Сімволіка колеру ў беларускай народнай культуры

Усе прыведзеныя ў папярэдняй публікацыі прыклады выкарыстання этнакультурных атрыбутаў у рытуалах дазваляюць зрабіць выснову, што белы колер сімвалізаваў смутак, жалобу, смерць. Гэта універсальны сімвал пераходу ў іншы стан. Калі зазірнуць у казкі, белы колер там — колер Свету Вечнасці, у якім “смерць — жанчына ў белым саване, з доўгімі валасамі, вандруе па палях і з’яўляецца людзям у снах”. А ў народзе здаўна жывуць такія выслоўі: “Белы як смерць” ці “Бачыў я цябе ў труне ў белых тапках”. Так, менавіта ў “белых тапках” (лапцях) хавалі нашых продкаў.

(Працяг. Пачатак у № 207.)

Становіцца зразумелым, што ўсе рытуальныя моманты, звязаныя са смерцю чалавека, з яго пераходам з аднаго стану ў іншы стан, маркіраваліся белым колерам. Але ж такім самым пераходам з аднаго свету ў другі, з аднаго стану ў другі стан з’яўляюцца і нараджэнне, і хрышчэнне дзіцяці, а таксама падрыхтоўка і правядзенне вясельнай урачыстасці.
Разам з тым, як вы ўжо заўважылі, побач з белым заўсёды прысутнічаў чырвоны колер — колер жыцця, самы надзейны і самы распаўсюджаны абярэг. Усё тое, што неабходна было захаваць, абараніць і пакінуць у стане спакою ці стабільнасці, знаходзілася ў шчыльным кантакце з чырвоным колерам: хлеб, рукі маці ці бацькі, дзіця і г.д.
У народнай медыцыне наяўнасць рэчаў чырвонага колеру была складовай часткай пры лячэнні рожыстага запалення, спалохаў, сурокаў, рэўматызму і г.д. Абярэгамі хаты сталі чырвонае велікоднае яйка, галінка рабіны, сарваная 21 верасня. Самым надзейным абярэгам для чалавека з’яўлялася чырвоная нітка ці чырвоны пояс. Святым месцам у хаце быў “чырвоны” кут.
Калі праз прызму ўсяго вышэйзгаданага паглядзець на асноўныя рытуальныя дзеянні правядзення вясельнага абраду, то можна ўбачыць такую заканамернасць: усе дзеянні, звязаныя з жаніхом і нявестай (тымі, хто перажывае рытуальную “смерць” і пераходзіць у новы статус), будуць пазначаны белым колерам, усё тое, што звязана з бацькамі, хатай, хлебам (тымі, хто не змяняе свой статус), будзе прамаркіравана чырвоным колерам.

(Заканчэнне будзе.)

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter