Сабекошт таматаў панізіцца

АГАРОДНІНАВОДЫ СВК «Рассвет» імя К. П. Арлоўскага Кіраўскага раёна першыя на Магілёўшчыне эксперыментуюць вытворчасць святлокультуры тамату — вырошчванне пры штучным асвятленні. Такі спосаб дазваляе атрымаць плады на 20—25 дзён раней, павялічваецца агульны ўраджай за вегетацыйны перыяд — з вопыту беларускіх агароднінавытворцаў святлокультура дазваляе атрымаць 80 кг/м2. Першы ўраджай са святлокультуры тамату рассветаўцы плануюць сабраць ужо ў сярэдзіне сакавіка.

Біягазавая ўстаноўка дае магчымасць кіраўскаму СВК «Рассвет» імя. К. П. Арлоўскага вырошчваць святлокультуры

АГАРОДНІНАВОДЫ СВК «Рассвет» імя К. П. Арлоўскага Кіраўскага раёна першыя на Магілёўшчыне эксперыментуюць вытворчасць святлокультуры тамату — вырошчванне пры штучным асвятленні. Такі спосаб дазваляе атрымаць плады на 20—25 дзён раней, павялічваецца агульны ўраджай за вегетацыйны перыяд — з вопыту беларускіх агароднінавытворцаў святлокультура дазваляе атрымаць 80 кг/м2. Першы ўраджай са святлокультуры тамату рассветаўцы плануюць сабраць ужо ў сярэдзіне сакавіка.

Магчымасць вырошчваць святлокультуру з’явілася дзякуючы ўводу ў эксплуатацыю біягазавай устаноўкі, выпрацоўваемай на ёй электраэнергіі. Святлокультура высаджана ў расадным аддзяленні цяплічнага камбіната на плошчы 0,46 га, кожны дзень з 9 гадзін раніцы да 3-х ночы тут уключана падсветка магутнасцю 18 тысяч люкс (пры звычайных умовах вырошчвання магутнасць — 8 тысяч люкс). Калі 8 год таму ўзводзілася гэтая энергазберагаючая цяпліца, было запланавана аддзяленне для святлокультуры, аднак высокі кошт на электраэнергію не дазваляў выкарыстоўваць яго магчымасці, таму тут вырошчвалі толькі расаду.

Розніца паміж святлокультурай і таматамі, якія растуць у звычайных умовах, відавочная. У першай квітнее ўжо трэцяя гронка, значна большы памер пладоў.

Галоўны тэхнолаг цяплічнага камбіната Кацярына Шапавалава расказала, як ладзяцца справы ў іх калектыве:

— На таматы вялікі попыт у любую пару года. Гэта абумоўлена тым, што яны смачныя і ўтрымліваюць шмат карысных для арганізма рэчываў. Багатыя вітамінам С, ёсць у іх таксама вітаміны В1, В2, В3, фоліевая кіслата, карацін і інш.

Наша гаспадарка даўно займаецца вытворчасцю таматаў. Плануем, што сёлета дзякуючы біягазавай устаноўцы сабекошт прадукцыі панізіцца. Акрамя электраэнергіі, выкарыстоўваемай у тым ліку і для вырошчвання святлокультуры, устаноўка дае камбінату пабочнае цяпло, якое атрымліваецца ў працэсе выпрацоўкі электраэнергіі. Гэта дазваляе нам менш ужываць прыроднага газу. Плануецца, што ў перыяд з красавіка па лістапад будзем карыстацца толькі цеплавой энергіяй біягазавай устаноўкі — вельмі добрая эканомія сродкаў. З гэтай мэтай устаноўку і ўзводзілі побач з камбінатам.

Па прычыне таго, што ў Магілёўскай вобласці ніхто не займаецца вытворчасцю святлокультуры, тэарэтычнага вопыту набіраліся ў сталічных калег. Калі ўсё ў нас атрымаецца з таматам, паспрабуем на наступны год вырошчваць святлокультуру агурка.

Рассветаўскі цяплічны камбінат размешчаны на плошчы 10 гектараў, пад таматы занята 6 гектараў. Зараз памідоры ў энергазберагаючай цяпліцы, а іх тут 76620 раслін, пастаўлены ў маты, ідзе нарошчванне карнявой сістэмы — асновы будучага ўраджаю, на першых гронках вісяць так званыя «ранеткі» — дробненькія плады. Догляд за раслінамі вядуць 28 чалавек, 4 з якіх заняты на святлокультуры.

Пяць год запар рассветаўцы займаюцца вытворчасцю гібрыду галандскай селекцыі F1 «жэроніма», сёлета эксперыментуюць вырошчванне новага гібрыду, таксама галандскага, F1 «тарэра» — высокаўраджайны, дае буйнаплодныя таматы з яскравай афарбоўкай і бляскам, якія добра захоўваюцца і транспартуюцца. Аднак найбольш станоўча зарэкамендаваў сябе гібрыд расійскай селекцыі F1 «якіманка», які рассветаўцы вырошчваюць трэці год. Летась ён даў самую высокую ўраджайнасць. Для гэтага гібрыду характэрны буйныя плады вагой 180—240 г, комплексная ўстойлівасць да хвароб, выдатныя смакавыя і таварныя якасці, расліны простыя ў доглядзе і фарміроўцы. Калі сёлета гэты гібрыд пацвердзіць свае якасці, то яго пасадачныя плошчы будуць павялічвацца.

Спрабуюць вырошчваць расійскія гібрыды F1 «таганка» і F1 «палянка», дарэчы, таксама буйнаплодныя. Па словах Кацярыны Шапавалавай, попытам у беларусаў і расіян (4 гады рассветаўскія памідоры экспартуюцца ў маскоўскія супермаркеты), у адрозненні ад жыхароў Еўропы і ЗША, карыстаюцца менавіта буйныя мясістыя плады, так званыя біф-таматы, вага якіх перавышае 150 г.

— Сёлета мы мяркуем атрымаць ураджайнасць 55 кг/м2, — працягвае размову Кацярына Барысаўна, — пакуль гэта максімальная ўраджайнасць для цяпліц нашага тыпу. Летась сабралі 51 кг/м2, а пачыналі 8 год таму з ураджайнасці 42 кг/м2.

Гэта на першы погляд здаецца, што лёгка ў сучаснай энергазберагаючай цяпліцы, з закрытым абароненым грунтам стварыць ідэальныя ўмовы для вырошчвання тамату, які на працягу некалькіх месяцаў дае высокі і якасны ўраджай. На самай справе за кожным памідорам, што красуецца на нашым абедзенным стале, стаіць шматдзённая і карпатлівая праца агароднінаводаў.

Яўгенія КАРАНКЕВІЧ

Фота Максіма МІКЕШЫНА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter