3D-очки, QR-коды и анимация: знаменитый археологический музей «Берестье» обновил экспозицию

Сакрэты старога горада

Музей «Бярэсце» часта называюць унікальным. Слова гучнае і катэгарычнае, але тут яно дарэчы. На беразе Заходняга Буга знаходзіцца адзіны музей усходнеславянскага горада XI—XIII стагоддзяў. Яго аснова — раскоп плошчай амаль у 1200 «квадратаў». На чатырохметровай глыбіні — частка рамеснага квартала: 28 драўляных жылых і гаспадарчых пабудоў, дзве вулічныя маставыя, рэшткі глінабітных печаў. За 37 гадоў «Бярэсце» наведалі больш за 3 мільёны чалавек. Да 1000-годдзя Брэста экспазіцыю істотна абнавілі. Яна стала больш сучаснай і тэхналагічнай. Афіцыйнае адкрыццё — 5 кастрычніка. Напярэдадні карэспандэнт «Р» даведаўся, чым «Бярэсце» будзе здзіўляць гасцей. 

Кіраўнікі абнавілі існуючую экспазіцыю і заклалі аснову для далейшага развіцця.

Раскоп мiнулага

Пра тое, адкуль пачынаўся адзін са старажытнейшых гарадоў Беларусі, вучоныя спрачаліся не адно дзесяцігоддзе. У 1961-м у Брэст прыехаў малады аспірант Пётр Лысенка. Праз тры гады ён тэарэтычна абгрунтаваў, што гарадзішча Бярэсце знаходзілася на Валынскім умацаванні крэпасці. Уявіце, наколькі цяжка было пачаць работы на тэрыторыі пагранзаставы ў савецкі час. Толькі ў канцы 1960-х Лысенка раскапаў дзядзінец старажытнага горада каля ўпадзення левага рукава Мухаўца ў Заходні Буг. Сярод 42 000 знойдзеных прадметаў ёсць асаблівыя. Напрыклад, букавы грэбень з выразанымі літарамі кірыліцы на абодвух баках. Ён і ў абноўленым музеі на ганаровым месцы. 

З кожным годам музей наведвае ўсё больш гасцей.

Сёння «Бярэсце» — галоўнае, што звязвае сучасны Брэст са старажытным горадам. Кожны год музей наведваюць каля 60 000 гасцей. Але час не стаіць на месцы. За тры з паловай дзесяцігоддзі істотна змяніліся і тэхналогіі, і падыходы да музейнай справы. Работы пачаліся летам 2017-га. Абнавілі не толькі будынак, які не рамантаваўся 30 з лішнім гадоў — дзякуючы сучасным тэхналогіям прынцыпова змянілася ўспрыманне экспазіцыі. Але ж яе аснова — усё той жа лысенкаўскі раскоп. 

Новы абрыс музея

Дырэктар Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея Аляксей Міцюкоў расказвае, што змянілася ў «Бярэсці»:

— Мы не толькі абнавілі існуючую экспазіцыю, але і заклалі аснову для далейшага развіцця, магчыма, усёй тэрыторыі былога старажытнага Бярэсця. Тэрыторыя вакол музея стала інфарматыўнай. З'явіліся малыя архітэктурныя формы, якія распавядаюць, як трансфарміравалася назва горада ад першага летапіснага да сённяшняга. На стэндах можна ўбачыць, як будаваўся і развіваўся Берасцейскі замак, дзе праходзілі раскопкі, былі зной-дзены старажытныя маставыя. Агульны кошт рамонту будынка, добраўпарадкавання прылеглай тэрыторыі, рээкспазіцыі — 1,6 мільёна рублёў. Гэтыя сродкі былі выдаткаваны з абласнога бюджэту.

Яшчэ адна навінка — кіназал. Тут жадаючыя могуць паглядзець дакументальныя фільмы, прысвечаныя гісторыі горада. Для самых маленькіх зрабілі мультфільм. Карацей, цікава будзе і дарослым, і дзецям. 

— З кожным годам музей наведвае ўсё больш гасцей, — працягвае Аляксей Міцюкоў. Едуць не толькі з Беларусі, але і з Расіі, Украіны. Пасля таго як Брэст стаў бязвізавай зонай, стала больш гасцей з Польшчы, Германіі, Бельгіі, Нідэрландаў. У гэтым годзе істотна больш турыстаў з Кітая. 

Сёння «Бярэсце» — галоўнае, што звязвае сучасны Брэст са старажытным горадам.

З пераменамі, якія адбыліся ў музеі за апошні час, знаёміць яго навуковы супрацоўнік Андрэй Кіпцэвіч. Каля першага стэнда ён прапаноўвае дастаць смартфон і адсканіраваць QR-код. Спасылка вядзе да аўдыягіда, які быў распрацаваны Інстытутам інфармацыйных тэхналогій НАН. 

— Зараз наведвальнікам зусім неабавязкова замаўляць экскурсіі, — тлумачыць Андрэй. — Дзякуючы аўдыягіду для смартфона можна атрымаць поўную інфармацыю на пяці мовах. Да таго ж у музеі працуюць некалькі кропак Wi-Fi.

Адзін з першых невялікіх залаў прысвечаны развіццю рамёстваў. У прыватнасці, кавальскай справе. На пастаменце — фігуры кавалёў. Чуваць удары молатаў, трэск полымя, уздыхі кавальскіх мяхоў. 

Кацяня па кошце трох коней

Навуковы супрацоўнік паказвае найбольш цікавыя экспанаты: 

— Чулі выраз «варушы порш-нямі»? Дык вось, поршні — старажытны скураны абутак. Яго знайшлі падчас раскопак. А вось фрагмент нашага скуранога пояса, які намаляваны на пяцірублёвай купюры. Побач — старажытнае драўлянае кола. Яго таксама можна ўбачыць на пяцірублёўцы. Над колам рэстаўратары працавалі вельмі доўга, бо ў той час адмысловых саставаў для кансервацыі проста не было. 

Мадэль хаты старажытнага берасцейца — экспанат не новы, але цікавы. У зусім невялікім памяшканні знайшлося месца толькі для стала і двух'яруснага ложка. Побач — маленькі хлеў. Звонку чуваць гукі старога горада. 

— Зразумела, што памеры тагачаснага жылля былі не такімі, як зараз. Плошча дома складала ад 12 да 24 «квадратаў». Гаспадарчыя пабудовы былі ўдвая меншымі. Трэба сказаць, што і тагачасныя людзі не адрозніваліся высокім ростам. Напрыклад, мужыкі вырасталі прыкладна да 160 сантыметраў і жылі трохі больш за 30 гадоў. 

Цікавы экспанат — чэрап тагачаснай кошкі. Аказваецца, у той час гэтыя хатнія жывёлы каштавалі вельмі дорага. За адно кацяня давалі трох коней. Прычына такой дарагавізны ляжыць на паверхні: каты былі адзінай даступнай пасткай. 

Цікавая музейная навінка — 3D-акуляры. За 60 капеек можна на свае вочы ўбачыць горад XIII стагоддзя з вышыні Берасцейскай вежы. Таксама на сайце atmasfera.by можна здзейсніць віртуальную 3D-экскурсію па раскопе старажытнага Бярэсця. Але ўсё ж лепш наведаць музей, пазнаёміцца з новай экспазіцыяй. Яна таго вартая. 

losich@sb.by 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter