Салярка па «залатой» цане

Вадзіцелю, які вёз 200 літраў дызпаліва, пагражае штраф да 3,5 мільёна рублёў. Справу незаконнага перавозу паліва раскрылі супрацоўнікі АДАІ і АБЭЗ Мядзельскага РАУС.

У суботу раніцай на аўтадарозе Купа—Занарач—Брусы дзяжурылі інспектары ДПС. Прыкладна ў 11.00 яны заўважылі аўтамабіль «Сеат Алхамбра», які без яўнай прычыны неўзабаве змяніў напрамак маршруту... «Даішнікі» вырашылі разабрацца, што схавана за дзіўнымі паводзінамі вадзіцеля.

Кіроўца «Сеата» — жыхар пасёлка Лынтупы Віцебскай вобласці — спыніўся па першым патрабаванні міліцыянераў. У багажніку яго аўто супрацоўнікі ДАІ знайшлі 200 літраў дызпаліва на суму 630 тысяч беларускіх рублёў.

Міліцыянеры канфіскавалі груз. Вадзіцель адкажа згодна з часткай 3 артыкула 12.30 Адміністрацыйнага кодэкса.

Аляксандр СЯНЮЦЬ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter