Садавод — селекцыянер Іван Сікора вывеў 500 сартоў яблынь, 100 — груш, 70 — сліў, 116 — арэхаў

Сікораўскай душы часцінка...

Невялiчкая вёсачка Малыя Алашкі на Шаркаўшчыне вядома далёка за межамі краіны. Тут жыў і працаваў знакаміты садавод — селекцыянер Іван Сікора. Амаль за паўстагоддзя ён вывеў 500 сартоў яблынь, 100 — груш, 70 — сліў, 116 — арэхаў. Вяршыняй творчай работы садовода стаў гібрыд яблыні пад нумарам 1337, які на міжнароднай дэгустацыі ў Рыме атрымаў самы вышэйшы бал — 10. Плады гэтага сорту вельмі смачныя і надта лёжкія: выдатна захоўваюцца ў звычайных умовах да лета. Гэты сорт у гонар яго стваральніка назвалі «Памяць Сікоры».

Унучка садавода Галіна СІКОРА дорыць на фестывалі яблыкі з дзедаўскага саду старшыні Шаркаўшчынскага райвыканкама Мікалаю БАГОВІЧУ.

А яшчэ кожны год у канцы жніўня ў гонар славутага земляка праводзяць ў Малых Алашках традыцыйнае раённае свята «Светлы яблычны Спас — Сікораўскай душы часцінка». На яго збіраецца не толькі тутэйшы люд, але і прыязджаюць госці з усёй Беларусі, блізкага і далёкага замежжа. Яны наведваюць музеі Івана Сікоры, якіх цяпер два, слухаюць успаміны людзей, якія ведалі садавода, смакуюць плады з яго саду.

Менавіта дзякуючы гэтаму фестывалю шаркаўшчынцы нядаўна сталі прызёрамі V міжнароднага форума: «Імідж рэспублікі Беларусь: ствараем і рэалізуем праекты». З 40 удзельнікаў яны прапусцілі наперад толькі гарады Брэст і Ліда, і не толькі даказалі, чаму брэнд Шаркаўшчынскага раёна — яблык, але і пачаставалі ім гасцей.

Заўважу: у друку часцей за ўсё з’яўляюцца матэрыялы аб доследах садавода-самавучкі. Але застаецца і шмат пытанняў. Чаму селекцыянер, які вывеў каля тысячы сартоў фруктаў, гародніны, кветак, запатэнтаваў толькі адзін сорт? Чаму яму, выдатнаму педагогу (гэта яго асноўная прафесія), не давалі працаваць у школе? Аб чым расказвае перапіска Івана Сікоры з пісьменнікам Міхасём Машарай? Дзе знаходзіцца партрэт Льва Талстога, падпісаны асабіста Сікоры? Чаму хату, дзе жыў знакаміты садавод, хацелі разабраць на дровы? Як на лёс Івана Паўлавіча паўплывала яго жаніцьба на жанчыне, якая была на 39 год маладзей за яго? На гэтыя і іншыя пытанні мы адкажам чытачам у бліжэйшых нумарах газеты.

Фота з архіва аўтара
saulich@bk.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter