Салаўiныя песнi ў маi

Салаўiныя песнi вясною — з’ява надзвычай радасная i хвалюючая, доўгачаканая i жаданая

Салаўiныя песнi вясною — з’ява надзвычай радасная i хвалюючая, доўгачаканая i жаданая. Тут я нiчога новага не адкрываю, гэта ўславiлi многiя паэты ў сваiх пранiкнёных вершаваных радках, такое пачуццё жыве i ў шматлiкiх песнях, якiя асаблiва глыбока кранаюць нашы сэрцы. Салавей у маi, у разгар зялёнай маладосцi года, як жыццярадасны i аптымiстычны запеў на вясну i лета. Безумоўна, ён больш, чым любая iншая птушка, абуджае ў чалавечай душы добрыя пачуццi i натхненне... 

Хачу расказаць пра верных i, не баюся гэтага слова, уважлiвых да мяне салаўёў, якiя ўжо шмат гадоў запар жывуць ля нашай дачы ў вёсцы. Але спачатку вельмi коратка наогул пра гэтую птушку ў Беларусi. Яна — з сям’i драздовых, пералётная, можна сустрэць па ўсёй тэ­рыторыi нашай краiны. Селiцца шмат дзе: у хмызняках на берагах вадаёмаў, на пойменных лугах, ускрайках лiставых лясоў, дзе дастаткова вiльгацi. Яшчэ — у невялiкiх гаях, у садах i парках, якiя багатыя на густы падрост з лiставых парод. Што i гаварыць, такiх прыдатных для салаўёў мясцiн вялiкае мноства па ўсёй Беларусi. Прылятаюць яны да нас у канцы красавiка — пачатку мая. Якраз калi набiрае жывую сiлу вясна, усё буйнее ў прыродзе. Гнёзды добра маскi­руюць на зямлi, самка нясе ў першай палавiне мая пяць яец. 

Як толькi мы пабудавалi хату ў вёсцы i першай вясною пера­бралiся сюды, пачулi салаўя. Ён спяваў зусiм блiзка. Тут ёсць утульны, цiхi куточак: калiсьцi бруiлася вясёлая рачулка, ды яе загубiла непрадуманая мелiя­рацыя. I як добрая памяць аб загiнуўшай рэчцы вырасталi тут вольхi ды бярозы. Бралiся яны ўсё больш упэўнена i дружна, бо вiльгацi тут шмат, нiхто асаблiва не шкодзiць. I за тыя 14 гадоў, як мы з ранняй вясны да позняй восенi тут жывём, здорава вымахаў добры пералесак. Хоць i нешырокi, але ж даволi густы i цянiсты, з падростам. Ну зусiм як невялiкi гай, райская мясцiнка для птушак... 

I нiчога дзiўнага, што гэты куточак аблюбавалi салаўi. Можна ўявiць сабе, як мы ўзрадавалiся. кожны год з пачатку мая i да канца чэрвеня слухалi салаўёў. Звычайна яны пачыналi спяваць вечарам i давалi свой цудоўны канцэрт усю ноч. Часта, каб адчуць поўную асалоду ад гэтых спеваў, ноччу я выхадзiў з хаты, стаяў i слухаў. Навокал — цемната i цiш, прырода спачывала, а салаўi, не ведаючы спачынку, сумленна выводзiлi свае мелодыi. А ў чэрвенi, калi было душна, мы не зачынялi ноччу акно нашай хаты, якое выходзiла на той самы пералесак. Паколькi сон у мяне дрэнны, то я, прачынаючыся, кожны раз чуў салаўёў. I на сэрцы было вельмi прыемна: нястомныя птушкi стваралi добры настрой. 

Аднойчы пад ранiцу салаўiная песня загучала надта моцна i весела. «Што такое? Адкуль такi голас у салаўя?» — падумаў я. Выйшаў на двор. I раптам ажно ледзь не ахнуў ад здзiўлення: салавей спяваў на нашай яблынi, лiтаральна метрах у сямi ад хаты! Я стаяў нерухома, затаiў нават дыханне — не спалохаць бы птушку. Непакоiўся дарэмна, салавей працягваў спяваць. 

Я асцярожна зрабiў некалькi крокаў да яблынi, пiльна ўглядаю­чыся ў яе крону, менавiта ў тое месца, адкуль чулася песня. Як жа мне пашанцавала: убачыў салаўя! Нават добра разгледзiў яго: алiўкава-бурае апярэнне, светлая грудка. Зусiм маленькая птушка. Так-так, даўжыня цела салаўя — 16—17 сантыметраў. Здаецца, адкуль у яго сiла i моц выводзiць такiя трэлi? 

З таго часу салавей заўсёды прылятаў з пералеска на нашу яблыню. Сёлета вясной крыху спазнiўся — было холадна. А зараз спявае кожную ранiцу. Ён быццам разумее, што мы з жонкай ужо пенсiянеры, пашкадаваў нас, прынёс сваю песню нам дадому. Вось ён гучна засвiстаў. Потым зацягнуў трэль з дробнымi пера­лiвамi. А вось выдаў густы сакавiты званочак... Да чаго ж багаты ў яго «рэпертуар»!.. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter