Самара збірае сяброў

У шматнацыянальным карагодзе дружбы на самарскай зямлі ёсць і беларускі каларыт
У шматнацыянальным карагодзе дружбы на самарскай зямлі ёсць і беларускі каларыт


Артысткі з “Каданса”

Беларусы Самарскай вобласці беражліва захоўваюць і прымнажаюць свае нацыянальныя традыцыі, звычаі. На многіх святочных мерапрыемствах там гучаць беларускія песні — разам з рускімі, можна пабачыць харэаграфічныя кампазіцыі ў выкананні творчых гуртоў нашых супляменнікаў. Вось і ў Дзень дружбы народаў, які адзначаецца ў Самары на пачатку верасня, панавала атмасфера павагі, цікавасці да беларускай культуры. Сёлета свята атрымалася асабліва яркім, бо адзначалася 15-годдзе абласнога Дома дружбы народаў, 165-годдзе Самарскай губерні ды 430-я ўгодкі самой Самары. Сваю любоў да гістарычнай айчыны, сваё творчае натхненне нашы супляменнікі хораша паказалі на свяце.

Была разгорнута выстава вырабаў беларускіх майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, прэзентаваліся беларускія кнігі, перыядычныя выданні. Ансамбль беларускай песні “Каданс” у чарговы раз быў у цэнтры ўвагі: радаваў гасцей свята сваім выступам.

Ірына Глуская, прэзідэнт суполкі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” звяртае ўвагу: салісткі гурта ўдзельнічалі і ва ўшанаванні прадстаўнікоў этнааб’яднанняў, лаўрэатаў конкурсу журналістаў “СМИротворец — 2016”. Ганаровыя дыпломы, узнагароды ўручаў губернатар Мікалай Мяркушкiн. Ён выказаў падзяку калектыву Дома дружбы, кіраўнікам этнааб’яднанняў за вялікую працу: “Дзякуючы вам і ёсць гэтае свята. Мы з вамі неаднаразова сустракаліся, абмяркоўвалі самыя розныя пытанні. Вы заўсёды канструктыўна, паважліва ставіцеся адзін да аднаго, і гэта самае галоўнае”. Губернатар адзначыў, што ў вобласці ёсць прадстаўнікі 157 нацыянальнасцяў, таму вельмі важна ўсім жыць у дружбе.

Кульмінацыяй свята стаў шматнацыянальны карагод дружбы. Да яго далучыліся актывісты моладзевага аддзялення беларускай суполкі, яе партнёраў (творчыя калектывы школ горада), артысткі “Каданса”. Адметна, што Дзень дружбы народаў Самарскай вобласці праходзіў у мікрараёне “Волгарь”, побач з Алеяй дружбы народаў, закладзенай у верасні 2013-га. Там расце і беларуская ялінка — роднае дрэўца для ўсіх беларусаў вобласці.

Мікалай Бойка

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter