«Сабачая пыса»

Журналiст паўдзельнiчаў у сапраўдным рыцарскiм паядынку

Карэспандэнт «Р», якi апынуўся ў сярэдневякоўi, прымераў яе i паўдзельнiчаў у сапраўдным рыцарскiм паядынку

Пэўна, кожны хоць раз марыў пабываць на месцы героя прыгоднiцкага рамана. Вядзьмарства, бiтвы, выклiкi на паядынак, сардэчныя пакуты... Галава iдзе кругам, калi ўявiш, што ўсё гэта адбываецца з табой. Вось i ў мяне ў адзiн з сонечных дзён нешта перавярнулася, закруцiлася, змяшалася. Увогуле, я вырашыў стаць рыцарам…

Зброя, конь i каханне дамы

Як пiшуць у кнiгах, каб стаць падобным на старажытнага рыцара, мне патрэбны даспехi, зброя, конь, збраяносец i, вядома, найпрыгажэйшая дама, якой я буду прысвячаць свае перамогi. Ну, добра, закахацца не так ужо i складана, а вось дзе ў вялiкiм горадзе знайсцi астатняе? Усё ж не ў XVII стагоддзi жыву, не ў сяле Ламанчскiм. А прыгод хочацца неадкладна!

На шчасце, не толькi я сумую па сярэдневякоўю. Сучасныя войны прадказальныя. Адна бомба можа знiшчыць некалькi тысяч чалавек i тым самым вырашыць зыход бiтвы. Але ж заўсёды цiкавей глядзець ворагу ў вочы i з лютасцю i адвагай скрыжаваць мячы адзiн з адным. Таму з кожным годам у Беларусi становiцца ўсё больш i больш аматараў самай рамантычнай эпохi.

— Наш клуб заснаваны 22 верасня 2008 года. Перыяд i тэрыторыя рэканструкцыi, якiмi мы займаемся, гэта сярэдзiна XIV — пачатак XV стагоддзя зямлi ВКЛ, час яе росквiту, — распавядае кiраўнiк клуба Уладзiмiр Лячко. — Мы не ўласна рыцарскi, а клуб гiста­рычнай рэканструкцыi, таму што вайсковая справа сярэдневякоўя толькi адзiн з накiрункаў. Нельга забываць пра побыт, традыцыi, менталiтэт нашых продкаў. Больш таго, рыцар у першую чаргу — ваяр i землеўладальнiк, а мы жадаем мець дачыненне больш да рамантычнага ўспрымання гэтага слова. Гэта мужнасць, вернасць, шчодрасць, адчуванне гонару i, вiда­вочна, куртуазнасць.

Калi я ўвайшоў у памяшканне клуба, то адразу ж акунуўся ў старажытную атмасферу. Па ўсiм пакоi раскладзены рыцарскiя даспехi: шлемы, кальчугi, зброя, шчыты. Замест крэслаў стаяць драўляныя пнi. На сцяне вiсiць карта старажытнай тэрыторыi дзяржавы. I толькi электрычны чайнiк i пара калонак нагадваюць пра сучасную цывi­лiзацыю.

Чалавек-«кансервы»

Каб сапраўды стаць рыцарам, спачатку трэба выбраць iмя, якое адпавядае прызначанаму перыяду. У клубе аддаюць перавагу старалiтоўскiм i славянскiм iмёнам. Пасля доўгiх роздумаў спыняюся на Вiлiкаiле. Гучыць ганарлiва i можа нагнаць жах на сапернiка. Пасля пачынаю прымяраць абмун­дзiраванне.

— Рыцарскiя даспехi складаюцца з шлема — такога, як бацынет «сабачая пыса», кальчугi, нагруднiка, латных ног i рук, а таксама пальчатак «пясочны гадзiннiк». Усе дэталi мы майструем са сталi, таму iх агульная вага каля 25—30 кiлаграмаў, — працягвае Уладзiмiр Лячко. — Раней за даспехi можна было набыць не адну вёску. Зараз з сучасным тэхнiчным абсталяваннем зрабiць iх значна прасцей, але трэба мець i майстэрства, i здольнасцi, а таксама фантазiю. Толькi пляценне кальчугi, якая складаецца з не­калькiх тысячаў кольцаў, займае некалькi месяцаў.

Перш-наперш завязваю поясам на целе пурпуэн — кароткую мужчынскую куртку з доўгiмi рукавамi, вельмi падобную на целагрэйку. На яе з намаганнем нацягваю кальчугу. Добра, што ў мяне валасы кароткiя — маглi б зачапiцца за жалезныя кольцы. Наверх мне даюць лямеляр — даспех са сплеценых памiж сабою пласцiн. Рыцар экiпiраваны.

На галаву я надзеў каль, або, прасцей кажучы, падшлемнiк. На яго начапiў шлем. Апошняя рыска — жалезныя рукавiцы. У правай руцэ — меч, у левай — шчыт. Я цалкам «закансерваваны». Можна пачынаць шукаць прыгоды. Але доўга чакаць не прыйшлося — рыцар клуба вызваў мяне на паядынак.

Песнi мiнулага

Ужо перад бiтвай было вельмi спякотна. Не з-за страху, а з-за кiлаграмаў вопраткi, якую я начапiў на свае плечы. Мы скрыжавалi мячы. У памяшканнi пачуўся звон клiнкоў. Як i мае, так i ўдары сапернiка былi дакладнымi i моцнымi. Але ўмелае выкарыстанне шчытоў i жалезная абарона не дазвалялi выявiць пераможца. Тады я адкiнуў сваю зброю i схапiў баявую сякеру. У мяне з’явiлася перавага. Але гэта не дапамагло. Пасля рэзкага выбрыку я быў «забiты» маiм сапернiкам i з грукатам звалiўся на зямлю.

Аказваецца, самае складанае не бiцца, а зноў падняцца на ногi. Кiлаграмы жалеза цягнулi ўнiз. Толькi з дапамогай апанента я змог устаць. Пад даспехамi ўсё кiпела. Калi я зняў шлем, пот ручаём лiўся па твары. Не зразумела, як у сярэдневякоўi рыцары гадзiнамi i ў спякоту, i ў люты холад не здымалi абмундзiраванне. Трэба тэрмiнова прыдумаць спецыяльны кандыцыянер. Неўзабаве я распрануўся. Можна было трохi адпачыць. Раз­далiся гукi флейты, i загучала сярэдневяковая мелодыя.

— Мабыць, толькi ў нашым клубе ёсць сапраўдныя музыкi. У стара­жытнасцi мелодыя мела сакральны сэнс. Яна ўздзейнiчала на лю­дзей i была неабходным атрыбутам у бiтве, — распавядае музыка клуба Iгар Расолька. — Асабiста я iграю на духавых iнструментах. Рэпертуар складаецца з бар­лiнных, рэнесансных i народных кампа­зiцый балцкага рэгiёна.

Пад чароўныя гукi флейты я вырашыў: на сёння хопiць прыгод. Трэба адпраўляцца дахаты i гаiць атрыманыя раны. Пэўна, я яшчэ не гатовы для бiтваў у 30-кiлаграмовых даспехах. Але да наступнага года назапашу сiл: хутка будзе святкавацца 600-годдзе бiтвы пад Грунвальдам. Там я i прадэманструю ўсю сваю рыцарскую сiлу.

На здымку: аўтар у вобразе.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter