Сілай аўтарытэту

У будынку Налібацкага сельскага Савета Стаўбцоўскага раёна ўвагу кожнага наведвальніка прыцягнуць дзверы з ёмкай шыльдай — “Адно акно”. Убачыць такую сёння — не навіна. Але таму, як ажыццяўляецца прынцып такой работы, тут можна павучыцца.

Старшыня сельвыканкама Святлана Лукашэвіч нам пра гэта не расказвае, а паказвае, аб’язджаючы разам з намі вёскі сельсавета. Гаспадары выходзяць насустрач Святлане Леанідаўне хоць і з праблемамі, але з радасцю. Баляслаў Адольфавіч і Станіслава Францаўна Нецка (на здымку) таксама паспяшаліся прыветна сустрэць Святлану Лукашэвіч. А заехалі мы да іх, каб паглядзець: якія ў Налібаках дамы ўзорнага парадку. Цікава, што на падворку ў Нецкаў не адзін дом, а цэлыя тры. Былыя гаспадарчыя пабудовы, напрыклад, летнюю кухню, дзеці так адрэстаўрыравалі пад “еўра”, што не ведаеш, як і ступіць — усё зроблена да бляску. У Баляслава Адольфавіча і Станіславы Францаўны чацвёра дзяцей, жывуць у Мінску. Ці трэба гаварыць, як дорага гараджанам гэта вясковае прыволле, бацькоўскі дом. Вось і вырашылі яны ўкласці сілы і грошы, каб усё давесці да ладу і пад свой густ. Дзяўчаты, тры дачкі і ўнучкі, развялі разарый — цэлы батанічны сад. Злучае сталіцу з Налібакамі асфальтаваная дарога да самага дома, хоць гэта — глыбінка раёна. Летам збіраюцца ўсе — у кожнага свае пакоі. Як міласць Божую расцэньваюць бацькі такое вялікае і дружнае сямейства. Самі яны пражылі нялёгкае жыццё. Налібакі ў вайну былі пад акупацыяй. Многія жыхары былі вывезены ў Нямеччыну, у тым ліку і Баляслаў Адольфавіч разам з бацькамі.
Святлана Лукашэвіч расказвае, што Налібацкі сельсавет у Стаўбцоўскім раёне па тэрыторыі — самы вялікі. І па населеных пунктах вельмі кантрастны: Налібакі з кожным годам разрастаюцца, а на некаторых хутарах, як Барысаўка ці Кромань, засталося па аднаму жыхару. Не мінула мясцовую ўладу і праблема пустых дамоў. Сталі практыкаваць такі вопыт. У апошні час нямала жадаючых на ўчасткі: хтосьці мяркуе будавацца, а нехта хоча мець кавалак зямлі пад пасадку бульбы не ў полі севаабароту, а побач з домам. Сельсавет выдзяляе тыя пляцы, дзе стаяць хаты пад знос. І ўсіх задавальняе патрабаванне ачысціць іх сваімі сіламі.
У старшыні клопат пра сацыяльнае развіццё вёскі — першачарговы. Думае: каго б падключыць, каб на незанятых плошчах гандлёвага цэнтра абсталяваць кафэ —  у  Налібаках шмат маладых сем’яў, кожны год спраўляюцца наваселлі. Свой тут вопыт работы і са старастамі. У іх ліку — былыя кіраўнікі прадпрыемстваў, мясцовая інтэлігенцыя з ліку педагогаў, медыкаў, хто мае яшчэ сілы і жаданне для актыўнай грамадскай работы.
Не застаюцца без увагі і пажылыя людзі, якіх найбольш сёння ў вёсках сельсавета. Трэба забяспечыць іх бульбай, гароднінай, палівам... На тэрыторыі сельсавета працуюць прыватныя і дзяржаўныя піларамы. У сельвыканкама ёсць дамоўленасць з уладальнікамі іх на бясплатную пастаўку штыкетніку. Абнавіліся, упрыгожыліся новымі платамі вясковыя вуліцы.
Цікава пачуць, што Налібоцкая пушча прыцягвае арганізатараў турыстычнага бізнесу. У апошні час у маляўнічых ваколіцах сталі працаваць тры аб’екты агратурызму — на хутары Кромань, у Рудні Налібоцкай і ў Несцеравічах, былым хутары Стокі.
Старшыню радуе, што ў праваслаўных і католікаў ёсць свае храмы. Святлана Лукашэвіч трымае цесную сувязь са свяшчэннаслужыцелямі, ёсць стасункі з кіраўнікамі мясцовых прадпрыемстваў і арганізацый. Без іх падтрымкі цяжка было б кіраўніку мясцовай улады будаваць планы і ажыццяўляць іх. Аўтарытэт Святланы Лукашэвіч дапамагае ёй увайсці ў любыя структуры і быць пачутай.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter