Познаем Беларусь: сакральный смысл «бабиной каши» у белорусов

Сакральны сэнс «бабінай кашы»

У сівыя часы нашы продкі надавалі вялікі сэнс нават самым звыклым падзеям. На працягу многіх стагоддзяў склалася цэлая сістэма традыцый, скіраваных на абарону чалавека і яго сям’і ад нягод. Адзін з самых значных і цікавых абрадаў — радзіны, або хрэсьбіны. Цэнтральнае месца пры яго правядзенні адводзілася бабцы-павітусе і страве, якую паручалі гатаваць менаівта ёй, — «бабінай кашы».

ukrinform.com

Беларуская абрадавая страва на радзінах гатавалася з прасяных, ячных або грэцкіх круп на малацэ, з яйкамі, мёдам, цукрам, маслам. Зверху кашу аздаблялі цукеркамі і кветкамі. Кашу маглі запраўляць маслам ці салам. На Віцебшчыне «бабінай кашай» называлі піражкі, сухары, булачкі, якія выконвалі тую ж абрадавую функцыю. У наш час «кашай» на радзінах у некаторых рэгіёнах называюць любы набор пачастункаў: пячэнне, пернікі, цукеркі. Гэты ласунак падаецца ў канцы святочнага абеду.

Нашы продкі прапанавалі кашу ў гліняным гаршку, накрытым талеркай, у якую госці складвалі грошы ці яйкі і такім чынам выкуплялі пачастунак. Спачатку ставілі на стол не сапраўдную кашу, а гаршчок з бульбай, затым з гарбузом, а потым нават з катом. «Торг» за кашу сярод гасцей мог весціся гадзінамі. Гаршчок з сапраўднай кашай уносілі пазней і прапаноўвалі выкупіць. Ён заставаўся ў руках таго, хто паклаў больш грошай. Звычайна гэта быў кум. Пасля выкупу кашы ён павінен быў адным ударам разбіць гаршчок аб стол «на шчасце нованароджанаму». Затым з чарапка карміў кашай прысутных.

Бывала, перш чым частаваць гасцей, бацьку нованароджанага прымушалі з’есці лыжку кашы, напалову змешанай з соллю. У даўнія часы існаваў звычай карміць бацьку чым-небудзь непрыемным на смак, каб ён не застаўся ў даўгу перад парадзіхай. Дары, сабраныя «на кашу», належалі бабцы-павітусе. Частку выручанага яна аддавала малому «на мыла».

Калі застолле заканчвалася, на развітанне гаспадыня дарыла хросным пірагі «кумавікі». Пасля гэтага ўсе разыходзіліся.

Другі дзень свята называўся «пахмелле» або «пахмелкі». Госці зноў збіраліся ў доме бацькоў. Цікавая традыцыя: у канцы абеду бабку-павітуху закручвалі ў тканіну і спявалі ёй абрадавыя песні. Затым мужчыны прыносілі барану, павернутую зубамі ўверх, садзілі на яе бабку і на сабе цягнулі ў карчму, дзе працягвалася застолле.

Трэці дзень свята называлі «муравіны» (ад слова «муро», скажонае «міро» — духмяные смолы, якія выкарыстоўваў святар пры хрышчэнні для правядзення таінства мірапамазання). Муравіны — сямейнае свята з выпадку першага пасля хрышчэння купання дзіцяці. У гэты дзень запрашалі толь­кі блізкіх сваякоў, кума і куму, а таксама бабку-павітуху, якая купала дзіця. Ваду пасля купання звычайна вылівалі ў якое-небудзь чыстае месца, напрыклад у цякучую ваду або пад яблыню.

У час хрысціннага абеду і на «пахмелкі» абавязкова выконвалі абрадавыя песні, сярод якіх былі велічальныя, заклінальныя, а таксама лірычныя. Спевы прысвячалі ўсім удзельнікам сямейнай падзеі — бацькам, бабцы-павітусе, хросным. Адметная рыса песень — звяртанне ўвагі на багацце бабкі. І гэта невыпадкова: ад яе і ад хросных залежала будучае жыццё нованароджанага. Напрыклад, у песні «У лузі верба бахмата» пажылую, усімі паважаную бабку паэтычна параўноўваюць з пушыстаю вярбою, велічаюць як самую дарагую госцю.

ДАРЭЧЫ

Каша была рытуальнай стравай не толькі на хрысцінах. Як абрадавую страву яе прапаноўвалі на памінальнай вячэры, у час Каляд — «на куццю». Гэта традыцыя мае даўнія карані. У літаратуры ёсць упамінанні, што яшчэ ў Старажытнай Грэцыі кашу як адзін з дароў прыносілі ў ахвяру багам.

kuzmich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter