Учащиеся Глубокского профессионального лицея выращивают зерно, побеждают на рабочих олимпиадах и воспитываются настоящими патриотами

«Саха» баразны не сапсуе

Вынікі года ў раслінаводстве падвялі і ў Глыбоцкім дзяржаўным прафесійным ліцэі. Здабыткі аказаліся даволі значнымі. Жыта гібрыднае дало на круг па 50 цэнтнераў, пшаніца яравая — 45. Усяго намалацілі 640 тон зерня, сабралі 20 тон морквы, столькі ж — буракоў. Добра ўрадзілі гарбузы, фасоля, цыбуля. Адным словам, хопіць і для сябе, і ў сталоўку, і на продаж. У лепшы тэрмін праведзена асенняя пасяўная. Так ліцэісты адточваюць практычныя навыкі ў вучэбнай гаспадарцы, якая, дарэчы, мае 253 гектары зямлі.

„ „ Першы курс..

Аднак ліцэісты шчыравалі не толькі тут. Старшакурснікі падчас вытворчай практыкі актыўна дапамагалі на ўборцы сельгаспрадпрыемствам, адкуль прыехалі на вучобу. Іван Жызнеўскі, напрыклад, з Докшыцкага, выдатна зарэкамендаваў сябе памочнікам камбайнера. Намеснік дырэктара ААТ «Мярэцкія» Глыбоцкага раёна Віктар Дубаўка ставіць самую высокую адзнаку за работу ў гаспадарцы ліцэістам Аляксандру Толкачу і Віктару Цімашэнкаву:

— Хлопцы працавалі практычна на ўсіх відах тэхнікі не горш за вопытных механізатараў гаспадаркі. Яшчэ больш, Аляксандр Толкач стаў удзельнікам абласных «Дажынак» і атрымаў падзяку ад старшыні аблвыканкама Мікалая Шарснёва.

Глыбоцкі прафесійны ліцэй — старэйшая навучальная ўстанова вобласці па пад­рыхтоўцы кадраў рабочых прафесій для народнай гаспадаркі. За 66 год тут атрымала адукацыю звыш 30 тысяч спецыялістаў. Сёння ў ліцэі 238 навучэнцаў, з якіх 84 — першакурснікі. І вось прыкмета папулярнасці гэтай установы: калі ў мінулыя гады для паступлення дастаткова было пасведчання аб заканчэнні базавай школы, то сёлета прымалі ўжо на конкурснай аснове. Гэта, безумоўна, адзін з вынікаў намаганняў дырэктара Васіля Любозы, які вёў дыялог з кіраўніцтвам сельгаспрадпрыемстваў і арга­нізацый па мэтавай падрыхтоўцы кадраў для іх. Акрамя таго, у праграму нароўні з трактарыстамі, вадзіцелямі, слесарамі і іншымі ўключана і навучанне па прафесіях электразваршчыка ручной зваркі і кандытара. Больш паглыблена і канкрэтна наладжана работа са школамі — не толькі з сельскімі, але і гарадскімі. Адразу трое вучняў СШ № 2 г. Глыбокае сталі сёлета ліцэістамі.


Лілія Парфялюк — адна з іх:

— У ліцэі вучыцца мая старэйщая сястра Наташа, а другая, Юлія, ужо яго скончыла. Мне шмат расказвалі пра вучобу, пра тое, што можна палепшыць балы па агульнаадукацыйных прадметах. Пасля атрымання прафесіі повара-кандытара ёсць магчымасць і далей расці.

Задаволены выбарам і Ула-дзіслаў Якубоўскі:

— Буду вадзіцелем і зваршчыкам ручной зваркі. Цудоўна, што, не ад’язджаючы далёка з дому, атрымаю адразу дзве прафесіі. Бацькі падтрымалі мой выбар.

Члены клуба «Гурман» ліцэісты Сцяпан СТАРАННІК, Яўген РАЧЫЦКІ пякуць бліны.
Аб высокім узроўні падрыхтоўкі спецыялістаў сведчыць і такі факт: Данііл Бельскі, навучэнец групы, дзе рыхтуюць трактарыстаў-машыністаў экскаватара, не так даўно на IV Рэспубліканскім конкурсе прафмайстэрства, які праходзіў у Кітайска-Беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень», увайшоў у пяцёрку пераможцаў. Вось што паведаміў пра свайго выхаванца майстар Арцём Заяц:

— Данііл родам з аграгарадка Чарневічы, вельмі любіць тэхніку. Шмат часу праводзіць на дадатковых занятках, на практычнай адпрацоўцы ўсіх элементаў работы з механізмамі. Што тычыцца конкурсу, то на працягу пяці дзён навучэнцы ўстаноў прафтэхадукацыі з усёй краіны аспрэчвалі першынство па 47 кампетэнцыях. Нездарма многія называюць гэты конкурс алімпіядай для рабочых.

— Апроч таго, гэта яшчэ і магчымасць для спасціжэння новага ў прафесіі, пераймання вопыту ў равеснікаў. Ёсць матывацыя вучыцца і працаваць яшчэ лепш, — дзеліцца сваімі ўражаннямі ад конкурсу Данііл Бельскі.

Разам з навучаннем, атрыманнем неабходнай прафесіі ў прафтэхліцэі вялікая ўвага надаецца патрыятычнаму выхаванню навучэнцаў. Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Эла Ждановіч, у недалёкім мінулым сакратар райкама БРСМ, назвала некалькі дзясяткаў самых разнастайных мерапрыемстваў і праектаў:

— Чаго толькі варты ўдзел у рэспубліканскай выставе навукова-практычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці моладзі нашага праекта «Спадчына» (заваяваў дыплом II ступені)! Пад кіраўніцтвам таленавітых выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання хлопцы і дзяўчаты праз фотаздымкі, замалёўкі, велаэкскурсіі паказалі багацце і каштоўнасць традыцый сваёй малой радзімы. З энтузіязмам, вялікай зацікаўленасцю ўключыліся ліцэісты і ў даследчы праект «Саха». Мы добра ведаем зорак раёна, Герояў Сацыялістычнай Працы: старшынь калгасаў Максіма Клімянка, Леаніда Пугаўку, Міхаіла Лытасава, звеннявых па вырошчванні льну Міхаіла Мацюшонка і Лідзію Плыгаўка, брыгадзіра паляводчай брыгады Уладзіміра Вайтэцкага, трактарыстку Соф’ю Юргель, першага сакратара Глыбоцкага райкама КПБ Васіля Асіненку. Але ж побач з героямі (і не толькі з імі) мацавалі дабрабыт краіны і іншыя слаўныя працаўнікі. А што мы ведаем пра іх? Каб ліквідаваць гэты прабел, узнікла задума праекта «Саха», які стаў сапраўды творчай даследчай работай для многіх навучэнцаў.

Агітбрыгада.

Вялікую папулярнасць набыў і эксперыментальны праект «Апрабацыя вучэбна-метадычнай ма­дэлі фарміравання навыкаў прадпрымальніцтва і фінанса­вай граматнасці ва ўмовах прафе­сійнага ліцэя».

Як патлумачыў Васіль Любоза, мэта яго — паказаць навучэнцам, што ў сельскай мясцовасці таксама можна развіваць прадпрымальніцтва: на­ладзіць работу крамы, цырульні, аўтамайстэрні і іншае. Адным словам, зарабляць грошы.

Праект разлічаны на тры гады. Яго рэалізацыя праходзіць пад кіраўніцтвам Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі.

Данііл Бельскі.

Вяртаючыся да вучэбнай гаспадаркі, палеткі якой павя­лічыліся на 100 гектараў, нельга не адзначыць і такія вельмі прыемныя для навучэнцаў факты. Праз упраўленне адукацыі Віцебскага аблвыканкама атрыманы два новыя трактары МТЗ-1221. Тэхнічны парк папоўнілі грузавая машына ГАЗ з дызельным рухавіком, зваротны плуг, пасяўны агрэгат. Ліцэй таксама накіраваў на «Гомсельмаш» заяву-просьбу даць хаця б у арэнду на пару год новы сучасны камбайн. А станоўчы прыклад для гэтага ёсць. Дзякуючы садзейнічанню старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Андрэйчанкі летась Мінскі трактарны завод падараваў ліцэю новы энерганасычаны трактар «Беларус-2022».

saulich@bk.ru

Фота аўтара і з архіва ліцэя.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter