Саламяныя абаронцы

Чым беларускі “павук” адрозніваецца ад кітайскіх званочкаў “музыка ветру”

Чым беларускі “павук” адрозніваецца ад кітайскіх званочкаў “музыка ветру”

Добрай традыцыяй і спосабам захаваць непаўторнасць беларускага народнага мастацтва ў Валожынскім раёне стала правядзенне свята-конкурсу “Саламяны павук”.  Напрыканцы кастрычніка прыняць удзел у рэгіянальным свяце сабраліся 37 майстроў з розных раёнаў Мінскай вобласці. Гэтае незвычайнае мерапрыемства на Валожыншчыне праходзіць раз у тры гады. І дзеці, і дарослыя з захапленнем стваралі з тонкай саломкі маленькія шэдэўры, а госці свята любаваліся саламянымі вырабамі з дамашніх калекцый майстроў. А што гэта за саламяны “павук”, што спрычыніўся да ўзнікнення гэтага свята?

Яшчэ не так даўно амаль у кожнай вясковай хаце можна было ўбачыць “павука” — ажурную канструкцыю з саломінак, якую падвешвалі да столі ў покуці над сталом. У старажытнасці такі выраб выконваў магічную функцыю і адначасова ўпрыгожваў інтэр’ер жылля. Калі адчынялі дзверы ў хату, “павук” паволі паварочваўся то ў адзін, то ў другі бок, пабліскваючы залацістымі саломінкамі ў сонечных промнях. Нечым ён нагадвае кітайскія званочкі “музыка ветру” — талісман, які выкарыстоўваецца для аховы дома ад негатыўнай энергіі. Кіраўнік аб’яднання народных майстроў “Скарбніца” Валожынскага цэнтра культуры Наталля Клімёнак (на фота) патлумачыла, што нашы продкі звычайна рабілі саламянага “павука” перад Калядамі, калі сабрана ўся салома. Лічылася, што калі ў хату прыходзіць чалавек з нядобрымі думкамі, яны заблытаюцца ў “павуку” і застануцца ў гэтым абярэгу. Праз год саламянага “павука” звычайна спальвалі і рабілі новы.

Падчас свята майстры рабілі “павукоў” і са звычайнай, неапрацаванай саломы, і з адбеленай, выкарыстоўвалі розныя схемы. Існуюць “павукі” ў форме сонейка, рамбічныя, пірамідальныя, для іх упрыгожвання выкарыстоўвалі зоркі, анёлаў, абручы... Адзін з майстроў нават зрабіў “павука” ў форме ліхтарыка! Самы доўгі “павук” у даўжыню расцягнуўся амаль на два метры! Дарэчы, аўтар ацаніў яго ў мільён беларускіх рублёў. Праца гэтая патрабуе вялікай далікатнасці, бо майстар з пашанай ставіцца да

Журы прысудзіла Гран-пры свята Таццяне Пархамчук з Маладзечанскага раёна. А ў намінацыі “Лепшая калекцыя хатніх работ” перамагла Леанарда Капуста з Валожынскага раёна, выкладчыца аддзялення прыкладнога мастацтва Івянецкай дзіцячай школы мастацтваў. Лаўрэаты і дыпламанты конкурсу акрамя дыпломаў атрымалі падарункі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter