Сімволіка колеру ў беларускай народнай культуры

Калі завяршаўся выкуп нявесты, бацька абвязваў дачку ручніком і тройчы абводзіў яе вакол стала — сакральнага месца, за якім збіраецца сям’я. Прычым нявеста была абвязана белай часткай ручніка (яна памірала для гэтай сям’і, пераходзіла ў іншую), а бацька трымаўся за яго чырвоныя канцы: ён заставаўся тут.

(Заканчэнне. Пачатак у № 207, 208.)

* У час вянчання маладыя стаялі ў храме на белай частцы бела-чырвона-белага ручніка: паміралі ў статусе “хлопец і дзяўчына” (адно чырвонае поле ручніка) і перанараджаліся ў “мужчыну і жанчыну” (супрацьлеглае чырвонае поле таго ж ручніка) праз трохдзённае існаванне ў намінацыі “жаніх і нявеста” (тая пераходная — белая — зона абрадавага ручніка, на якім яны перажываюць перанараджэнне ў час вянчання).
* Калі з хаты нявесты выходзілі маладыя, бацькі рабілі каля парога арку з ручніка і двух боханаў хлеба, кожны з якіх быў загорнуты ў чырвоныя (ніжнія) часткі ручніка. Утваралася “трыумфальная” арка (брама, радуга (вясёлка), падкова на шчасце), з-пад якой павінны дачка-нявеста і будучы зяць накіравацца ў новае жыццё.
* Выходзячы з храма, хросны бацька жаніха ці нявесты звязваў маладым рукі поясам-абярэгам чырвонага колеру.
* Маладыя ў час вяселля сядзелі ў “чырвоным” куце.
* Пасля першай шлюбнай ночы ў адзенні жаніха і нявесты дамініраваў чырвоны колер.
* Вясельны стол завяршаўся падзелам каравая, які пад усеагульнае благаславенне выносілі хросныя бацькі. Ручнік слалі так, каб каравай абавязкова знаходзіўся на яго чырвонай частцы.
* Галоўныя ўдзельнікі вясельнага абраду — жаніх і нявеста — знаходзіліся ў стане пераходу, таму павінны былі апрануць адзенне белага колеру. Прычым не толькі нявеста, але і жаніх. Калі зірнуць на фотаздымкі мінулых гадоў, прыйсці ў музей этнаграфіі і фальклору, мы ўбачым там светлае адзенне жаніха і нявесты. Але: на сукенцы нявесты — на рукавах, грудзіне — будуць вышытыя шырокія чырвоныя палосы-абярэгі, а жывот будзе “закрываць” фартух з чырвонымі рысамі. У жаніха да светлай кашулі і штаноў будзе дададзены шырокі пояс з яркім чырвоным арнаментам па краях.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter