Са святлом дабра і ведаў.

Рэспубліканская культурна-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў” стартуе напярэдадні Дня пісьменства.

Рэспубліканская культурна-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў” стартуе напярэдадні Дня пісьменства.

Гэтая штогадовая экспедыцыя, у якой удзельнічаюць вядомыя дзеячы навукі, культуры, мастацтва, педагогі, прадстаўнікі міністэрстваў і духавенства, сёлета распачнецца 30 жніўня. За шэсць дзён удзельнікам экспедыцыі, якую па традыцыі асвеціць жыватворны агонь з храма Гроба Гасподняга ў Іерусаліме, давядзецца пераадолець шлях ад Мінска да сёлетняй сталіцы Дня пісьменства — Ганцавіч.

Маршрут будзе ляжаць праз Мілавіды Баранавіцкага раёна, Быцень Івацэвіцкага раёна, Дзівін Кобрынскага раёна, Тамашоўку Брэсцкага раёна, Маларыту, Драгічын, Валовель Драгічынскага раёна, Антопаль, Дзятлавічы Лунінецкага раёна, Бастынь і Малькавічы Ганцавіцкага раёна. Удзельнікі экспедыцыі будуць прыпыняцца не толькі ў храмах, але і ў школах, дамах-інтэрнатах, бібліятэках, несучы разам з жыватворным агнём святло ведаў.

— Гэта экспедыцыя — такі цуд! — гаворыць народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, якая ездзіць у “Дарогу да святыняў” з 94-га года. — Сэрца заліваецца радасцю — ад прыгажосці Беларусі, ад сустрэч з добрымі і шчырымі беларусамі. Як яны чакаюць гэты агонь! Сотні людзей прыходзяць да храмаў: дзеці, моладзь, старыя з кіёчкамі... Са шчаслівымі тварамі нясуць дадому свечкі, запаленыя ад жыватворнага агню, з надзеяй на дабрабыт і супакой у сваіх сем’ях. У кожную паездку саджаем сад малітвы: ці дубочкі, ці бярозкі, ці яблыні... Пры гэтым прысутнічае Уладыка Філарэт, духоўнікі, простыя жыхары.

Як расказала Марыя Георгіеўна, члены экспедыцыі сустракаюцца з людзьмі не толькі на плошчах ды ў храмах. Сустрэчы ладзяцца ў клубах, школах, дамах-інтэрнатах.

— Мы чытаем вершы, расказваем пра тэатр, літаратуру. Летась у Хойніках распавядала людзям пра Мележа, пра тое, як ставілі яго п’есы. Проста размаўляем з людзьмі, адказваем на іх пытанні, — расказвае артыстка. — Ведаеце, для жыхароў асабліва невялічкіх вёсак вельмі важна, каб з імі проста пагутарылі, выслухалі пра іх жыццё і турботы, пацікавіліся імі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter