
Адзін з яркіх сюжэтаў у стужцы — аповяд пра весляроў з Мазыра, з якімі працуе трэнер зборнай Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ Уладзімір Шантаровіч. Яго каманда лёгка перамагае супернікаў з Германіі ды Венгрыі, дзе веславанне — нацыянальны від спорту. Як ім гэта ўдаецца — загадка, якую і паспрабавала разгадаць Галіна Адамовіч
Ён зусім не падобны да “афіцыёзнага кіно”, якое можна сустрэць у кінадакументалістыцы, калі размова заходзіць пра дзяржзаказы. Так, зняты на “Беларусьфільме” па заказе Міністэрства культуры да выбараў Прэзідэнта краіны. Аднак нічога пафаснага ў ім няма. Беларусь і яе людзі паказаны такімі, якія яны ёсць. Якімі іх заспеў аб’ектыў кінакамеры — без прыўкрас і прапагандысцкага налёту. Я бачыла, як гледачы дзякавалі рэжысёру за пазітыўны настрой, за цяпло, якое ідзе з экрана.
І ў гэтым — уся Галіна Адамовіч. Для яе не існуе сумных жанраў. Яна паказала, як змянілася краіна за чвэрць стагоддзя ў “новыя” часы.
Эліта з народа
— Няпроста змясціць у 52 хвіліны вялікую колькасць падзей з розных сфер жыцця краіны. З чаго ж вы пачалі?

Гэта фільм, у якім адлюстравана ўсё, што бачылі дакументалісты на свае вочы. З кіламетраў плёнкі Станіслава Гайдука, Віктара Аслюка, Міхаіла Жданоўскага, Юрыя Гарулёва, Мікалая Князева і Сяргея Кацьера трэба было выбраць самыя важныя, самыя цікавыя і значныя падзеі.
Карціна суб’ектыўная, і гэта мой свядомы выбар. Думаю, кожны з калег, здымай ён такое кіно, рабіў бы ўсё па-свойму. Я імкнулася выбраць тыя кадры, у якіх адчуваўся сур’ёзны рух наперад.
— Як вы разумелі сваю задачу?
— У ідэале над такімі фільмамі павінна працаваць каманда журналістаў, якія даследавалі б людзей і сітуацыю. Я ж была і сцэнарыстам, і рэжысёрам, і вядучай. Трэба было вельмі хутка разабрацца, каго здымаем на атамнай станцыі, як выбудоўваем здымку ў кардыяхірургіі, які агракомплекс выбіраем на Гродзеншчыне або Брэстчыне. У рэшце рэшт у мяне з’явіўся азарт, я атрымлівала задавальненне ад зносінаў з гэтымі людзьмі, ад іх ішла добрая энергетыка. Яны сапраўды прадстаўляюць эліту беларускага грамадства.
Людзі з атамнай энергетыкай
— Якая здымка аказалася для вас самай важнай?
— Важней за ўсё мне было папрацаваць на Астравецкай атамнай станцыі, таму што адносіны да яе неадназначныя. Добра ведаю гэтую частку Беларусі — Астравеччыну ў Гродзенскай вобласці, дзе праходзіць мяжа з Літвой. Шмат фільмаў здымала там. Гэта вельмі прыгожая частка Беларусі, і думка аб тым, што тут будзе дзейнічаць атамная станцыя, мне была не даспадобы. У памяці кожнага беларуса — чарнобыльская трагедыя. Ці не лепш было б абысціся без атамных станцый? Але калі пачынаеш вывучаць пытанне, калі чытаеш, колькі АЭС паспяхова працуе ў свеце — у Амерыцы, у Францыі, — разумееш, што з прадузятасцямі трэба змагацца.
Калі мы прыехалі здымаць станцыю, там былі ўжо завершаны многія важныя этапы, якія ніхто не здымаў! Гэта праблема сённяшняга часу: у савецкі час абавязкова пра такую грандыёзную будоўлю здымалі б дакументальнае кіно. А цяпер — не! Тэлевізійнікі прыязджаюць, хутка задаюць 1-2 пытанні, выдаюць у эфір свае паўтары хвіліны інфармацыі, і ўсё! Але ж “што не знята, таго няма”.
У Астраўцы не проста будуецца першая Беларуская АЭС, а ствараецца цэлая галіна: атамная энергетыка Беларусі. І скажу вам, калі бачыш, як пяць тысяч мужыкоў працуюць дзень і ноч, калі адчуваеш іх фантастычную энергію, то гэта абавязкова трэба здымаць. Для таго каб праз 15-20 гадоў можна было паглядзець, як гэта было.
— Значыць, здымкі прымусілі вас да многіх рэчаў змяніць свае адносіны? Да той жа атамнай энергетыкі…
— Калі галоўны інжынер Астравецкай атамнай станцыі Анатоль Міхайлавіч Бондар, дарэчы, родам з Петрыкава, невялікага гарадка на Палессі, гаворыць, што рэактары бяспечныя, і прыводзіць у прыклад Францыю, дзе працуе 58 рэактараў, то ў мяне няма падстаў яму не верыць. Чаму яны не могуць працаваць тут? Спецыялісты горшыя? Той жа Анатоль Бондар працаваў у НДІ пад Мінскам на малым рэактары. Потым быў Чарнобыль. Калі з’явіліся новыя рэактары водна-вадзянога прынцыпу, паехаў (за тры гады да Чарнобыльскай аварыі) на Балакаўскую АЭС на Волзе. Атрымаўшы расійскае грамадзянства, стаў ад “Расатама” будаваць атамныя станцыі ў Іране, Індыі, Кітаі. І яго ўжо як расійскага спецыяліста запрасілі ўзначаліць будаўніцтва ў Беларусі. Спецыяліст, якіх яшчэ пашукаць трэба…
Вось яны — патрыёты
— Што адбываецца з беларускім дакументальным кіно?
— Здымаем 13-хвілінныя замалёўкі, у якіх не паспяваеш разгарнуць гісторыю. Чалавеку цікава сачыць за лёсам іншага чалавека, ён хоча ўбачыць гэта ў часе, а нам прапаноўваюць здымаць кароткаметражкі, на жаль, нікому не патрэбныя. Нават 52 хвілін мала для дакументальнага фільма, калі расказваеш маштабную гісторыю.
Адзін з яркіх сюжэтаў у стужцы — аповед пра весляроў з Мазыра, з якімі працуе трэнер зборнай Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ Уладзімір Шантаровіч. Яго каманда лёгка перамагае сапернікаў з Германіі ды Венгрыі, дзе веславанне — нацыянальны від спорту. Як ім гэта ўдаецца — загадка, якую і паспрабавала разгадаць Галіна Адамовіч.
— У вашага фільма патрыятычнае гучанне. Як ставіцеся да паняцця “патрыятызм” у дакументальным кіно?
— У інтэлігенцыі прынята быць у апазіцыі ўлады. Гэта добры тон. Але крытыкаваць заўсёды лягчэй, чым нешта рабіць.
Тое ж самае можна сказаць і адносна космасу. Мы ж пасмейваліся, калі навярнуўся першы беларускі спадарожнік — якая там Беларусь касмічная дзяржава!.. Але калі я пазнаёмілася з акадэмікам Сяргеем Жданком і паслухала яго аповед аб тым, як гэта было, калі даведалася, як працавалі, напрыклад, інжынеры беларускага прадпрыемства “Пеленг”, якія стваралі оптыка-электронны тэлескоп для нашага спадарожніка, стала не да іроніі.
І сёння, калі дырэктар прадпрыемства “Геаінфармацыйныя сістэмы” Нацыянальнай акадэміі навук Сяргей Залаты, а менавіта ён адказвае за ўжо лятаючы другі спадарожнік і за запуск трэцяга, гаворыць: “Мы яшчэ сябе пакажам”, — у мяне няма падстаў яму не верыць.
Дасье
Галіна Адамовіч — аўтар больш як дваццаці дакументальных стужак, большасць з якіх удастоена прызоў айчынных і замежных кінафестываляў. Фільм “Божа мой” (2005) атрымаў прыз за лепшы кароткаметражны дакументальны фільм у Карлавых Варах. “Завядзёнка” (2007) названы лепшым нацыянальным фільмам у Беларусі.
Ніна Катаева