Парк высокіх тэхналогій ператварыў Беларусь у буйнейшага ІT-пастаўшчыка ў Еўропе

Сіліконавая даліна па-беларуску

Парк высокіх тэхналогій ператварыў Беларусь у буйнейшага ІT-пастаўшчыка ў Еўропе


Абітурыент адной з самых прэстыжных мінскіх ВНУ, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, Максім Дземчанка не хавае, чаму хоча вучыцца тут: “Універсітэт цесна звязаны з ІT-кампаніямі, і работу потым можна знайсці без праблем. Хачу жыць і працаваць у Мінску, як мае сябры, разлічваю трапіць у адну з кампаній — рэзідэнтаў Парку высокіх тэхналогій”.


Работа за мяжой маладога беларуса не прыцягвае.

— Мой дзядзя з жонкай паехалі ў ЗША ў сярэдзіне 1990-х. Тады сярод рэкрутаў буйнейшых ІT-кампаній менавіта беларусы і расіяне цаніліся за загадкавую і непаўторную славянскую кемлівасць: здольнасць нестандартна думаць і знаходзіць прафесійнае рашэнне, здавалася б, у безнадзейных сітуацыях, — расказвае хлопец. — Ехалі яны падзарабіць, накапіць на кватэру і вярнуцца назад. На “першапачатковае накапленне капіталу” пайшло гадоў пяць, а за гэты час з’явіліся дзеці, выстраілася кар’ера… Ды і вяртацца ў 2000 годзе ім было толькі ў сваю кватэру, дастойнай працы для іх кваліфікацыі ў Мінску тады проста не было. А цяпер жа ўсё па-іншаму.

З уцечкай мазгоў пакончана?


І сапраўды, сітуацыя змянілася ў корані. І перш за ўсё таму, што ў краіне з’явілася свая вельмі сур’ёзная ІT-індустрыя. Парк высокіх тэхналогій ператварыў Беларусь у аднаго з буйнейшых вытворцаў праграмнага забеспячэння ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.

Створаны ў верасні 2005 года дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Парк высокіх тэхналогій (ПВТ) ужо зарабіў свой першы доларавы мільярд.

Цяпер штогод парк экспартуе на паўмільярда долараў (летась — больш за 585 мільёнаў) сваёй прадукцыі і паслуг па ўсім свеце. “Мы забяспе-чылі летась 44 працэнты прыросту экспарту паслуг у аплатным балансе краіны”, — з гонарам паведамляе дырэктар парку Валерый Цапкала. Ён стаяў ля вытокаў гэтага грандыёзнага і паспяховага праекта.

У свой час былому памочніку Прэзідэнта і паслу Беларусі ў ЗША больш за год давялося даказваць, чаму ў Беларусі неабходныя шчодрыя падатковыя і іншыя прэферэнцыі для ІT-галіны і спецыяльная тэрыторыя для хай-тэк кампаній. Тым больш што краіна захавала высокі ўзровень сістэмы падрыхтоўкі кадраў у галіне электронікі і радыётэхнікі.

А каб мазгі не ўцякалі за мяжу, былі створаныя спрыяльныя ўмовы для развіцця індустрыі праграмавання, нарошчвання экспартных вытворчасцяў, заснаваных на высокіх тэхналогіях. А навошта з’язджаць, калі маладыя разумныя галовы могуць дома мець і дастойную працу, і такую ж аплату!

Сярэдняя зарплата па галіне ІT — ад тысячы еўра. Гэта і для Мінска нядрэнна. А ўжо ў абласных цэнтрах Беларусі з такімі заробкамі можна без праблем ісці ў банк па любы крэдыт, будаваць дом, будаваць сваю будучыню. Зарплата ў праграмістаў Парку высокіх тэхналогій адна з самых высокіх у Беларусі. Зрэшты, яна вышэйшая, чым у іх калег з большасці краін Усходняй Еўропы. У лепшых кампаніях парку з задавальненнем працуюць спецыялісты з Расіі, Еўропы, Амерыкі, Японіі.

Сёння ў ПВТ больш за ўсё ганарацца тым, што сабралі пад адным дахам каманду сапраўдных прафесіяналаў.

Намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Віктар Гумінскі (злева) і дырэктар адміністрацыі Парку высокіх тэхналогій Валерый Цапкала. Пра тактыку і стратэгію.

У асяроддзі бізнесменаў, якія працуюць у сферы інфармацыйных тэхналогій, з’явіўся афарызм: калі ў вас ёсць якая-небудзь работа, адпраўце яе ў Індыю; калі ў вас ёсць складаная работа — даручыце яе Амерыцы; калі ж у вас з’явілася работа, якую немагчыма выканаць, — адпраўце яе ў Беларусь Гендырэктар, сузаснавальнік інвестыцыйнай кампаніі

Siguler Guff & Company Дру Гаф
Парк віртуальнага перыяду

Ёсць у тэхнапарку і свая адметнасць: у адрозненне ад большасці еўрапейскіх і азіяцкіх “сабратаў” мінскі ПВТ — віртуальны. Гэта азначае, што яго прававы рэжым дзейнічае на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Гэта значыць, вы можаце зарэгістравацца ў якасці рэзідэнта і выкарыстоўваць усе перавагі. Прычым ваш офіс можа размяшчацца дзе хочаш: у абласным цэнтры або на хутары. Як адзначыў падчас прэс-канферэнцыі па выніках 2014 года дырэктар Валерый Цапкала, такі падыход дае магчымасць у поўнай меры выкарыстаць адукацыйны, навукова-даследчы, прафесійны і інфраструктурны патэнцыял краіны:

— Кампаніі — рэзідэнты ПВТ актыўна ўдзельнічаюць у рэалізацыі буйных навукаёмістых праектаў і мадэрнізацыі прамысловасці. Пры гэтым 88 працэнтаў агульнага аб’ёму ПВТ ідзе на экспарт. Нашымі заказчыкамі з’яў-ляюцца кампаніі з 56 дзяржаў свету. У структуры экспарту 43,5 працэнта прыпадае на краіны Заходняй Еўропы, 40,1 працэнта — на ЗША, 14,4 працэнта — на краіны СНД.

Заўважым пры гэтым, што адзін праграміст Парку высокіх тэхналогій сёння дае такую ж дабаўленую вартасць, як і паўсотні работнікаў вядучых прамысловых прадпрыемстваў краіны. Бо калі ў экспарце таго ж трактарнага або аўтамабільнага завода значную долю займае прамежкавы імпарт, то ў ПВТ яго практычна няма зусім. Гэта значыць уплыў ПВТ на эканоміку краіны з кожным годам усё больш істотны.

Нядаўняе адкрыццё бізнес-інкубатара ПВТ — адна з галоўных задач 2015 года. У планах — стварыць самую вялікую пляцоўку на постсавецкай прасторы, а магчыма, і ў Еўропе, для зносінаў і сумеснай дзейнасці фрылансераў, аддаленых супрацоўнікаў, праграмістаў і дызайнераў.



Толькі лічбы

Летась парк прыцягнуў 34,3 мільёна долараў прамых замежных інвестыцый. Цяпер тут працуюць 137 кампаній-рэзідэнтаў. 58 з іх (42 працэнты) заснаваныя беларускімі інвестарамі, 46 кампаній (34 працэнты) — замежнымі і 33 кампаніі (24 працэнты) з’яўляюцца сумеснымі камерцыйнымі арганізацыямі. Агульная колькасць супрацоўнікаў перавысіла 20 тысяч чалавек.
Вольга Бябеніна
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter