«Сам гарэў у працы і дзецям гультаяваць не даваў»

ЖЫЦЦЁВАЯ сцяжынка кожнага чалавека мае свой пачатак. І куды б ні закідваў лёс, якім доўгім шлях ні быў, душа прагне дарагіх сэрцу мясцін. Для руплівага гаспадара, шчырага вяскоўца Рыгора БАБЧАНКА запаветныя вытокі на Палессі. Сын спрадвечных хлебаробаў, ён пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі быў прызначаны галоўным заатэхнікам у створаны на абноўленых землях Палесся саўгас, дзе вырас да кіраўніка. Два дзесяцігоддзі Рыгор Уладзіміравіч узначальвае калектыў, перадавікоў якога адзначаюць на Рэспубліканскім свяце-кірмашы «Дажынкі». Менавіта ён, унук рэпрэсіраванага бальшавікамі дзеда Дзям’яна, настаяў захаваць дадзеную гаспадарцы ў савецкія часы назву «Камуніст». І як не бывае цяжка апантанаму справамі дырэктару КСУП «Саўгас «Камуніст» Ельскага раёна, а душа выплёсквае пяшчоту лірычных пачуццяў:Я часам сам не маю сілы Уцячы ад гэтай мітусні, Адведаць родныя магілы — Свайго дзяцінства карані… Многія яго вершы друкаваліся ў нашай газеце, увайшлі ў зборнік «Беларускі ручнік». Не кожны так шчымліва і трапна выкажа свае пачуцці. Але, пэўна, кожнага, калі ён чалавек, цягнуць карані. Гэтыя карані давалі моц у нялёгкім жыцці яго бацьку Уладзіміру Дзям’янавічу, які здзівіў сваім расповедам пра перажытае.

Разам з вяскоўцамі ўзвёў у Леніне царкву Уладзімір Бабчанок — як знак веры і прымірэння за такое складанае жыццё

ЖЫЦЦЁВАЯ сцяжынка кожнага чалавека мае свой пачатак. І куды б ні закідваў лёс, якім доўгім шлях ні быў, душа прагне дарагіх сэрцу мясцін. Для руплівага гаспадара, шчырага вяскоўца Рыгора БАБЧАНКА запаветныя вытокі на Палессі. Сын спрадвечных хлебаробаў, ён пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі быў прызначаны галоўным заатэхнікам у створаны на абноўленых землях Палесся саўгас, дзе вырас да кіраўніка. Два дзесяцігоддзі Рыгор Уладзіміравіч узначальвае калектыў, перадавікоў якога адзначаюць на Рэспубліканскім свяце-кірмашы «Дажынкі». Менавіта ён, унук рэпрэсіраванага бальшавікамі дзеда Дзям’яна, настаяў захаваць дадзеную гаспадарцы ў савецкія часы назву «Камуніст». І як не бывае цяжка апантанаму справамі дырэктару КСУП «Саўгас «Камуніст» Ельскага раёна, а душа выплёсквае пяшчоту лірычных пачуццяў:Я часам сам не маю сілы Уцячы ад гэтай мітусні, Адведаць родныя магілы — Свайго дзяцінства карані… Многія яго вершы друкаваліся ў нашай газеце, увайшлі ў зборнік «Беларускі ручнік». Не кожны так шчымліва і трапна выкажа свае пачуцці. Але, пэўна, кожнага, калі ён чалавек, цягнуць карані. Гэтыя карані давалі моц у нялёгкім жыцці яго бацьку Уладзіміру Дзям’янавічу, які здзівіў сваім расповедам пра перажытае.

— Уладзімір Дзям`янавіч, пэўна, ёсць што ўспомніць?

— Восемдзесят сёмую вясну чакаю. А быццам учора з дзедам на хутары Замарочышча вясною зямлю аглядалі, каб не спазніцца з сяўбою. Ён адчуваў зямлю. Памятаю яго наказ берагчы хутар. Але так сталася, што на сем гадоў лёс разлучыў мяне з роднымі мясцінамі. У страшную перадваенную вясну нашу сям’ю, як ворагаў народа, вывезлі на ўсход. Больш за тры месяцы мы перакідваліся па таварняках, пакуль дабраліся да глухіх казахскіх стэпаў.

— А з-за чаго так сталася?

— Мае продкі па мацярынскай лініі — сяляне, а па бацькоўскай дзед Герасім быў адукаваным. Яго з Рэчыцы ў царскія часы прыслалі ў мястэчка Ленін кіраваць воласцю, якая ляжала ад Мікашэвічаў і амаль да Старобіна. Мой бацька Дзям’ян Герасімавіч яшчэ да рэвалюцыі закончыў гімназію, вучыўся ў Варшаве, пасля вярнуўся дамоў і працаваў падаткавым інспектарам. Як вядома, 1 верасня 1939 года Германія пачала вайну, і бацьку прызвалі ў Польскае войска, а 17 верасня да нас прыйшлі Саветы. За тое, што бацька быў служачым пры Польшчы, мы і сталі ворагамі народа.

Вайна, бацька на фронце, але поле засяваць трэба. Мы з дзедам пасеялі жыта, і я баранаваў яго. Мне ішоў дванаццаты год. Маці прыбегла на хутар і паведаміла, што бальшавікі прыйшлі. Я запрог каня, і едзем дамоў. На палявой дарозе нас спыніў пагранічнік. Два салдаты цягнулі кулямёт «максім». Мне загадалі падвезці іх да шляху. Раптам у небе загуў самалёт. Пагранічнік глянуў у бінокль і паведаміў, што гэта савецкі самалёт. Салдаты адчапілі кулямёт ад павозкі, далі мне ў знак падзякі дзесяць савецкіх капеек і адпусцілі. Вось так я сустрэў савецкую ўладу.

Сцюдзёнай зімовай ноччу загадалі неадкладна грузіцца на падводу, што стаяла каля хаты. Да падводы прыставілі салдата са стрэльбай. Выехалі за ваколіцу, а там ужо чакаў доўгі абоз.

— Сяляне хто ў світцы, хто ў кажуху, на нагах лапці, — узгадвае Уладзімір Дзям’янавіч. — А я меў чобаты хромавыя. Дзед мне і брату кажушкі прыстараўся. Маці сястрычку на руках трымала. Абоз рушыў у бок Мікашэвічаў, адкуль у халодных вагонах павезлі ў невядомы шлях.

— А што елі ў дарозе?

— Наш сваяк быў камуністам і загадзя падказаў, што мы ў спісе на высяленне. Хлеба насушылі, сала прызапасілі, вопратку зімовую падрыхтавалі. У вагонах цесна ад людзей. Хто плакаў, хто знямела маўчаў. Толькі ляскат колаў глушыў усё. Па дарозе сястрычка не вытрымала і памерла. На нейкай станцыі яе пахавалі. Маці вельмі цяжка гэта перанесла. Нікуды ад сябе нас з малодшым братам не адпускала.

— Куды вас завезлі?

— Толькі ў канцы красавіка мы дабраліся ў Казахстан. Цягнік спыніўся. Навокал — стэп. Руская, польская, украінская, беларуская мовы гучалі. Нас машынамі павезлі ў саўгас.

— А як харчаваліся ў сем’ях?

— Нам пашчасціла, што дзед застаўся ў Леніне, і як нас вывезлі, прадаў нашу жыўнасць: коней, кароў, свіней — і поштай адправіў нам грошы. Прыслаў і моцнай віцебскай махоркі. У той год добра ўрадзіла казахская збажына, і на працадзень выдавалі восем кілаграмаў пшаніцы. Кожны з мясцовых яе меў удосталь, і мы мянялі пачак махоркі на сем кілаграмаў пшанічнай мукі. Тая махорка нас добра падтрымала.

— На працу ўсе хадзілі?

— І дарослыя, і дзеці. Я з першага дня стаў працаваць у брыгадзе. Разам са мной на палявых работах стараліся і іншыя падлеткі. Мужчын не было. На валах і конях, як маглі, хлапчукі ішлі за плугам. У цэнтры вёскі на слупе працавала радыё, з якога мы даведваліся пра падзеі на фронце. Увосень 1943 года пачалося вызваленне ад ворагаў першых беларускіх гарадоў і вёсак. Мне ўжо споўнілася 16 гадоў, і мяне накіравалі вучыцца на шахцёра. Навучанне было скарочаным, і хутка я ўжо стаў памочнікам брыгадзіра на карагандзінскай вугальнай шахце. Мне даручылі кантраляваць работу палонных немцаў на здабычы вугля.

Маці з братам Мішам пісалі мне ў пісьмах, як ім працуецца ў саўгасе. У адным з іх маці паведаміла, што яны атрымалі дазвол на вяртанне. Мне якраз далі на шахце адпачынак, і я вырашыў правесці яго ў родных мясцінах, а па дарозе завітаць у Кіеў да стрыечнай сястры. Вагоны перапоўненыя, даводзілася і на даху ехаць. Якім было маё здзіўленне, калі ля дома сястры ў Кіеве я сустрэўся з братам Мішам. З высылкі беларусы вярталіся дамоў таксама праз Кіеў. Пакуль не было цягніка, ён вырашыў адведаць сястру, а маці чакала на вакзале.

З Кіева ехалі разам да Мікашэвічаў. Па шляху пешшу пайшлі ў Ленін. Жах наводзілі разбураныя вайной вёскі, праз якія праходзілі. Спаленыя хаты, бязлюдныя падворкі, здзічэлая зямля. Анямелі, калі падышлі да роднага мястэчка, ад якога амаль нічога не засталося, толькі абгарэлыя коміны тырчалі. Шэсць тысяч жыхароў было ў Леніне да вайны, і большая частка — яўрэі. З першых дзён акупацыі мястэчка фашысты ўтварылі ў ім гета, куды загналі мясцовых яўрэяў. Стала дзейнічаць камсамольска-маладзёжнае падполле. Акупанты высачылі маладых патрыётаў і летам 1942 года ў цэнтры мястэчка расстралялі дзесяць зусім юных актывістаў, а бацькоў іх прымусілі пакласці целы забітых на санкі і цягнуць па пяску цэнтральнай вуліцы да могілак. Цынізму вар’ятаў не было межаў. У жніўні ўсіх мірных жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці нелюдзі сагналі да глыбокай ямы за ваколіцай, загадалі распрануцца і станавіцца на край ямы. Аўтаматнымі чэргамі знішчалі ні ў чым не павінных людзей. У пачатку восені 1942 года партызанскі атрад пад камандаваннем Васіля Каржа зрабіў налёт на Ленін і выратаваў жыцці многім землякам. Пра ўсё гэта расказалі Бабчанкам уцалелыя суседзі.

— На нашым падворку толькі склеп застаўся, — узгадвае Уладзімір Дзям’янавіч. — Суцэльнае папялішча. У склепе зімавалі першы год пасля вяртання. Мы з братам збілі з дошак дах. Не было ні сякеры, ні пілы. На папялішчах назбіралі цэглы і зляпілі печ. Вясною людзі падзяліліся насеннем бульбы, нейкай гародніны. Пачалі абжывацца.

— А бацьку свайго шукалі?

— Ён трапіў у складзе Войска польскага ў палон да рускіх. У пінскай турме яго расстралялі. Толькі праз дзесяцігоддзі рэабілітавалі. А мяне ў другі раз забралі ў шахту. Адправілі ў Данбас, дзе пяць з паловай гадоў здабываў вугаль. Добра зарабляў. Вярнуўся дамоў, купіў лесу і збудаваў прасторны дом. Пайшлі дзеці. Каб трымаць сям’ю, падаўся ў плытагоны. У пяцідзясятыя гады нашы рэкі былі паўнаводныя, а вакол шумелі густыя пушчы. Плыты былі па кіламетру даўжынёй. Удваіх з напарнікам доўгімі баграмі кіравалі такім флотам.

— Было што сплаўляць?

— Здавалася, што ніколі не справімся з векавымі пушчамі Палесся. Раней толькі зімой дазвалялася нарыхтоўваць лес, а летам ён рос. Вельмі цяжка было магутныя дубы сплаўляць. Мы да аднаго дуба прывязвалі дзве сасны, каб не патануў у вадзе. Але часта яны ішлі на дно. Колькі іх засталося ў палескіх рэках!

— Вы плытагон, сваю сям’ю рэдка бачылі?

— Тыднямі па рэках сплаўляў лес, але і дамоў спяшаўся. Трэба было траву накасіць, дроў нарыхтаваць і агарод засяваць. Жонцы ў калгасе і дома клопатаў хапала. Пяцярых дзяцей нарадзіла і дэкрэтаў не ведала.

— Уладзімір Дзям`янавіч, як дзяцей сваіх выхоўвалі?

— Толькі працай. Кожны з маленства меў свае абавязкі і ведаў, за што ён у адказе. Калі што не зроблена, ноччу падыму. Я, мо, і занадта жорсткі бацька, але сам гарэў у працы і дзецям гультаяваць не даваў. Шкадаваць дзіця трэба па-разумнаму. Сам ідзі наперадзе і паказвай, як трэба рабіць, і калі не ўмеюць — навучы, не хочуць — прымусь. Трое маіх сыноў і дзве дачкі сталі паважанымі людзьмі. Рыгор кіруе вялікай гаспадаркай. Малодшыя Фёдар і Ніна — ветурачы. Старэйшая Наталля шмат гадоў у сельсавеце.Толькі старэйшы Іван у горадзе. Ужо ўнукі працягваюць нашу хлебаробскую справу. Рыгораў сын Валодзя адвучыўся ў сельгасакадэміі і вярнуўся ў роднае Зашыр’е спецыялістам.

Іванаў сын, таксама Валодзя, рос у мяне. Высокі, плячысты, за дзяўчатамі ўвіхаўся. Прыйдзе пад раніцу з гулянкі, а трэба ўжо ісці касіць. Спачатку хітраваў, стараўся касу зламаць. Назаўтра другую яму адкляпаю. Ён зразумеў, што хітрыкі не праходзяць. Навучыўся касіць, і так роўна клаў пакосы, што толькі любавацца.

— І дзяўчат працай гартавалі?

— Жонка Вольга Іванаўна даяркай працавала, дочкі з малых гадоў дапамагалі. Бітоны з малаком на ферме цягалі. Сваю гаспадарку трымалі і зямлі штогод амаль гектар засявалі. Да ўсяго трэба было рукі прыкласці. Гаравалі ўсёй вялікай сялянскай сям’ёй. Кожнае лета тон дзесяць сена цягалі з балота ў лодку, дастаўлялі на грудок і сушылі.

Упраўляўся з усім руплівы гаспадар, а яшчэ і сталярнічаў у мясцовым лясгасе. Яго вырабы і зараз упрыгожваюць будынкі не толькі ў Леніне. У акрузе ніхто не майстраваў лепшых вулляў. Па трыста штук за год пастаўляў пчалярам. І нават на пенсіі не сядзіцца без справы — разам з вяскоўцамі ўзводзіў царкву ў Леніне. Рамантаваў на могілках капліцу, якая была ўзведзена ў 1886 годзе ў гонар цара Аляксандра II.

У Мінскай губерніі стаяла чатыры такіх гістарычных помнікі. У Леніне памятную капліцу ўсталявалі на скрыжаванні з трактам, што вёў да чыгункі на Варшаву.

— У 1935 годзе мае землякі перасунулі капліцу на могілкі, — успамінае Уладзімір Дзям`янавіч. — Гэта ўсё наша гісторыя, нашы вытокі. Я сваім дзецям, унукам і,спадзяюся, што яшчэ і праўнукам раскажу, як падчас плытагонства давялося сустрэцца з легендарным партызанскім камандзірам Васілём Захаравічам Каржом. Ён пацікавіўся, адкуль плытагоны. Пагутарылі, і на наша пытанне, хто ён, адказаў, што старшыня калгаса Корж. У нашым Леніне помнік усталяваны ў гонар яго партызанскага атрада. І калгасам ён кіраваў разумна.

...Ёсць што ўзгадаць васьмідзесяцісямігадоваму Уладзіміру Дзям’янавічу, дбайнаму гаспадару, шчасліваму бацьку і дзядулі.

Калі не стала жонкі, засумаваў ён. Дзеці запрашалі да сябе, але не пайшоў, каб не замінаць. Надумаўся падацца ў дом састарэлых. І тады сын Рыгор ці то жартам, ці то ўсур’ёз параіў лепш пасватацца.

— Прапанова мяне спачатку збянтэжыла, але так сталася, што ў зямлячкі Аляксандры Захараўны памёр муж. Я праз год вырашыў пасватацца да яе, — распавядае Уладзімір Дзям’янавіч.

— Я вярталася з царквы, дзе памінала  мужа,  і калі праходзіла каля дома Бабчанка, ён выйшаў з падворка і запрасіў у госці. Падзякавала, але не пайшла, — падхоплівае Аляксандра Захараўна. — А праз нейкі час на дварэ корпалася і бачу, па вуліцы крочыць Бабчанок са сваім сябрам і матушкай. Мяне што жарам абсыпала. Яны павярнулі ў мой двор...

Прыняла сватоў гаспадыня. Сёмы год ужо разам Аляксандра Захараўна і Уладзімір Дзям’янавіч. Купілі карову, свіней, кур трымаюць. Трактарок свой ёсць. Як пацяплее, гаспадар адрамантуе яго і вывядзе на соткі. Сем’і чацвярых дзяцей Аляксандры Захараўны і пяцярых Уладзіміра Дзям’янавіча падружыліся. Цяпер у дзядулі і бабулі агульных амаль дваццаць унукаў. Будзе каму працягваць дынастыю!

Уладзiр СУБАТ, «СГ»

Фота аўтара

Жыткавіцкі раён

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter