Клад кремниевых нуклеусов, пластина из шоколадного кремня, нательный крестик X в.: мы узнали о важнейших находках археологического сезона-2020

Сакрэты сiвой даўнiны

Надышоў дзясяты месяц года, i можна ўжо падводзiць пэўныя вынiкi палявога археалагiчнага сезона гэтага года. Зразумела, на яго наклала адбiтак агульнасусветная эпiдэмiялагiчная сiтуацыя: пэўныя абмежаваннi паўплывалi на колькасць экспедыцый, якiя былi праведзены ў краiне. Тым не менш на пачатак кастрычнiка НАН выдала 44 даследчыкам 180 дазволаў на права правядзення археалагiчных пошукаў. Аб самых цiкавых аб’ектах, вынiках даследаванняў i значэннi для гiсторыi знойдзеных артэфактаў карэспандэнту «Р» расказаў Вадзiм Лакiза, намеснiк дырэктара па навуковай працы Iнстытута гiсторыi НАН.

Працэс даследавання тарфянікавага паселішча ў Бешанковіцкім раёне.
Фота Максiма Чарняўскага

Новыя кропкi на археалагiчных картах

Зямля наша хавае нямала гiстарычных таямнiц. Многiя з iх часам раскрываюцца ў пачатку будоўлi. Амаль ва ўсiх падобных выпадках Iнстытут гiсторыi НАН ажыццяўляе археалагiчнае суправаджэнне ў зонах новабудоўляў, каб не страцiўся нiводзiн элемент побыту, культуры нашых продкаў.

Вадзім ЛАКІЗА.
— У гэтым сэнсе трэба абавязкова адзначыць даследававаннi ў Полацку, якiя праходзiлi пад кiраўнiцтвам Вольгi Ляўко, загадчыка цэнтра археалогii i старажытнай гiсторыi Беларусi, — расказвае Вадзiм Лакiза. — Недалёка ад полацкай Сафii на старажытным гарадзiшчы пры ўзвядзеннi будынкаў кадэцкага вучылiшча знойдзены рэшткi храма рубяжа XII—XIII стагоддзяў, некалькi драўляных пабудоў крыху пазнейшага часу. Археолагi знайшлi там гiркi, пломбы, усходнiя i еўрапейскiя манеты, фрагменты амфар. Адна з самых каштоўных знаходак — нацельны крыжык скандынаўскага тыпу X стагоддзя. Цiкава, што поўны яго аналаг захоўваецца ў горадзе Бiрка — музеi пад адкрытым небам, старажытным горадзе на тэрыторыi сучаснай Швецыi. Работа ў Полацку, на Верхнім замку, працягваецца і зараз. Археолагі і антраполагі даследуюць старажытнарускі могільнік.

Археалагiчнае суправаджэнне спадрэбiлася таксама пры будаўнiцтве моста цераз Нёман каля Гродна. У зону будоўлi траплялi два помнiкi археалогii, уключаныя ў Дзяржаўны спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцей. Навукоўцы прыклалi ўсе намаганнi, каб гэтыя аб’екты мiнiмальна пацярпелi падчас будаўнiцтва i былi даследаваны. 

— Цiкавыя вынiкi прынеслi i даследаваннi зоны будучай будоўлi нафтаправода Гомель — Горкi, што пракладуць па тэрыторыi дзвюх абласцей, — зазначае Вадзiм Леанiдавiч. — У многiя месцы раней археолагi яшчэ не дабiралiся. Цяпер жа экспедыцыя пад кiраўнiцтвам Ганны Цiмафеенка прайшла каля 200 кiламетраў — праз лясы, лугi, поймы рэк. У вынiку на археалагiчную карту нанесены дзясяткi новых помнiкаў археалогii ад каменнага веку да эпохi Сярэднявечча, а таксама распрацаваны комплекс мер для iх захавання. Зараз вядзецца далейшая праца з заказчыкам будаўнiцтва па арганiзацыi, правядзеннi археалагiчных раскопак i наглядзе.

На тэрыторыі Белавежскай пушчы практычна завершана стварэнне археалагічнага музея пад адкрытым небам.

Працягвалiся работы на тэрыторыi Нежынскага горнаабагачальнага камбiната, дзе ў зону будаўнiцтва трапiлi два помнiкi археалогii — каменнага веку i эпохi Сярэднявечча. Атрыманы цiкавыя матэрыялы для папаўнення новымi фактамi гiсторыi Любанскага раёна i краiны ў цэлым.
Каменная шліфавальная плітка.

Рэдкiя знаходкi

З найбольш буйных цiкавых аб’ектаў у першую чаргу на розум, канешне, прыходзяць раскопкi на тэрыторыi Белавежскай пушчы, дзе ўжо практычна завершана стварэнне археалагiчнага музея пад адкрытым небам. Агульная плошча даследаванняў склала каля 1500 квадратных метраў. Там знойдзены тысячы розных артэфактаў ад каменнага веку да жалезнага i ранняга Сярэднявечча. 

— Многiя матэрыялы яшчэ чакаюць апрацоўкi i асэнсавання, але ўжо сёння можна сцвярджаць, што яны дапамогуць даведацца шмат чаго пра жыццё нашых далёкiх продкаў, — упэўнены Вадзiм Лакiза. — Паказальнай для разумення ўзаемаадносiн тагачаснага насельнiцтва з’яўляецца знаходка пласцiны з шакаладнага крэменю часоў фiнальнага палеалiту. Здабываўся ён на тэрыторыi сучаснай Польшчы. Атрымлiваецца, ужо тады людзi перамяшчалiся на даволi вялiкiя адлегласцi, абменьвалiся рэчамi. 

Знаходка, якой Вадзiм Леанiдавiч ганарыцца, — скарб крамянёвых нуклеусаў, так называюць нарыхтоўкi для будучых прылад працы:

— Вельмi рэдкая знаходка! Нам, можна сказаць, пашчасцiла. Дзякуючы гэтаму скарбу праз тысячагоддзi можна рабiць некаторыя высновы аб сацыяльнай гiсторыi, жыццёвай сiтуацыi тых людзей. Нешта ж павiнна было адбыцца, каб чалавек схаваў самае каштоўнае, чым, вiдаць, i былi для яго гэтыя нуклеусы.

Крамянёвы нуклеус быў вялікай каштоўнасцю для свайго гаспадара.
На адным з паселiшчаў у розных культурных напластаваннях знайшлася спачатку крамянёвая адшлiфаваная сякера, а нiжэй — каменная шлiфавальная плiтка, на якой i выраблялiся такiя сякеры. 

Асаблiвасцi старажытнага домабудавання

Штогод праводзяцца раскопкi пад кiраўнiцтвам Максiма Чарняўскага на тэрыторыi Крывiнскага тарфянiку ў Бешанковiцкiм раёне. Там ёсць адзiн з унiкальнейшых комплексаў неалiту i бронзавага века на тэрыторыi Усходняй Еўропы. Пасяленне знаходзiцца пад слоем торфу, якi захаваў для нас арганiчныя прадметы: касцяныя падвескi, упрыгажэннi, вырабы з бурштыну, рэшткi ежы, драўляныя прылады. Дзякуючы iм можна нават рэканструяваць асаблiвасцi тагачаснага домабудавання. Знаходкi вельмi важныя, яны пашыраюць нашы ўяўленнi аб духоўнай i матэрыяльнай культуры далёкiх продкаў. 

Такога ж парадку i «мокрае», цi тарфянае паселiшча Какорыца ў Драгiчынскiм раёне: пад торфам захаваўся культурны слой. Там увогуле планавалася праца мiжнароднай комплекснай экспедыцыi з удзелам геолагаў, палiнолагаў. Яе прыйшлося адкласцi, аднак там працавалi навукоўцы пад кiраўнiцтвам Мiкалая Крывальцэвiча. У невялiкай, але вельмi багатай раскопцы знойдзена каля 20 тысяч артэфактаў эпохi неалiту i бронзавага часу. На думку Вадзiма Лакiзы, гэта надзвычай перспектыўны аб’ект для далейшых даследаванняў. 

У  ТЭМУ

На нядаўнiм пасяджэннi Беларускай рэспублiканскай рады па пытаннях гiсторыка-культурнай спадчыны статус нацыянальнай каштоўнасцi нададзены элементам «Абрад «Розгары», в. Лукомль Чашнiцкага раёна», «Традыцыйныя вобразы глiняных народных цацак Аршанскага Падняпроўя i Вiцебскага Падзвiння», а таксама шлему X—XI стагоддзяў, знойдзенаму ў мiнулым годзе ў Бабруйску. 


Фота Максiма Чарняўскага, НАН и  БЕЛТА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter