Са свету па нітцы, з беларуса — па рублю

У краіне збіраюць грошы на экранізацыю чарговага твора Быкава
У краіне збіраюць грошы на экранізацыю чарговага твора Быкава.


На здымках трэйлера да фільма “Народныя мсціўцы”

Пра тое, што апавяданні і аповесці таленавітага беларускага пісьменніка Васіля Быкава лёгка кладуцца на мову кіно, сведчыць каля дваццаці фільмаў, знятых па іх матывах. Першая стужка “Трэцяя ракета” з’явілася яшчэ пры жыцці аўтара ў 1963 годзе, апошняя “У тумане” — чатыры гады таму, у 2012 годзе. І вось ёсць спадзяванні, што свет пабачыць новае кіно — паводле апавядання “Народныя мсціўцы”. Прычым на мове арыгінала. Праўда, ажыццявіцца гэта ў тым выпадку, калі неабыякавыя да беларускай культуры і мастацтва кіно людзі дапамогуць рублём. Ініцыятар праекта малады беларускі рэжысёр Аляксандр Меліхавец плануе сабраць дзякуючы краўдфандынгавай платформе talaka.by суму ў 12 000 беларускіх рублёў, або 6000 долараў. Да таго ж, усім, хто падтрымае праект, абяцае падзяку — ад каляндарыка з постарам фільма ці партрэтам Васіля Быкава да ролі ў фільме або пасады копрадзюсара стужкі. На момант напісання артыкула чвэрць сумы ўжо была сабрана.

Як прызнаецца Аляксандр наведвальнікам платформы talaka.by, ідэя зрабіць экранізацыю “Народных мсціўцаў” узнікла ў яго яшчэ ў 

2009 годзе. З таго часу ў сувязі з пэўнымі перашкодамі яна прайшла праз некалькі вытворчых этапаў, у выніку якіх быў зроблены трэйлер да не знятага пакуль фільма і пакладзены на паліцу шэраг працоўных матэрыялаў. Да канца гэтага года Аляксандр плануе давесці праект да завяршэння (перазняць цалкам з іншымі акцёрамі) і кінапаказу.

— Апавяданне Васіля Быкава “Народныя мсціўцы” малавядомае шырокаму чытачу. У той жа момант яно ўздымае шмат цікавых пытанняў маральнага выбару, заезджанай ужо “талерантнасці”, цярплівасці і г. д., — тлумачыць выбар твора малады рэжысёр. — Прычым праблематыка, моманты, якія разглядаюцца ў творы, характэрныя не толькі для беларусаў, яны ў прынцыпе агульначалавечыя. Да таго ж твор не пра вайну ці партызанаў, як можа падацца пасля прачытання назвы. Больш таго, назва сатырычная. У невялікім апавяданні наогул хапае вялікіх ідэй і пытанняў, якія кожны павінен сабе задаць. Хаця што казаць, гэта ж Быкаў.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter