Сакрэт смарагдавых красунь. Восеньскі цёплы сонечны дзень.

Я павольна іду па ледзь прыкметнай сцежцы, любуюся прыгожым краявідам. У промнях залатога сонца купаецца лістота дрэў, расфарбаваная Восенню-мастачкай. Жоўты, руды, пунсовы... Пералівы колераў такія багатыя, такія яркія. На зямлі гаспадараць велічная прыгажосць і шчодрая раскоша. Хочацца, каб час маёй вандроўкі доўжыўся бясконца. Я гляджу на блакітнае неба, дыхаю свежым крыштальным паветрам і нібыта ўбіраю ў сябе цеплыню сонца, золата лісця, водар восені...
Трава крыху прыцьмела, але ўсё яшчэ захоўвае зялёны колер. Восеньскія туманы і начныя халады пазбавілі траву той сакавітасці, якой яна поўнілася летам. Клёны-моднікі даўно апрануліся ў самыя шыкоўныя строі. І ім зусім не хочацца скідаць такое дзівоснае ўбранне. А лістапад ужо прыйшоў, і яму засталося толькі забраць багатую залатую даніну — лісце, якое старанна распісвалі золатам яго браты — верасень і кастрычнік. Сярод стракатых клёнаў, асін і бярозак зелянеюць смарагдавыя елкі. Ганарлівыя стройныя красуні нібыта кажуць: “Восень ніколі не пакрывае нас пазалотаю, бо не адважваецца дакрануцца да вострых іголак! Таму мы заўсёды захоўваем свой сакавіты зялёны колер...”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter