводаў, з 1982 года — на пенсіі.
Беларускіх агульнаадукацыйных школ у Арменіі няма, але пры суполцы створана нядзельная школа, у якой дзеці вывучаюць беларускую мову, літаратуру, гісторыю Беларусі. Выкладае там ураджэнка Барысава Ірына Локіс. Ёсць дзіцячы тэатр “Лялькі”, якім кіруе Жанна Нікітчук, вакальны калектыў, дзіцячы вакальна-харэаграфічны гурт “Родныя карані” — ён з поспехам выступіў сёлета на Першым фестывалі творчасці беларусаў замежжа ў Мінску. Члены абшчыны адзначаюць разам беларускія дзяржаўныя і народныя святы. “Галоўнае для любога чалавека, які апынуўся па-за межамі Радзімы, — не адарвацца назусім ад родных каранёў, нацыянальных традыцый, — лічыць кіраўнік абшчыны Ірына Пагасян. — Бо інакш чалавек можа незваротна страціць свой жыццёвы стрыжань. Мы гэта выдатна разумеем і робім усё магчымае, каб не толькі захаваць, але і перадаць дзецям, унукам беларускія традыцыі, абрады. Кожны год разам святкуем Гуканне вясны, Вялікдзень, Дажынкі, Каляды, Масленіцу. І купальскае вогнішча запальваем на беразе горнай рэчкі, і папараць-кветку шукаем. Праводзім вечары, выставы, прысвечаныя Янку Купалу, Якубу Коласу, Максіму Танку, Францыску Скарыне, Максіму Багдановічу і іншым творцам. Далучаем да справаў абшчыны землякоў рознага ўзросту. Адным гэта дапамагае не згубіць родную мову, а іншым і асвоіць яе”. Дарэчы, сваё дзявочае прозвішча Таболіч кіраўніца суполкі “засвяціла” і ў электронным адрасе: poghossiantabolich@yandex.ru. Сама Ірына Мікалаеўна родам з Мінска. У Ерэване працуе архітэктарам у тэлерадыёвяшчальнай кампаніі. Удзельнічала ў рабоце чацвёртага Усебеларускага народнага сходу, як кіраўнік суполкі мае падзяку ад Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.У беларускай суполкі ў Арменіі — пераважна жаночыя твары
Беларуская абшчына хоць і нешматлікая, ды актыўная ў культурным жыцці Арменіі. Вялікі грамадскі рэзананс, прыкладам, мела выстава беларускіх нацыянальных касцюмаў, якая ладзілася ў Нацыянальнай карціннай галерэі Арменіі. “Арменія лічыцца монаэтнічнай краінай, толькі два працэнты складаюць этнічныя меншасці, і стаўленне да іх з боку дзяржавы вельмі паважлівае, — гаворыць Ірына Пагасян. — А нас, беларусаў, любяць асабліва. Адчуваем падтрымку Каардынацыйнага савета нацыянальных меншасцяў Арменіі, а таксама Пасольства Беларусі ў Ерэване: яно дапамагае набываць сцэнічныя касцюмы, кнігі, падручнікі для нядзельнай школы, музычныя інструменты. Пры падтрымцы цяперашняга пасла Сцяпана Сухарэнкі мы ствараем бібліятэку беларускай літаратуры, штомесяц выходзіць газета “БЕЛАРУСЫ.am”. Так што жыццё ў нас кіпіць. І мы добра памятаем: хто мы і адкуль”.

Іна Ганчаровіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter