Саломенка, чорнае i белае

Сёння  той,  хто  хоча жыць   у  вёсцы,  добра жыве

Сёння  той,  хто  хоча жыць   у  вёсцы,  добра жыве,  а  хто...

Вёска Саломенка звычайная, якiх на Бабруйшчыне шмат. Больш як паўсотнi двароў. I так склалася, што мае дарогi апошнiм часам праз яе пралягаюць. Iду, еду — углядаюся, што змянiлася за апошнi час. 

“Не ўмеў пiць...”

Пашка i Мiшка, адзiн старэйшы, а другi маладзейшы, жылi па суседстве. Яднала iх гарэлка, бо i адзiн, i другi любiлi да чаркi прыкласцiся. Набяруцца – равуць на ўсю вёску, на людзей кiдаюцца, як шалёныя... 

Пашка, якi зведаў цалiну, шахты ва Украiне, хоць сям’i трымаўся, а ў Мiшкi бацькi заўчасна адышлi на той свет, а сам не надта iмкнуўся “ачалавечыцца”. Прапiў усё, што было ў хаце, i да яе дабiраўся. Цi пакупнiка не знаходзiлася, цi проста шкадавалi няўдачлiвага гаспадара, якi збiраўся жыць у пунi. Нiдзе ж не працаваў, харчаваўся тым, што хто дасць. Ну i сканаў. 

— Не ўмеў пiць... – выказаўся Пашка, якi з дзесяткам чалавек праводзiў сябрука ў апошнi шлях. 

Гадоў з пяць таму гэта было. А мiнулай зiмой Пашка (жонка якраз знаходзiлася ў сына) на добрым падпiтку заснуў з цыгарэтай. Уратаваць нi яго, нi хату не змаглi. Я, калi бываю ў вёсцы i гляджу на асiрацелы падворак, думаю: “Вось табе i не ўмеў пiць...” Тут адно з двух: альбо пiце, альбо ў рот не бярыце. Iншага не дадзена! 

“Кулакi” i беднякi

У вёсцы з’явiлiся “кулакi” i беднякi. Чалавеку добра жыць не забаронiш. I хто гэтага хоча, той i жыве. 

Ну, да прыкладу, Фёдар Дзяцел. Яго дом на ўскрайку вёскi. Па iм, па надворных пабудовах бачна, што гаспадары – старанныя людзi. Карову трымаюць, каня, iншую жыўнасць. “А як жа без гэтага, — кажуць, — iнакш не можам!” 

Iхнi сусед Мiкалай Васiленка на трактарчык разжыўся. I свой участак апрацоўвае, i цешчын, дапамагае ўсiм, хто патрэбу мае. Такi зычлiвы чалавек, зрэшты, як i ягоная жонка. Нядзiва, яны з мясцовых, можа, болей, чым хто, разумеюць клопаты вяскоўцаў i заўжды iдуць iм насустрач. 

Асобна скажу пра Уладзi-мiра i Таццяну Панасюк. Жылi ў горадзе, працавалi ў аграгандлёвай фiрме “Бярэзiна”. Ён – механiзатар, мiж iншым, ардэнаносец, яна – даярка, таксама была на добрым рахунку. Адным словам, сельскагаспадарчая праца для iх не ў навiнку. Вось гадоў з дзесятак таму i вырашылi перабрацца ў вёску. Нiштаваты дом узвялi, надворныя пабудовы. Усялякай жыўнасцi багата, а нядаўна яшчэ i канём “накрылi”. Працуюць у сваю ахвоту i задавальненне. Усё ў iх ёсць, нiколi з працягнутай рукой не хадзiлi. Дзецi, унукi, якiя прыязджаюць з горада, дапамагаюць, дык i самi без “свiных плячэй” не ад’язджаюць. 

Ёсць, аднак, i такiя, у каго толькi чарка ў галаве. Вось i “труцца” каля пенсiянераў, каб што ад iх адхапiць. А то i дамоў прыходзяць: дай тое, другое, бессаромна патрабуюць. Украсцi, як у той бабы Жэнi курэй, могуць. Папрапiвалi ўсё, а на тых, хто жыве добра, касавурацца: кулакi. 

Вакол магазiна

Гэты магазiн, якi стаяў зводдаль ад вёскi, закрылi гады два таму, бо прыносiў страты, яго пастаянна “чысцiлi”... Вось з таго часу i разгарэлiся пачуццi. У мясцовым райспажыўтаварыстве спрабавалi iх патушыць. Тры разы на тыднi прыязджае ў вёску аўталаўка. Неабходныя прадукты дастаўляе, калi што яшчэ трэба – заказвай! Большасць саломенскiх жыхароў за такi гандаль, аднак ёсць i тыя, хто супраць. Iм давай магазiн, i ўсё. У асноўным гэта “ўпёртыя”  гараджане, якiя прыязджаюць на лета ў вёску, а таксама тыя, каму пляшка штодня трэба. 

Мiжволi думаеш: а цi не занадта пераборлiвымi мы сталi? Iншым разам не ведаеш, як нам i дагадзiць. 

Жывi, Саломенка

Папраўдзе, з трывогай углядаюся ў вёску: што будзе з ёй далей, цi ўстаiць яна на жыццёвай арбiце? Жывёлагадоўчую ферму тут даўно закрылi, пiянерлагер “Жураўка”, што даваў работу многiм жыхарам, таксама не працуе... Хоць, з iншага боку, водаправод, тэлефонная сувязь у вёсцы ёсць, укацiстая гравiйка звязала з гарадскiмi раёнамi. Ды мясцiны якiя: лес, рака, водар палёў i лугоў! Нездарма гараджане ўсё часцей выбiраюць для жыхарства Саломенку, купляюць тут дамы цi свае будуюць. I той пераехаў, i iншы – цэлая вулiца ўтварылася. Нехта ўладкаваўся працаваць у мясцовым СВК, той жа Мiкалай Васiленка ездзiць на працу ў горад, балазе тут i паўтара дзесятка вёрст не будзе, а некаторыя разводзяць жывёлу i за кошт гэтага жывуць. Ды i зямлi вунь колькi! Бяры, працуй, пускай каранi. 

Спадзяёмся, будзе жыць вёска з такой цiкавай, прывабнай на слых назвай, толькi б ёй на чыё-небудзь плячо абаперцiся! 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter