Чем удивит Международный фестиваль народной музыки «Звіняць цымбалы і гармонік» в Поставах

Са смакам і каларытам

Міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» запрашае гасцей з 9 па 11 чэрвеня ў Паставы

Штогод у маляўнічым мястэчку беларускага Паазер'я праходзіць вялікі яскравы форум, сёлета ён прысвячаецца Году міру і стварэння. Праграма будзе насычанай, арганізатары падрыхтавалі нямала сюрпрызаў. Удзел у фестывалі прымуць больш за трыста музыкантаў з Беларусі, Расіі, Казахстана, Латвіі. Народную творчасць Кітая і Туркменістана прадставяць студэнты Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава. Замежныя калектывы зазірнуць з канцэртамі ў аграгарадкі Навасёлкі і Дунілавічы.


— За 33-гадовую гісторыю фестываль толькі два разы мяняў прапіску і праходзіў не ў Паставах, — адзначае начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пастаўскага райвыканкама, дырэктар фестывалю Галіна Чаплінская. — Ён даўно стаў візітнай карткай Паазер'я і ўсёй краіны. Стараемся прывабліваць моладзь, далучаем яе да спрадвечнай беларускай спадчыны, шукаем новыя формы ўзаемадзеяння з юным пакаленнем.

Сёлета Паставы святкуюць мноства юбілейных дат. Напрыклад, 290 гадоў з дня нараджэння былога гаспадара горада Антонія Тызенгаўза. На прыступках палаца Тызенгаўзаў адбудзецца канцэрт, падрыхтаваны навучэнцамі Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Яшчэ адна круглая дата — 90 гадоў з дня нараджэння мясцовай паэткі Ніны Захарэвіч, якая шмат твораў прысвяціла фестывалю і гораду. Песні на яе вершы — у рэпертуарах шматлікіх народных калектываў.

Груздаўскі цымбальны аркестр, дзякуючы якому на Пастаўшчыне і з'явіўся Міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік», створаны 65 гадоў таму. Аркестру адвялі асобную фестывальную старонку. Яшчэ адзін юбілей, сярэбраны, адзначыць мясцовы Дом рамёстваў. З гэтай нагоды арганізуецца выстава народнага майстра Беларусі Таццяны Петух.

Як расказала Галіна Чаплінская, у час форуму пройдзе традыцыйны конкурс калектываў і асобных выканаўцаў на народных інструментах «Хто каго?». У складзе журы — кампазітар, народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік заслужанага калектыву Беларусі ансамбля народнай музыкі «Бяседа» Леанід Захлеўны, саліст Беларускай дзяржаўнай філармоніі, выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў Вячаслаў Плігаўка, іншыя дзеячы культуры краіны. Узначаліць журы народны артыст Беларусі, прафесар кафедры струнных народных шчыпкова-ўдарных інструментаў, старшыня Асацыяцыі беларускіх цымбалістаў Яўгеній Гладкоў.

kuzmich@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter