Салавей, салавей, птушачка

У Мiнску складзена карта месцажыхарства салаўёў

Упершыню ў гiсторыi горада складзена самая незвычайная карта

Уявiце сабе, паважаныя чытачы, наступнае. Глыбокай ноччу, калi самы салодкi сон, некалькi маладых хлопцаў нецярплiва чакаюць тэлефонных званкоў. Ад сваiх каханых? Не, у iх зусiм iншае ў галаве: спадзяюцца, што нехта пазвонiць i паведае пра... салаўя. I вось «заiграў» мабiльнiк. «Добрай ночы, — чуецца ўзрушаны голас. – Каля нашага дома, у зараснiках, чую, як пяе салавей! Ужо больш як гадзiну слухаю яго i нават спаць не хочацца. Запiшыце, калi ласка, адрас...»

Што гэта – вясёлы розыгрыш? Не. Хлопец, якi прыняў званок, старанна запiсвае, так бы мовiць, адрас салаўiнай песнi, тэлефон абанента, дзякуе яму i... чакае далей. Праз некаторы час — чарговае тэлефанаванне пра чарговага салаўя. Потым яшчэ i яшчэ.

Такiя вось дзiўныя з’явы адбываюцца сёлета ў Мiнску. З самых розных куткоў горада на некалькi тэлефонаў грамадскай арганiзацыi «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) iшлi паведамленнi пра салаўёў. Праходзiла незвычайная акцыя па назiраннi i ўлiку гэтых птушак, аб якой я распытваю спецыялiста па экалагiчнай адукацыi АПБ Руслана Шайкiна.

— Руслан, чаму менавiта салавей?

— Цудоўная, непаўторная песня – вось што тут галоўнае. Салавей – адназначна лепшы спявак у птушыным свеце. Кожную вясну ва ўсiх экалагiчных садах i парках, лясных масiвах з вечара i да ранiцы доўжацца салаўiныя канцэрты. Аж да другой палавiны чэрвеня, калi гняздо пакiдаюць маладыя салаўi.

Што i казаць, песня салаўя незвычайная. Яна складаецца з асобных строф, цi «кален», як гавораць яе знатакi. «Кален» можа быць дзесяткi. Па iх колькасцi вызначаюць лепшых спевакоў.

Яшчэ неабходна адна важная акалiчнасць: птушкi могуць жыць толькi ў прыдатных з экалагiчнага пункту гледжання мясцiнах, такiм чынам наяўнасць салаўёў i iх шчыльнасць – добры iндыкатар стану навакольнага асяроддзя.

Якiя ж задачы ставiлi арганiзатары акцыi перад тымi, каго заклiкалi ўдзельнiчаць у ёй? Безумоўна, зазначае Руслан Валянцiнавiч, не толькi слухаць цудоўныя спевы, мэта больш шырокая, яна мае важнае грамадскае i экалагiчнае значэнне: выявiць гэтых птушак як мага больш, дакладна вызначыць месцы iх знаходжання. Прычым не сiламi толькi вучоных, а з дапамогай самiх жыхароў сталiцы.

Разлiк такi: калi чалавек нават проста зверне ўвагу на птушку, паназiрае за ёю, потым патэлефануе, значыць, яму не ўсё роўна, у якiм асяродку жыць.

— Але ж, скажам, гараджанiну не так i лёгка вызначыць: салавей гэта спявае цi якая iншая птушка?

— Песнi яго, як высветлiлася, знаёмы далёка не ўсiм. Таму ў Цэнтральным батанiчным садзе Мiнска мы наладзiлi спецыяльную салаўiную пляцоўку, якая размясцiлася ў радыусе спеваў гэтых птушак. Давалi жадаючым бiноклi, каб можна было разгледзець птушак, запрашалi ўдзельнiкаў задаваць потым пытаннi i нават дапамагалi «закачаць» голас салаўя на мабiльнiкi. Усяго праз такую пляцоўку прайшло звыш паўтары тысячы чалавек.

Далей праз СМI мы запрасiлi жадаючых прыняць непасрэдны ўдзел у акцыi. Дастаткова, казалi мы, выйсцi вечарам, ранiцай або нават уначы на балкон, прыслухацца па дарозе з работы цi спецыяльна зазiрнуць у блiжэйшы сквер. I, пачуўшы салаўя, пазванiць па тэлефоне, адправiць SMS. Прычым у любы час сутак. Вось адкуль i пайшло тое самае начное тэлефанаванне, з якога мы пачалi наш расказ, а потым (у тым лiку i паводле тэлефанаванняў) была складзена салаўiная карта.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter