На Марию-Сладостницу наши предки собирали и заготавливали ягоды на зиму

Сакавітыя ягады ў буйной расе

Праваслаўныя вернікі 4 жніўня адзначаюць дзень памяці спадарожніцы Хрыста — святой Марыі Магдаліны. Паводле падання, менавіта яна стала першай, хто назіраў момант распяцця і Уваскрэсення Ісуса. У наро­дзе захавалася мноства варыянтаў назвы свята: Мар’ін дзень, Марыя Ягадніца, Міраносіца, Слодычніца.


Здаўна ў гэты дзень дзяўчыны маліліся аб прыгажосці, шчасці і добрым самаадчуванні. Таму кожная збірала ранішнюю расу і мылася ёю, гледзячы ў люстэрка.

У Мар’ін дзень у вёсках не пасвілі жывёлу, бо, па павер’ях, трава ў гэты дзень магла атруціць яе. Замест гэтага людзі прасілі ў Марыі спрыяльнага надвор’я, клапаціліся па гаспадарцы, аднак цяжкая праца была пад забаронай. Каб не сядзець без справы і не парушыць правіл, накіроўваліся ў лес у ягады. Таму святую Марыю Магдаліну яшчэ называлі Ягадніцай. Парэчкі, маліны нарыхтоўвалі на зіму, рабілі ўзвары.

У гэты дзень нашы продкі назіралі, ці шмат выпадае расы. Па павер’ях, менавіта буйная раса на Магдаліну робіць лён не белым, а шэрым, спыняе яго рост. Разам з тым у ранішняй расе бачылі і карысць. Жанчыны спяшаліся амыць твар расой, каб захаваць прыгажосць.

У жніўні прырода паціху згасае. Каляндарнай мяжой паміж сезонамі лічыўся Ільін дзень (2 жніўня). З гэтага дня пачыналіся першыя прыкметы восені: ночы станавіліся золкімі, а дні  —карацейшымі, ападала лісце, вада ў рэках рабілся больш сцюдзёнай.

У пачатку апошняга летняга месяца нашы продкі рыхтаваліся сустракаць Спасы, або Іспасы, — старажытныя святы, звязаныя з выспяваннем пладоў і культам урадлівасці. Сённяшнія Спасаўскія святкі ў беларускім народным календары складаюцца з трох свят — Мядовага Спаса, Яблычнага, Хлебнага, якія адзначаюцца па новым стылі 14,19, 28–29 жніўня.

АД ПРАДЗЕДАЎ

На Мар’ю працаваць у полі не рэкамендавалася. Лічылася, што ў гэты дзень можна пацярпець ад маланкі. У той жа час навальніца, якая здарылася на Магдаліну, прадвяшчала шмат сакавітай травы.

kuzmich@sb.by

Фото Pixabay

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter