Богатое наследие белорусского ученого-селекционера плодовых культур, профессора Валерия Матвеева

Сады ад Мацвеева


Багатая спадчына беларускага вучонага-селекцыянера пладовых культур, доктара сельскагаспадарчых навук, прафесара Валерыя Мацвеева

Цёплым асеннім днём родныя, калегі і сябры развіталіся з вядомым беларускім вучоным-селекцыянерам пладовых культур, галоўным навуковым супрацоўнікам аддзела селекцыі пладовых культур РУП «Інстытут пладаводства», доктарам сельскагаспадарчых навук, прафесарам Валерыем Мацвеевым.

...Калекцыя пладовых садоў, якую Валерый Аксёнавіч стварыў больш за паўвека плённай дзейнасці, — адна з самых буйных ва Усходняй Еўропе. Для яго вывядзенне сартоў алычы і слівы стала сапраўдным унутраным навігатарам і сэнсам жыцця. Кожны працоўны дзень селекцыянера поўніў здабыткамі навуковую скарбонку. На аснове крымскай алычы, завезенай да нас амаль два стагоддзі таму, вучоны-селекцыянер вывеў і раянаваў буйнаплодныя сарты «прамень», «мара», «найдзёна», «віцьба», «лодва», «асалода», «ветразь», «лама», «ветразь-2», «сонейка», а таксама слівы «венгерка беларуская», «чарадзейка», «нарач», «венера», «далікатная», «кромань», «віцебская позняя». Амаль усе яны ўключаны не толькі ў наш дзяржрэестр, але і суседніх краін.

Таленавіты вучоны і арганізатар узмацніў створаную на базе Інстытута пладаводства навуковую школу селекцыянераў-пладаводаў Аляксея і Эмы Сюбаравых. Выхаваў ён і не адно пакаленне даследчыкаў. Пад яго кіраўніцтвам абаронена больш за дзесяць кандыдацкіх дысертацый, некалькі доктарскіх. Вучонаму належыць чатыры манаграфіі, больш за 250 навуковых і навукова-папулярных артыкулаў.

Плённая дзейнасць Валерыя Аксёнавіча адзначана медалямі «За працоўную доблесць» і ВДНГ, граматамі Мінсельгасхарча, Савета Міністраў, Нацыянальнай акадэміі навук, Мінскага аблвыканкама. Тры гады таму, падчас уручэння дзяржаўных узнагарод прадстаўнікам розных сфер дзейнасці, вучоны атрымаў з рук Прэзідэнта пасведчанне і ганаровы знак «Заслужаны дзеяч навукі Беларусі».

Да апошняга свайго дня Валерый Аксёнавіч займаўся селекцыяй пладовых культур і паралельна захапляўся глыбіннай таямніцай светабудовы. Цікавіла яго праблема біялагічнага паходжання Сусвету.

...Памятаю сустрэчу з ім у працоўным кабінеце Інстытута пладаводства. На стале напалову спісаны аркуш паперы. Перахапіўшы мой здзіўлены позірк, вучоны патлумачыў, што разважанні зручней занатоўваць: камп'ютар не дае прасторы думкам. Глянуўшы на неразборлівы почырк, ён дадаў, што прачытаць напісанае не ўсім ўдаецца, бо нарадзіўся ляўшою. У пасляваенныя гады ў школе прымушалі пісаць праваю рукою. У пачатковых класах вышэй тройкі настаўніца не ставіла з-за почырка. Чытаў, пісаў граматна, але каракулямі. Бацькі на гэта не звярталі ўвагі. Да Вялікай Айчыннай сям'я жыла ў цэнтры Мінска. Бацька працаваў у дзяржаўным апараце, а маці — поварам. У сям'і, акрамя сына, падрасталі старэйшыя дочкі Ніна і Туся. Лета праводзілі ў дзеда Дзяніса на хутары Мураўчая, непадалёку ад Гомеля. Там дзеці разам з матуляй перажылі нямецка-фашысцкую акупацыю. Тата ў першыя дні нападу гітлераўцаў на нашу краіну адправіўся суправа­джаць у Маскву дзяржархіў. Пасля заканчэння вайны сям'я даведалася, што ён змагаўся з ворагам у час абароны Белакаменнай. Быў паранены, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, а пасля шпіталя працаваў у штабе партызанскага руху пад кіраўніцтвам Панцеляймона Панамарэнкі. У пасляваенны час сям'я вярнулася ў сталіцу.

Вочы Валерыя Аксёнавіча загараліся, калі ён расказваў пра гады вучобы на аграфаку Беларускай сельгасакадэміі. У Горках яго ўразіў небывалай прыгажосці прасторны батанічны сад: сэрца адчувала штосьці роднае і блізкае. Падкуплялі непаўторнасцю цяністыя алеі. Здаў дакументы ў прыёмную камісію. Конкурс сярод абітурыентаў быў высокі. На ўступных экзаменах атрымаў пяцёркі па фізіцы і хіміі, а сачыненне напісаў на тройку і не паступіў. Вярнуўся дамоў. Стаў працаваць рабочым НДІ пладаводства, агародніцтва і бульбаводства, што адкрыўся ў прыгараднай з Мінскам Лошыцы. А мару сваю здзейсніў — атрымаў вышэйшую агранамічную адукацыю ў Горках. Студэнтам закахаўся ў аднакурсніцу Раісу Палякову. Пажаніліся і больш за 60 гадоў пражылі разам. Дачка Наталля абараніла док­тарскую дысертацыю і атрымала званне прафесара. У Інстытуце пладаводства займаецца распрацоўкай біятэхналогій. На геа­факу БДУ выкладае яе муж Юрый Кухарчык. Двое ўнукаў і пяць праўнукаў працягваюць сямейны радавод.

З цеплынёю і вялікай павагай успамінаў Валерый Аксёнавіч пра вучонага-селекцыянера Эму Сюбараву, якая займалася стварэннем гібрыднага фонду костачкавых і перадала яму навуковую эстафету. Гэта і стала пачаткам яго дзейнасці. Кандыдацкую і док­тарскую дысертацыі ён прысвяціў вывучэнню сартоў сліў. Створаныя ў інстытуце сарты сліў і буйнаплоднай алычы абагацілі сады не толькі Беларусі, але і Расіі, Украіны, Польшчы, краін Балтыі. Агульная калекцыя слівы і алычы, у якіх высокая зімаўстойлівасць, скараплоднасць і выдатныя спажывецкія якасці, перавышае 350 сартоў, форм і гібрыдаў. Большасць з іх аб'яўлены нацыянальным набыткам і ўключаны ў Дзяржаўны рэестр навуковых аб'ектаў. У навукова-доследным садзе расце па некалькі дрэўцаў выведзеных сартоў кожнага ўзору. Калекцыі пастаянна абнаўляюцца. Дзякуючы навуковым кантактам Валерыя Аксёнавіча, нягледзячы на складанасці ўзаемаадносін, дзейнічаюць дамовы па навуковым супрацоўніцтве па слівах і алычы з калегамі некаторых усходнееўрапейскіх краін.

Валерый Мацвееў марыў дачакацца такога часу, калі зашумяць слівавыя і алычовыя сады ў Беларусі і ўвесь ураджай іх будзе запатрабаваны. Лічыў, што гэта лепшая ўзнагарода вучоным-селекцыянерам за іх старанне. У сваіх выступленнях на канферэнцыях, пленумах даказваў, што наспеў час на дзяржаўным узроўні заняцца садоўніцтвам і перапрацоўкай прадукцыі, каб вырашыць праблему імпартазамяшчэння. Адносіў сябе да ўдачнікаў і шчыра прызнаваўся, што яму дапамагае анёл-ахоўнік. І падмацоўваў гэта байкай: адзін дзівак паскардзіўся на анёла-ахоўніка, што той у цяжкія хвіліны не крочыў побач. Анёл мудра адказаў: «Не крочыў, а на руках цябе нёс». Вось так і ён адчуваў падтрымку анёла ў складаны момант. Хочацца спадзявацца, што ў вечнасці яны разам — беларускі вучоны-селекцыянер і яго святы ахоўнік.

Да саракавін з дня смерці Валерыя Аксёнавіча Мацвеева выйшла з друку яго навуковая праца «Человек и мироздание», якая пачынаецца развагамі аўтара пра тое, навошта чалавек жыве на свеце. У гэтым выданні вучоны прызнаецца, што шчыра верыць у закон прыроды, глабальную селекцыю. Ён цвёрда верыў, што біялогія прымушае чалавека думаць, і быў перакананы: вырошчванне саду дае жывую прыналежнасць да самых вялікіх таямніц светабудовы.

Красамоўны след яго зямнога жыцця — багатыя сады, якія кожную вясну будуць радаваць сваёй прыгажосцю, а восенню — добрым ураджаем.



Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter