Учащиеся Глубокского профессионального лицея выращивают зерно, побеждают на рабочих олимпиадах и воспитываются настоящими патриотами
28.11.2020 15:11:00
Владимир САУЛИЧ
Вынікі года ў раслінаводстве падвялі і ў Глыбоцкім дзяржаўным прафесійным ліцэі. Здабыткі аказаліся даволі значнымі. Жыта гібрыднае дало на круг па 50 цэнтнераў, пшаніца яравая — 45. Усяго намалацілі 640 тон зерня, сабралі 20 тон морквы, столькі ж — буракоў. Добра ўрадзілі гарбузы, фасоля, цыбуля. Адным словам, хопіць і для сябе, і ў сталоўку, і на продаж. У лепшы тэрмін праведзена асенняя пасяўная. Так ліцэісты адточваюць практычныя навыкі ў вучэбнай гаспадарцы, якая, дарэчы, мае 253 гектары зямлі.
Першы курс..
Аднак ліцэісты шчыравалі не толькі тут. Старшакурснікі падчас вытворчай практыкі актыўна дапамагалі на ўборцы сельгаспрадпрыемствам, адкуль прыехалі на вучобу. Іван Жызнеўскі, напрыклад, з Докшыцкага, выдатна зарэкамендаваў сябе памочнікам камбайнера. Намеснік дырэктара ААТ «Мярэцкія» Глыбоцкага раёна Віктар Дубаўка ставіць самую высокую адзнаку за работу ў гаспадарцы ліцэістам Аляксандру Толкачу і Віктару Цімашэнкаву:
— Хлопцы працавалі практычна на ўсіх відах тэхнікі не горш за вопытных механізатараў гаспадаркі. Яшчэ больш, Аляксандр Толкач стаў удзельнікам абласных «Дажынак» і атрымаў падзяку ад старшыні аблвыканкама Мікалая Шарснёва.
Глыбоцкі прафесійны ліцэй — старэйшая навучальная ўстанова вобласці па падрыхтоўцы кадраў рабочых прафесій для народнай гаспадаркі. За 66 год тут атрымала адукацыю звыш 30 тысяч спецыялістаў. Сёння ў ліцэі 238 навучэнцаў, з якіх 84 — першакурснікі. І вось прыкмета папулярнасці гэтай установы: калі ў мінулыя гады для паступлення дастаткова было пасведчання аб заканчэнні базавай школы, то сёлета прымалі ўжо на конкурснай аснове. Гэта, безумоўна, адзін з вынікаў намаганняў дырэктара Васіля Любозы, які вёў дыялог з кіраўніцтвам сельгаспрадпрыемстваў і арганізацый па мэтавай падрыхтоўцы кадраў для іх. Акрамя таго, у праграму нароўні з трактарыстамі, вадзіцелямі, слесарамі і іншымі ўключана і навучанне па прафесіях электразваршчыка ручной зваркі і кандытара. Больш паглыблена і канкрэтна наладжана работа са школамі — не толькі з сельскімі, але і гарадскімі. Адразу трое вучняў СШ № 2 г. Глыбокае сталі сёлета ліцэістамі.
— У ліцэі вучыцца мая старэйщая сястра Наташа, а другая, Юлія, ужо яго скончыла. Мне шмат расказвалі пра вучобу, пра тое, што можна палепшыць балы па агульнаадукацыйных прадметах. Пасля атрымання прафесіі повара-кандытара ёсць магчымасць і далей расці.
Задаволены выбарам і Ула-дзіслаў Якубоўскі:
— Буду вадзіцелем і зваршчыкам ручной зваркі. Цудоўна, што, не ад’язджаючы далёка з дому, атрымаю адразу дзве прафесіі. Бацькі падтрымалі мой выбар.
Аб высокім узроўні падрыхтоўкі спецыялістаў сведчыць і такі факт: Данііл Бельскі, навучэнец групы, дзе рыхтуюць трактарыстаў-машыністаў экскаватара, не так даўно на IV Рэспубліканскім конкурсе прафмайстэрства, які праходзіў у Кітайска-Беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень», увайшоў у пяцёрку пераможцаў. Вось што паведаміў пра свайго выхаванца майстар Арцём Заяц:
— Данііл родам з аграгарадка Чарневічы, вельмі любіць тэхніку. Шмат часу праводзіць на дадатковых занятках, на практычнай адпрацоўцы ўсіх элементаў работы з механізмамі. Што тычыцца конкурсу, то на працягу пяці дзён навучэнцы ўстаноў прафтэхадукацыі з усёй краіны аспрэчвалі першынство па 47 кампетэнцыях. Нездарма многія называюць гэты конкурс алімпіядай для рабочых.
— Апроч таго, гэта яшчэ і магчымасць для спасціжэння новага ў прафесіі, пераймання вопыту ў равеснікаў. Ёсць матывацыя вучыцца і працаваць яшчэ лепш, — дзеліцца сваімі ўражаннямі ад конкурсу Данііл Бельскі.
Разам з навучаннем, атрыманнем неабходнай прафесіі ў прафтэхліцэі вялікая ўвага надаецца патрыятычнаму выхаванню навучэнцаў. Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Эла Ждановіч, у недалёкім мінулым сакратар райкама БРСМ, назвала некалькі дзясяткаў самых разнастайных мерапрыемстваў і праектаў:
— Чаго толькі варты ўдзел у рэспубліканскай выставе навукова-практычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці моладзі нашага праекта «Спадчына» (заваяваў дыплом II ступені)! Пад кіраўніцтвам таленавітых выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання хлопцы і дзяўчаты праз фотаздымкі, замалёўкі, велаэкскурсіі паказалі багацце і каштоўнасць традыцый сваёй малой радзімы. З энтузіязмам, вялікай зацікаўленасцю ўключыліся ліцэісты і ў даследчы праект «Саха». Мы добра ведаем зорак раёна, Герояў Сацыялістычнай Працы: старшынь калгасаў Максіма Клімянка, Леаніда Пугаўку, Міхаіла Лытасава, звеннявых па вырошчванні льну Міхаіла Мацюшонка і Лідзію Плыгаўка, брыгадзіра паляводчай брыгады Уладзіміра Вайтэцкага, трактарыстку Соф’ю Юргель, першага сакратара Глыбоцкага райкама КПБ Васіля Асіненку. Але ж побач з героямі (і не толькі з імі) мацавалі дабрабыт краіны і іншыя слаўныя працаўнікі. А што мы ведаем пра іх? Каб ліквідаваць гэты прабел, узнікла задума праекта «Саха», які стаў сапраўды творчай даследчай работай для многіх навучэнцаў.
Агітбрыгада.
Вялікую папулярнасць набыў і эксперыментальны праект «Апрабацыя вучэбна-метадычнай мадэлі фарміравання навыкаў прадпрымальніцтва і фінансавай граматнасці ва ўмовах прафесійнага ліцэя».
Як патлумачыў Васіль Любоза, мэта яго — паказаць навучэнцам, што ў сельскай мясцовасці таксама можна развіваць прадпрымальніцтва: наладзіць работу крамы, цырульні, аўтамайстэрні і іншае. Адным словам, зарабляць грошы.
Праект разлічаны на тры гады. Яго рэалізацыя праходзіць пад кіраўніцтвам Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі.
Данііл Бельскі.
Вяртаючыся да вучэбнай гаспадаркі, палеткі якой павялічыліся на 100 гектараў, нельга не адзначыць і такія вельмі прыемныя для навучэнцаў факты. Праз упраўленне адукацыі Віцебскага аблвыканкама атрыманы два новыя трактары МТЗ-1221. Тэхнічны парк папоўнілі грузавая машына ГАЗ з дызельным рухавіком, зваротны плуг, пасяўны агрэгат. Ліцэй таксама накіраваў на «Гомсельмаш» заяву-просьбу даць хаця б у арэнду на пару год новы сучасны камбайн. А станоўчы прыклад для гэтага ёсць. Дзякуючы садзейнічанню старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Андрэйчанкі летась Мінскі трактарны завод падараваў ліцэю новы энерганасычаны трактар «Беларус-2022».
saulich@bk.ru
Фота аўтара і з архіва ліцэя.