Прайшоўшы вайну радыстам-разведчыкам, ураджэнец Севастопаля знайшоў другую радзіму ў Беларусі

Салдат і міратворца Марат Ягораў

Прайшоўшы вайну радыстам-разведчыкам, ураджэнец Севастопаля знайшоў другую радзіму ў Беларусі. І доўгі час, да самага адыходу на той свет, быў яе “галоўным міратворцам”. У 2001-м за асаблівыя заслугі ветэран быў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны, у 2008-м — ордэнам Пашаны. А яшчэ Кембрыджскі ўніверсітэт назваў Ягорава “Выдатным дзеячам ХХ стагоддзя” і ўключыў яго ў лік знакамітых інтэлектуалаў свету.

У маім журналісцкім архіве захоўваюцца аўдыяфайлы з голасам гэтага чалавека. Рыхтаваў артыкул пра Марата Ягорава да 65-годдзя Перамогі ў газету “Голас Радзімы” (“Вайна і мір Марата Ягорава”, 14.05. 2010). У той жа год 29 лістапада ветэрана не стала. Яго дачка Таццяна пазней гаварыла: адыход быў хуткім і нечаканым. Так многія салдаты на вайне адыходзілі ў Вечнасць: “не вярнуўся з бою”... Журналісты называлі Ягорава “галоўным міратворцам Беларусі”. Больш за 40 гадоў ён жыў гэтым, узначальваў Беларускі Фонд міру. І гутарылі мы 9 сакавіка ў 2010-м у офісе Фонду ў мінскім Траецкім прадмесці, у кабінеце, заваленым кнігамі, папкамі, сувенірамі з розных краін. Яго ўвагу адцягвалі званкі, па неадкладных справах заходзілі людзі... Але ён хутка (у свае 87!) унікаў у “знешнія справы” і лёгка вяртаўся да гутаркі.

У газетнай публікацыі цяжка было перадаць нюансы размовы, і хочацца зноў звярнуцца да ўспамінаў Марата Ягорава пра перажытае. Урокі вайны, ды і міратворчасці, важна засвойваць, лепш за ўсё — з першых вуснаў. На жаль, ветэранаў засталіся адзінкі, і ўзрост іх… Нам варта спяшацца. Бо да пачатку 90-х на падзеі ваеннага часу ў Савецкім Саюзе прынята было глядзець толькі пад “правільным” вуглом. Таму, дарэчы, творы Васіля Быкава, Алеся Адамовіча выходзілі ў свет з цяжкасцю, падвяргаліся цэнзурным праўкам. З жадання паўней данесці чытачам жорсткую праўду пра вайну Алесь Адамовіч і яго сябры, пісьменнікі-ветэраны Янка Брыль і Уладзімір Калеснік звярнуліся да жанру дакументальнай прозы. Яны нямала паездзілі па Беларусі і разам напісалі кнігу “Я з вогненнай вёскі” — успаміны нямногіх жыхароў спаленых карнікамі ў гады вайны беларускіх вёсак, каму ўдалося выжыць. Пазней Адамовіч убачыў: і ў гісторыі блакады Ленінграда многае замоўчвалася. Угаварыў піцерскага пісьменніка Данііла Граніна разам напісаць “Блакадную кнігу”. Апыталі сотні сведак, абодва лячылі нервы… Пра тое мой нарыс “Выпрабаванне праўдай” (“Голас Радзімы”, 8.04.2015). Дарэчы, нават маршал Жукаў неяк адзначыў: праўда пра вайну ў выніку розных прычын шмат у чым скажоная.

Такім чынам, жывы голас, дакументальны запіс гутаркі з ветэранам для гісторыі можа быць больш каштоўны, чым матэрыял, пададзены журналістам. Зрэшты, яшчэ ў 70-х пры рабоце над “Блакаднай кнігай” Алесь Адамовіч шкадаваў, што блакаднікі ўжо многае прызабылі. Гутарка з Маратам Ягоравым падаецца ў скарачэнні, некаторыя факты мне таксама давялося ўдакладніць па іншых крыніцах.

— Марат Фёдаравіч, ваша міратворчая работа — гэта і сустрэчы са многімі вядомымі людзьмі. Каго з іх можаце прыгадаць?

— Іх вельмі шмат... У сябрах у мяне быў, скажам, пісьменнік Барыс Палявы, аўтар “Аповесці пра сапраўднага чалавека” — ён узначальваў Савецкі фонд міру з 69-га да апошніх дзён, памёр у 81-м. Потым яго месца, у 82-м, заняў Анатоль Карпаў, неаднаразовы чэмпіён свету па шахматах: ён неяк прызнаўся, што лічыць мяне сваім духоўным бацькам. Ён і цяпер узначальвае Міжнародную асацыяцыю фондаў міру. А з генералам арміі Валянцінам Варэннікавым, Героем Савецкага Саюза, ваявалі ў адным палку: ён — камандзір батарэі, старшы лейтэнант, а я — старшы сяржант, радыст-разведчык. Сувязістаў называюць элітай арміі: без сувязі на фронце ты ніхто. А я, тым больш, у разведцы служыў і быў “чалавекам, які мог рабіць усё”. У мяне ёсць кніга былога, і апошняга, начальніка Генштаба Узброеных Сіл СССР генерала арміі Уладзіміра Лобава з аўтографам: “Паважанаму Марату Фёдаравічу на памяць. Каб было, як заўсёды. І ніхто, акрамя Марата!”. Мне даводзілася на фронце рабіць, як цяпер сказалі б, нерэальныя рэчы.


З унукам Ягорам у Марата Фёдаравіча — поўнае паразуменне

— У ліку вашых сяброў, чуў, былі пісьменнікі Іван Мележ, Іван Шамякін. Як з імі пазнаёміліся?

— Пасля вайны служыў у Бабруйску. І калі выйшла кніга Івана Шамякіна “Глыбокая плынь”, пра­чытаў яе, яна мне спадабалася. Тады пісьменніка яшчэ не асабліва ведалі, гэта потым ён стаў лаўрэатам Дзяржпрэміі СССР, Героем Сацпрацы, акадэмікам. Я ў сваёй часці арганізаваў канферэнцыю па рамане. Запрасілі Шамякіна, размова была цікавая. Потым я звольніўся ў запас і працаваў на тэлебачанні: у мяне ў 70-м годзе была свая праграма “Актуальны экран”. І я неяк вырашыў зрабіць перадачу пра Саюз пісьменнікаў. Дамовіўся, прыходжу. Сядзяць Мележ і Шамякін. Знялі сюжэт, Шамякін гаворыць: “Нешта мне твой твар знаёмы”. Я нагадаў яму пра сустрэчу ў Бабруйску. Тады ён Мележу: “Іван, мы шукаем кіраўніка бюро прапаганды мастацкай літаратуры — дык вось ён. Чалавек яшчэ тады рабіў гэтую справу, ён усё ведае”. А ў мяне ўжо, дарэчы, былі свае апавяданні, гумарэскі, нават аповесці. Вось два Іваны прапанавалі ісці да іх. Я падумаў: людзі цікавыя, а з кім павядзешся — ад таго і набярэшся. Перайшоў... Шмат усяго мы праводзілі. Скажам, праходзілі ўсесаюзныя Тыдні дзіцячай літаратуры — я гэта ў Беларусі арганізоўваў. Адзначаліся 90-гадовыя юбілеі Янкі Купалы і Якуба Коласа ў 1972-м — на мне ўсе арганізацыйныя пытанні. Са многімі пісьменнікамі СССР я быў знаёмы па той рабоце.

— З Саюза пісьменнікаў вы і прыйшлі ў міратворцы?

— Так, дакладней — у Савецкі фонд міру. Памятаю, у сакавіку 72-га ў Палацы прафсаюзаў праходзіла Другая ўсебеларуская канферэнцыя прыхільнікаў міру, і мяне запрасілі. Іван Мележ выступаў са справаздачай: ён быў старшынёй Камітэта абароны міру. У прэзідыуме — Іван Шамякін ды іншыя дастойныя людзі. Прайшлі выбары, старшынёй зноў абралі Мележа. А ў Маскве ўжо ўтварыўся Савецкі фонд міру, арганізацыя, якая збірае грошы на міратворчую дзейнасць. І на канферэнцыі стваралі Камісію садзеяння Савецкаму фонду міру ў Беларусі. Яе старшынёй абралі народнага мастака СССР Заіра Азгура. А ў намеснікі яму Мележ прапанаваў мяне. Так і стаў я справамі міру займацца. Хутка ўжо 40 гадоў! Ездзіў у Маскву павучыцца, як работу весці. Потым украінскі досвед пераймаў: лепш за ўсё справы міратворчасці былі пастаўленыя ў Крыме. Гэта мяне натхніла. Бо Крым — мая радзіма: я родам з Севастопаля, з Карабельнага боку, каля Ушакоўскай балкі родная мая вуліца. Праўда, з Севастопаля мы потым з’ехалі.

— Раз ужо загаварылі, адкуль родам, то раскажыце: адкуль у вас імя такое?

— Маці-камуністка, настаўніца пачатковых класаў, назвала Маратам у гонар Жана-Поля Марата, аднаго з кіраўнікоў Французкай рэвалюцыі. Нарадзіўся я ў 1923-м. Яшчэ да вайны маці паслалі працаваць у Байдары (з 1945-га — Арлінае. Аўт.) — гэта пад Севастопалем, калі едзеш да Фароса. Там рускіх няшмат было, у асноўным татары, дзеці сядзелі ў адным класе, і маці іх “па ўзроўні ведаў” вучыла. Мне тады гадоў 5 было, я ўсё слухаў, на ляту схопліваў. Потым маці накіравалі ў МТС каля Керчы — а яна тэхніку ведала, сама слесарам раней працавала. Вучыла трактарыстаў: хадавая, рухавік — матчастка трактара. І калі маці адлучалася, я тлумачыў курсантам матэрыял.

— Калі для вас пачалася вайна?

— Я пайшоў у армію 1 жніўня 41-га. У нас была кампанія: грузіны, армяне, татары, рускія... Не было па­дзелу па нацыянальнасцях. Мы ва ўсім імкнуліся быць першымі, мелі значкі “Варашылаўскі стралок”, здавалі нормы комплексу ГПА — “Гатовы да працы і абароны”. Калі пачалася вайна, угаварылі камісара ваенкамата, каб узяў нас у армію. Ён сказаў: у жніўні прыходзьце, вазьму добраахвотнікамі. І накіраваў у школы, вучыцца. Але спачатку сабраліся мы, 10 чалавек. Здаровы лад жыцця вялі: не курылі, не пілі. Добрыя хлопцы. Але тут загаварылі: мы цяпер салдаты, перад адпраўкай на фронт вып’ем. Налілі па шклянцы віна, старэйшы Косця гаворыць: “Хлопцы, п’ём паўшклянкі”. Як сказаў — так і зрабілі. Паставілі. Цыгаркі закурылі — паклалі. І дамовіліся: не п’ём і не курым усю вайну. Вернемся — дап’ём і дакурым.

— Удалося вам гэта?

— Скажу сумленна: за ўсю вайну я не прыняў ні грама спіртнога. Што выдавалі мне — і тытунь, і гарэлку — аддаваў сябрам, з якімі разам ваяваў, хто ў разліку са мною быў. Я ўдзельнічаў у вызваленні Адэсы, іншых гарадоў Украіны, у вызваленні Польшчы, Малдавіі, абараняў Каўказ... Ранілі пад Варшавай — у Германіі не ваяваў. Дарэчы, прымаў удзел у Парадзе Перамогі ў 45-м у Маскве. Як апынуўся там? Павінен быў атрымаць званне Героя Савецкага Саюза — першым фарсіраваў Віслу з кулямётам, па рацыі карэкціраваў агонь артылерыі і забяспечваў поспех пераправы. Тыя падзеі апісаў я ў тэксце “Ордэн жыцця”, ён быў апублікаваны. А пасля вайны вярнуўся дадому. Маці пра тое, што прыязджаю, апавясціць не ўдалося. І вось паднімаюся па лесвіцы — а насустрач спускаецца маці, на працу ідзе. А тады ўсім цікава: да каго хто прыехаў? Усе вярталіся. І яна да мяне: малады чалавек, а вы да каго? Уяўляеце, сына, які прайшоў вайну, маці не пазнала... А я гавару з усмешкай: “Да вас, Таццяна Валянцінаўна…” Такая была сустрэча. Брата майго звалі Уладлен, ён пасля вайны памёр. І вось аказалася: з тых дзесяці я застаўся ў жывых адзін... Прыйшоў на тое самае месца. На Прыморскім бульвары, ля Помніка затопленым караблям мы збіраліся, там наша святое месца. Наліў дзесяць паўшклянак, дзесяць цыгарак раскурыў і гавару: “Ну, хлопцы, за Перамогу!” І як быццам чую з 41-га голас Косці-капітана: “Вернемся — дап’ём і дакурым”. Не вярнуліся... Я паставіў сваю шклянку і сказаў: “З гэтага часу і на векі вечныя, у памяць пра загінулых таварышаў...” Ёсць Помнік загінулым караблям — а я вось помнік загінулым таварышам. Жывы. І з тых часоў якія б ні былі сітуацыі — я не піў. Асабліва цяжка на гэтай пасадзе, калі ўсім так і хочацца ў застоллях, на банкетах падняць тост за мір і дружбу. Я сумленна паднімаў, але прыдумаў шмат хітрасцяў, каб не піць: я па натуры вынаходца. Цэлую сістэму абароны вынайшаў. Калі ў рэстаране — афіцыянт дзве бутэлькі носіць, адна мая. Калі не — вада побач запіваць: гарэлку ў рот — і потым у ваду. Ваду мяняю. І дзякуй Богу: у лютым споўнілася 87, а я ў страі, ніякіх адчуванняў старасці.

— І ніякіх таблетак?

— Абсалютна! Хадзіць люблю. Мёд купляю ў знаёмага пчаляра, па 5-6 трохлітровых слоікаў на год. І дачку Таццяну да мёду прывучваю. Ёй, дарэчы, перадаліся мае гены журналісцкія. Унучка, таксама Таццяна, закончыла ўніверсітэт у ЗША. А малодшая мая дачка Ірына — кандыдат тэхнічных навук, мае 15 вынаходстваў, працавала на кафедры ў Тэхналагічным інстытуце. Калі Саюз разваліўся, перайшла ў Дзяржбуд, у іншых дзяржструктурах працавала, вучылася, апынулася ў Міністэрстве замежных спраў. Працавала ў пасольствах за мяжой саветнікам па эканоміцы. Ад Ірыны мой унук Ягор, яму імя-блаславенне даў сам Уладыка Філарэт. Ягор Ягораў скончыў Інстытут сучасных ведаў, праграміст. І я, дарэчы, тэхнар. Матэматыка, фізіка, хімія лёгка даваліся, яшчэ “з мамінага трактара”. Але стаў палітработнікам, у арміі быў 27 каляндарных гадоў. І 38 ужо — на Фондзе міру.


І ў 87 гадоў Марат Ягораў быў у добрай форме

— Дочкі, унучка, унук... Што яшчэ застаецца за вамі?

— Брашуры ёсць. У 86-м быў аб’яўлены ААН Сусветны год міру. Усе краіны рыхтавалі матэрыялы. Я даў інфармацыю па Беларусі і Мінску — каб сталіцы далі званне “Мінск —пасланец міру ААН”. І званне гораду было прысвоена. А з МЗС СССР папрасілі, каб я напісаў кнігу “Беларусь у барацьбе за мір”. Напісаў. Яе пераклалі на французкую, іспанскую, англійскія мовы, у штаб-кватэры ААН выставілі — гэта было прыемна. Дарэчы, усе міністры замежных спраў называлі Фонд міру няштатным дэпартаментам МЗСа: бо мы робім тое, што афіцыйнай дыпламатыі не заўсёды магчыма. Праходзіць, скажам, у Нью-Ёрку канферэнцыя па абароне міру, і пасол наш у гэтыя справы не мае права ўмешвацца: ён толькі па краіне працуе. Але калі я прыехаў, грамадзянін Беларусі, то ён павінен мяне суправаджаць, і я для яго — пропуск. Дарэчы, я даўно, з 1995-га, маю званне Пасол Міру — яго прысуджае Сусветная федэрацыя барацьбы за мір, і нашаму Паслу ў ЗША Міхаілу Хвастову (2003 — 2009 гады. — Аўт.) яго прысвоілі.

— На якіх буйных замежных форумах вам даводзілася выступаць?

— У арганізацыі Еўрапейскі форум міру я — член прэзідыума. У 2005-м запрасілі ў Берлін, дзе знаходзіцца штаб-кватэра, на пасяджэнне: 60-годдзе Перамогі. Сабралася чалавек 40, і я аказаўся адзіным удзельнікам Другой сусветнай. Прапанавалі: выступі! Гэта была гутарка без рэгламенту, на рускай мове. Тады ж я даў інтэрв’ю газеце “Юнге вельт” па тэлефоне. І яшчэ просьба: выступіць з дакладам у Берлінскім універсітэце імя Гумбальта на сходзе грамадскасці Берліна, прысвечаным юбілею вызвалення Германіі ад фашызму. У мяне як ноч перад боем была. Накідаў планчык, пра што гаварыць. Лічбы, прозвішчы — каб пад рукой былі. Выступаў 30 хвілін, і гэта было адно з самых складаных выступленняў у маім жыцці. Я, дарэчы, заўсёды выступаю без папер. Мне разоў 10 апладзіравалі. Пачаў з таго, што прадстаўляю ўвесь савецкі народ і армію-пераможцу. Што прыйшлі мы не як акупанты — як пераможцы. І першае, што нам трэба было зрабіць у разбураным, спаленым Берліне — аказаць дапамогу простым людзям: галодным, халодным. І мы зварылі кашы, вывезлі на плошчы паходныя кухні. Але напалоханыя гебельсаўскай прапагандай людзі баяліся, што мы іх будзем труціць. І тады повары дэманстратыўна бралі з катлоў і елі. Першымі, хто асмеліўся падысці, былі дзеці. Яны знайшлі нейкія чарапкі і пайшлі па ежу. Гэта была, гаварыў я, моладзь, гэта былі пасланнікі міру, будучыня Германіі. Народныя дыпламаты. І вось адна жанчына ўстала і сказала: “Я была адной з такіх дзяцей”... Ну а скончыў я словамі Назыма Хікмета, турэцкага паэта, барацьбіта за мір: “Калі я свяціць не буду,/ Калі ты свяціць не будзеш,/ Калі мы свяціць не будзем —/ Хто ж тады разгоніць цемру?” Перакладчыца, я бачыў, плакала, калі перакладала за мной.

— Я ведаю, у вас з немцамі ёсць цікавыя сумесныя праекты...

— Так, ёсць. У прыватнасці, мы правялі ў 2001-м сумесны Рэйс міру, прысвечаны 60-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны і 15-й гадавіне Чарнобыля. Ехалі на аўтобусе з Мінска да Брэста, далей — Польшча, Германія. Высаджвалі Дрэвы міру, пачынаючы з Мінска, Хатыні. Быў красавік, абуджалася прырода. З намі быў кінааператар, зрабілі добры фільм. На кожным месцы я выступаў, аператар потым гаворыць: 15 разоў выступаў — і ні разу не паўтарыўся. І вось уявіце: заязджаем у горад — а насустрач чарада дзетак на трохколавых веласіпедах. Акружылі нас і вітаюць званочкамі. Гэта было выдатна!

— Хто з немцаў быў у праекце?

— Іаханэс Ціле, ён працаваў з намі па аздараўленні дзяцей з прычарнобыльскіх рэгіёнаў, вазіў гуманітарныя грузы. Спачатку выкладаў у вучылішчы, потым займаўся толькі міратворчасцю. Яго бацька загінуў пад Віцебскам: партызаны забілі. Мне тэ­лефануюць неяк работнікі з Віцебска: немец шукае магілу бацькі. Я папрасіў: дапамажыце! Знайшлі ў адным з раёнаў, сказалі яму: дзякуючы Марату. Пазней пазнаёміліся. Іаханэс з горада Каршэнбройх, у акрузе Дзюсельдорфа. Ён мне гаварыў: на душы ў мяне груз, ведаю, шмат людзей у Беларусі загінула, адчуваю адказнасць за бацьку. Але ён, гаворыць, добры быў, сам ні стрэлу не зрабіў. Я прапанаваў разам падумаць, што рабіць. І мы арганізавалі нашым дзецям аздараўленне ў Германіі. А да гэтага, дарэчы, 216 яўрэйскіх дзяцей з Гомельшчыны я дапамог адвезці ў Ізраіль... А яшчэ пры дапамозе майго аднапалчаніна, генерала Варэннікава ўдалося аздаравіць 1000 беларускіх дзяцей з прычарнобыльскіх рэгіёнаў у ваенных санаторыях СССР.

— Як гэта было? І трошкі падрабязней — пра вашы франтавыя справы з будучым генералам.

— Варэннікаў па маёй просьбе аднёс пісьмо-просьбу міністру абароны Язаву — і той яго падпісаў. Я Варэннікаву жартам нагадаў, што ў яго ёсць даўжок. Ён з тых часоў, калі мы фарсіравалі рэкі Паўднёвы Буг, Інгул, Інгулец. Ваявалі ў складзе 8-й гвардзейскай арміі, пасля ўзяцця Днепрапятроўска гэта быў 3-і Украінскі фронт. Ішлі на Адэсу. Рэкі мы фарсіравалі, а абозы адсталі. Трэба было снарады дастаўляць для танкаў, артылерыі. Снарады на шыю — і нясём. У мяне радыёстанцыя 25 кг плюс 2 міны, плюс аўтамат, батарэі акумулятарныя — усяго на 50 кг вагі. Я часам маладым гавару: што такое вайна хочаце адчуць? Вазьміце мех бульбы на плячо і прайдзіце 30, 40 кіламетраў. Мы такія маршы рабілі. Ідзём, вакол яры, пагоркі. Мне гавораць: збегай паглядзі, што за пагоркам. Пабег. Адзін, другі пагорак, і далей за ім на дарозе стаяць 4 машыны-фургоны. Я ж разведчык, зазірнуў — у іх скрыні з мінамётнымі мінамі. А перад вайной, як вядома, была “вайна канструктараў”: у немцаў ствол на 81 мм, а нашы — на 82: іх снарады да нашых падыходзілі. Думаю — адганю, фашыстаў не відаць. Руліў я яшчэ з МТС. Сеў у машыну, матор завёў. А гэта машына французкая “Рэно” — не ведаю, як крануцца! Тым часам немцы з засады пачалі страляць. Цямлю: па машыне не будуць — інакш усё ўзляціць, і ім капут. Значыць, палохаюць. У рэшце рэшт я з каробкай хуткасцяў разабраўся і паехаў. На ўзгорак паднімаюся — немцы пачалі абстрэльваць. Машына гружаная, я віляю, імчуся да сваіх. За мной ужо самаходка гоніцца, таксама страляе... А на фронце ўсе як музыканты разбіраліся ў гуках. Які аўтамат-кулямёт страляе — ведалі. Нашы пачулі: нямецкі танк за пагоркам страляе, артылерысты пад­рыхтаваліся па ім біць, Варэннікаў дае каманду. А тут я выязджаю. І ён убачыў, што сонейка бліснула ў шкле, хутка скамандаваў: “Адставіць, гэта Марат едзе”. Нашы ведалі, што я магу такі фокус зрабіць. А самаходку, якую я заманіў, яны спалілі — і за гэта ордэн атрымалі. Выходзіць, ордэн будучаму генералу я дапамог зарабіць! Праз некалькі дзён я скраў і другую ма­шыну, узяўшы ў палон двух кіроўцаў — за гэта мяне ўзнагародзілі ордэнам Чырвонай зоркі. Так што Варэннікаў ведаў мяне. І калі пераскочылі Віслу — я таксама агонь яму карэкціраваў. Таму і сказаў яму, калі былі ў Міністэрстве абароны: “У вас, таварыш генерал, даўжок ёсць”. Ён: “Які даўжок? У карты не гулялі — а даўжок ёсць?” Я яму: “Ордэн атрымалі? Выпадак памятаеце”. Ён, тады намеснік міністра абароны, Галоўком сухапутных войскаў СССР, рассмяяўся: успомніў. І занёс маю паперку на подпіс міністру. І вось дзякуючы той фашысцкай спаленай самаходцы тысяча беларускіх дзяцей паехала на адпачынак...

Гутарыў Іван Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter