Сімволіка левага і правага

Адным з найбольш пашыраных процістаянняў у міфапаэтычнай мадэлі свету, абрадавай практыцы і гаспадарчай дзейнасці было супрацьпастаўленне мужчынскага і жаночага пачаткаў, якія ў сістэме прасторавых каардынат заўсёды сімвалізавалі правы і левы бакі.

* Прыярытэтным у традыцыйнай культуры лічыцца рух злева направа, у аснове якога ляжыць вызначальная прыродна-касмічная з`ява: рух Сонца па небасхіле. Сёння нават школьнікі малодшых класаў ведаюць, што Зямля круціцца вакол сваёй восі ўлева.
* "Ты што, сёння не з той нагі ўстаў?" Звычай прадпісваў: устаючы раніцай з ложка, неабходна спачатку ступаць на правую нагу, а потым — на левую. Нашы прашчуры верылі, што дакладнае выкананне гэтага правіла, гарантавала паспяховае развіццё падзей на працягу ўсяго дня.
* "Праўда заўсёды справа". У дахрысціянскія часы ў культуры старажытных славян бог, які ўвасабляў усеагульны справядлівы закон, устаноўлены Дажджбогам, меў імя "Правь". Ад яго назвы ўзніклі іншыя словы, якія характарызуюць  станоўчы пачатак у нашым жыцці: праўда, праўдз-івы, прав-ільны, вы-прав-іць, у-праў-ленне.... 
* Адна са старажытных навук пра чалавека — хірамантыя — прадказанне лёсу чалавека  па лініях рукі і выгібах вушной ракавіны — сведчыць пра тое, што на левай руцэ прырода адлюстравала  запраграмаванае быццё чалавека, г.зн. малюнак долі, з якой ён прыходзіць у гэты свет. На правай — яго развіццё, той канчатковы шлях, які ён пераадолее на працягу ўсяго зямнога існавання. 
* Першыя  дзеянні ў жыцці толькі што народжанага чалавека стараліся рабіць на правы бок: дзіця клалі ў калыску на правы бок, прыкладвалі да правай цыцкі маці і г.д. Гэтым самым людзі жадалі, каб дзіця развівалася ў адпаведнасці з традыцыйнымі ўяўленнямі аб шчаслівай долі.
* Вопытныя рыбакі і паляўнічыя  раілі на рыбалцы ці на паляванні распачынаць усе неабходныя прыгатаванні.з правай рукі.
* Добрая гаспадыня ведае, што стол заўсёды павінен быць засланы абрусам. Пры гэтым строга сачылі за тым, якім бокам ён засцелены: адваротны або "левы" бок абруса заўсёды сімвалізаваў "выключнасць" (рытуальнае выключэнне) з паўсядзённага жыцця. "Левым" бокам абрус засцілалі толькі на  памінальны стол.
* Да нашага часу жыве прыкмета: калі чалавек зачапіўся за парог правай нагой — усё будзе добра, калі левай — наадварот.
* Лічыцца, што на нашым правым плячы "знаходзіцца" анёл-ахоўнік, на левым — д`ябал-спакуснік. Для таго каб засцерагчыся ад нячыстай сілы, у народзе раілі тройчы плюнуць цераз левае плячо. Менавіта таму маладыя, якіх на парозе дома сустрэлі бацькі, вылівалі гарэлку цераз левае плячо.
* Разумная гаспадыня, каб пазбегнуць непрыемнасцей у хаце з-за таго, што нехта прасыпаў соль, павінна была кінуць цераз левае плячо некалькі драбінак той самай солі.
* Правае і левае — мужчынскае і жаночае. Адным з найбольш распаўсюджаных прыкладаў супрацьпастаўлення правага і левага з`яўляюцца тыя шматлікія кантэксты, у якіх маркіруецца  мужчынскі (правае) і жаночы (левае) пачатак. Як пацвярджэнне — адно з  галоўных адрозненняў мужчынскага (зашпільваецца на правы бок) і жаночага (зашпільваецца на левы бок) адзення.
* Здаўна на Беларусі сватоў, як самых ганаровых гасцей вяселля, перавязвалі ручнікамі: свата — з левага пляча пад правую руку, а сваццю — цераз правае плячо пад левую руку. І калі ўлічыць, што сваты стануць побач, то іх ручнікі ўтвораць сімвалічную "браму" шчасця (ра-дугу).  
* Памерлага мужчыну да таго часу, пакуль не падрыхтуюць труну, клалі на лаву, якая стаяла справа ад уваходу, памерлую жанчыну — на тую, што знаходзілася злева ад уваходу.
* Па першых рухах дзіцяці цяжарная жанчына магла прадказаць пол будучага дзіцяці: калі першае шавяленне яна адчуе з правага боку — народзіцца хлопчык, калі ж з левага — спадзяваліся, што будзе дзяўчынка.
* У праваслаўных храмах уся сакральная прастора таксама падзяляецца на жаночую (левую) палову, у якой знаходзіцца вобраз Багародзіцы, і на мужчынскую (правую), у якой рытуальным цэнтрам з`яўляецца выява раскрыжаванага Хрыста.  Таму зусім невыпадкова жанчыны, якія прыйшлі ў храм,  займаюць левую, "жаночую" палову храма, мужчыны — правую, "мужчынскую".
* За вясельным сталом жаніх і нявеста садзіліся так, як яны стаялі ў храме пад час вянчання (нявеста злева ад жаніха). Цікава, але муж і жонка, калі жадалі жыць ў любові і згодзе,  павінны былі на працягу ўсяго жыцця захоўваць гэтае размяшчэнне. Нават ноччу муж і жонка павінны былі спаць так, каб жонка знаходзілася злева!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter