Сам-насам з Песняром

У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Горкага адбудзецца прэм’ера спектакля-фантазіі, прысвечанага заснавальніку ансамбля “Песняры” Уладзіміру Мулявіну

Прэм’ера спектакля-фантазіі, прысвечанага заснавальніку ансамбля “Песняры” Уладзіміру Мулявіну, адбудзецца сёння ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Горкага.



Творчая група пад кіраўніцтвам рэжысёра Валянціны Ераньковай працавала над спектаклем “Пясняр” больш за год. Кампазітар Аляксей Еранькоў прыводзіў п’есу Васіля Дранько-Майсюка да тэатральнай версіі, мастак па касцюмах Таццяна Лісавенка шукала вобразы герояў, акцёры Сяргей Жбанкоў (Пясняр), Аляксандр Ждановіч (Янка Купала), Анастасія Шпакоўская (Цётка), Сяргей Чэкерэс (Чорны) і іншыя ўжываліся ў ролі і спрабавалі асэнсаваць філасофію спектакля. Нездарма жанр пастаноўкі вызначаны як спектакль-фантазія. Мы не сустрэнем тут аўтабіяграфічных звестак, на сцэне не будзе халадзільнікаў, тэлевізараў і іншай “бытавухі”. У спектаклі, прысвечаным Мулявіну, мы нават ні разу не пачуем яго імя. Пясняр — збіральны вобраз Творцы, Чалавека, які праславіў родную краіну і стаў яе нацыянальным гонарам.


Мы знаходзім галоўнага героя ў апошнія хвіліны жыцця, калі ў душы ўжо выраслі нябесныя крылы, але яна яшчэ не пакінула зямлю, у перыяд, калі ўнутры ўзнікаюць пэўныя пераацэнкі, разважанні, мары... Стваральнікі п’есы ўявілі, што Пясняр у гэты момант размаўляе з такімі ж таленавітымі і выбітнымі асобамі, як і ён сам. Гэта Янка Купала, Якуб Колас, Цётка і іншыя творцы, якія праславілі Беларусь, звярнулі ўвагу на яе самастойнасць, унікальныя традыцыі і культуру.


— У спектаклі гучыць тэма, якая не так часта ўзнікае сёння ў тэатрах, — разважае Аляксандр Ждановіч, які выконвае ў пастаноўцы ролю Янкі Купалы. — Гэта тэма Беларусі: хто мы, адкуль, што мы страцілі, што здабылі?.. Спектакль нагадвае нам, што мы маем чым ганарыцца і нам ёсць за што сябе паважаць. 


Нягледзячы на збіральны вобраз Песняра і адсутнасць у галоўнага героя знакамітых мулявінскіх вусоў, гледачу зразумела, пра каго ідзе гаворка ў спектаклі і каму ён прысвечаны: пастаноўка насычана “рокавай” спадчынай “Песняроў”. У ёй прагучаць не только знакамітыя, але і рэдкія кампазіцыі ансабля, якія не знойдзеш у інтэрнэце і на аўдыёдысках.



Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter