Сад-ветэран малады i прыгожы

С ённяшні батанічны сад Віцебскага дзяржуніверсітэта імя Машэрава яшчэ ў ХІХ стагоддзі меў камернае прызначэнне. Да рэвалюцыі на яго месцы размяшчаўся сад купца першай гільдыі. А побач усцешваў вока мясцовай знаці і яе высокавяльможных гасцей прыватны парк з шыкоўнымі тэрасамі.
Адразу пасля рэвалюцыі прыватнае ўладанне на схілах правага берага ракі Віцьбы пераўвасобілася ў вучэбна-паказальны сад для агульнанароднага карыстання. Перш за ўсё каштоўнасцямі такога жывога культурна-асветнiцкага дзіва карысталіся студэнты і школьнікі. Супрацоўнікі саду вялі даследчую работу па вывучэннi мясцовай і іншаземнай флоры, выкарыстаннi раслін у народнай гаспадарцы. Ужо ў 1925 годзе батанічны сад налічваў каля 500 пладовых дрэў мясцовай селекцыі, каля 60 відаў паўднёвых раслін, шмат другіх дэкаратыўных насаджэнняў і ягадных кустоў. А яшчэ праз год тут была закладзена самая паўночная ў краіне плантацыя белай шаўкоўніцы, якая пазней налічвала каля двух тысяч дрэў. Як і ўсё жывое, унікальны батанічны сад аказаўся безабаронным перад гітлераўскім нашэсцем. Ён быў практычна знішчаны. “От сада остались несколько лип, ив и на обрыве – кусты сирени. Территория была сильно изрыта траншеями и дотами», — сведчаць запісы таго часу. Чарговае ажыўленне ў гісторыі батанічнага саду адбылося пасля пераўтварэння ў 1995 годзе педагагічнага інстытута ў Віцебскі дзяржаўны універсітэт, а сад набыў статус яго вучэбна-навуковага падраздзялення. Сёння нi ў адной з навучальных устаноў краіны аналагаў Віцебскаму батанічнаму саду не існуе. Ландшафтны парк, аддзел дэкаратыўна-кветкавых травяністых раслін, дэндрарый, аранжарэі, экспазіцыйны ўчастак маюць калекцыю ў 1710 таксонаў. А таму сад з поўным правам прэтэндуе называцца “біялагічнымі лёгкімі” вялікага горада.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter