Салаўіная сталіца

У Слуцку ствараецца першы ў краіне Музей салаўяВы не падумайце, што гэта нейкая выпадковасць. Горды тытул “салаўіны горад” Слуцк атрымаў пяць гадоў таму па выніках нацыянальнай кампаніі “Салавей — птушка года”. Гэты край даўно аблюбавалі крылатыя спевакі. І ў творах ураджэнцаў Случчыны — Васіля Віткі, Паўла Місько, Зоі Падліпскай ды іншых — гэтыя выканаўцы згадваюцца досыць часта. А летась масавасць салаўёў на Случчыне пацверджана і сябрамі аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Па словах старшыні райаддзялення АПБ Наталлі Бурачэнкі, у Слуцкім раёне ў 2011 годзе налічвалася больш за 500 пар птушак: паказчык досыць высокі. Усяго ж у Беларусі каля 200 тысяч пар салаўёў.
У Слуцку ствараецца першы ў краіне Музей салаўя
Вы не падумайце, што гэта нейкая выпадковасць. Горды тытул “салаўіны горад” Слуцк атрымаў пяць гадоў таму па выніках нацыянальнай кампаніі “Салавей — птушка года”. Гэты край даўно аблюбавалі крылатыя спевакі. І ў творах ураджэнцаў Случчыны — Васіля Віткі, Паўла Місько, Зоі Падліпскай ды іншых — гэтыя выканаўцы згадваюцца досыць часта. А летась масавасць салаўёў на Случчыне пацверджана і сябрамі аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Па словах старшыні райаддзялення АПБ Наталлі Бурачэнкі, у Слуцкім раёне ў 2011 годзе налічвалася больш за 500 пар птушак: паказчык досыць высокі. Усяго ж у Беларусі каля 200 тысяч пар салаўёў.
Сёлета энтузіясты-арнітолагі ўжо працуюць над праграмай “Салавей — прыродны сімвал Слуцкага раёна”. Як патлумачыла Наталля Бурачэнка, дзякуючы пярнатаму спеваку Слуцк стане больш вядомым. Ёсць у праекта і прыродаахоўная функцыя: больш увагі надаецца ахове месцаў, дзе гняздуюцца салаўі, жывуць іншыя прадстаўнікі флоры і фаўны. А 15 мая, у Дзень салаўя па славянскім народным календары, на тэрыторыі Слуцкага экацэнтра ўсталяваны памятны знак салаўю вышынёй два з паловай метры — яго з дрэва выразаў мясцовы майстар Алег Шапель.
І Музей салаўя ствараецца ў горадзе ў працяг ідэі. Да працы падключыліся супрацоўнікі Слуцкага эколага-біялагічнага цэнтра навучэнцаў. Вучні збіраюць самыя розныя звесткі пра салаўя, падбіраюць літаратурныя творы, робяць прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, малюнкі, паштоўкі… Адна з музейных залаў ужо створана. Супрацоўнікі цэнтра збіраюць фанатэку салаўіных галасоў, якія будуць гучаць на “дыялектах” розных рэгіёнаў краіны. Навукоўцы сцвярджаюць, што па стылі выкання яны адрозніваюцца. Будзе ў музеі і альбом “Радаводы салаўіных фамілій” з фатаграфіямі і цікавымі сямейнымі гісторыямі ўладальнікаў “птушынага” прозвішча. Случакі ўпэўненыя, што адметны музей прывабіць у горад новых турыстаў. Мясцовыя эколагі ўжо падрыхтавалі зварот да адміністрацый прадпрыемстваў горада з прапановай: унесці ў назвы іх прадукцыі слоган “Слуцкі салоўка”.
Даведка ГР. У Беларусі цяпер сотні музеяў. Каля 1500 з іх дзейнічаюць пад эгідай Міністэрства адукацыі, 153 — у сістэме Міністэрства культуры, больш за 200 ведамасных, 15 належаць грамадскім аб’яднанням, каля 10 прыватных. У кастрычніку ў Гродне пройдзе Першы нацыянальны форум “Музеі Беларусі”, у якім паўдзельнічаюць прадстаўнікі больш чым ста музеяў. Падзяліцца досведам і пераняць лепшыя напрацоўкі ў беларускіх калег на форум прыбудуць госці з Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Чэхіі, Германіі, Аўстрыі.

Іна Ганчаровіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter